Амаль кожнаму з нас не раз прыходзілася ехаць цягніком. Грукат колаў, своеасаблівая атмасфера ў вагоне, за акном — бязмежныя лясныя і палявыя прасторы. І не кожны задумваецца над тым, што камфортнае адчуванне падчас паездкі ў многім залежыць і ад якасці чыгуначнага палатна.
На першы погляд, гэта вельмі простая канструкцыя, але менавіта яна забяспечвае рух шматтонных цягнікоў. Каб магістраль працавала бесперабойна, яе трэба ўтрымліваць у парадку. Гэтым займаюцца пуцейцы, якія ў любы час сутак нясуць адказнасць за бяспеку чыгункі.
Брыгаду № 1 восьмага акалотка Бабруйскай дыстанцыі пуці, які размешчаны ў Татарцы, узначальвае Святаслаў Камейка, — чалавек вопытны, стаж работы — 15 гадоў.
Нарадзіўся і вырас ён у Татарцы. Тут жа закончыў мясцовую школу. Адслужыў тэрміновую службу і вярнуўся ў родныя мясціны. Па-рознаму складваўся працоўны шлях, пакуль у 1996 годзе Святаслаў Віктаравіч не прыйшоў працаваць на чыгунку. За гэты час стаў прафесіяналам, у 2001 годзе быў прызначаны брыгадзірам. На яго плячах — адказнасць за работу падначаленых.
Галоўны паказчык якаснага выканання абавязкаў — бальнасць пуцей.
— Стараемся працаваць сумленна, — гаворыць Камейка, — бо ад гэтага залежыць і бяспека на чыгунцы, і наша зарплата. Бягучае ўтрыманне ў належным стане пуцей не перарываецца круглы год. Абслугоўваемы брыгадай участак складае каля 10 кіламетраў — ад станцыі Татарка да Брадзішча. Асабліва напружаны час — вясна. Пасля зімы падгнілі многія шпалы, якія трэба замяніць на новыя. Прычым на месцы работы не павінна застацца ніякага смецця. Акрамя гэтага, штомесячна па пуцях праходзіць вагон-вымяральнік, які кантралюе бяспеку стану чыгуначнага палатна і выдае інфармацыю аб розных парушэннях на дарозе. Наша задача — своечасова іх выправіць. Іншы раз прыходзіцца працаваць і ноччу, а гэта патрабуе ад чалавека пастаяннай напружанасці і працаздольнасці.