3 снежня — Міжнародны дзень інвалідаў Адзінае на Магілёўшчыне
Людзям, якія маюць пэўныя абмежаванні па стану здароўя, вельмі
цяжка знайсці работу, таму добра, што ў горадзе створана УВП “Тэхпрам”
Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання інвалідаў. Функцыянуе прадпрыемства
з 1996 года, займаецца пашывам спецыяльнага адзення, форменнага адзення пад заказ,
турыстычнага рыштунку.
…На ўчастку дзелавіта стракочуць швейныя машынкі. Працаўніцы
напрактыкаванымі рухамі падганяюць дэталі, замацоўваюць злучэнне швом. Працуюць
з жартамі і смехам. Дарэчы, шыюць не толькі жанчыны. Заўважаю прадстаўніка моцнага
полу, які раскладае дэталі крою на стале. Рэйс Ямалдзінаў — былы экскаватаршчык,
сам адрэгуляваў машынку для ўласнай зручнасці і выдатна спраўляецца з “жаночай”
работай.
Наогул на прадпрыемстве працуюць 47 чалавек, з іх 11 — мужчыны.
Большая частка рабочых мае групу інваліднасці, для іх падбіраецца пасільная нагрузка.
Каля 90 працэнтаў робіць на пашыве, ёсць участкі вырабу рытуальнай прадукцыі і нават
па нарыхтоўцы венікаў.
Асіповіцкія швачкі “апранаюць” амаль усю краіну. Заказваюць
форменнае адзенне тут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, інспекцыя прыродных
рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, завод “Атлант”. Мясцовых працаўнікоў
забяспечваюць спецадзеннем у поўным аб’ёме. У складзе гатовай прадукцыі можна заўважыць
курткі з надпісам “Райсервис”, “Стеклозавод “Елизово”,
“ДРСУ № 199”, “Сонца”…
Тэхнолаг-закройшчык Жанна Ніамедзі дэманструе адзенне, тлумачыць,
што дызайн распрацоўваецца сумесна з кіраўніцтвам заказчыкаў. Клапоцяцца, каб формы
розніліся, мелі адметны знешні выгляд. Адзенне шыецца на ўсе поры года: і лёгкае
летняе, і што сагравае ў суровы зімовы дзень. Улічваюцца асаблівасці работы прадпрыемстваў.
Так, дарожнікі, камунальнікі, леснікі павінны мець больш цёплую вопратку, чым тыя,
каму даводзіцца выконваць свае службовыя абавязкі ў памяшканні, якое ацяпляецца.
Зараз тут самы прадукцыйны час: з верасня па снежань колькасць
заказаў заўсёды ўзрастае, таму ўсе працуюць напружана. Абсталяванне зручнае, пастаянна
набываецца штосьці новае. Акрамя швейных, ёсць спецыяльныя машынкі, якія прызначаны
для выканання пэўнай аперацыі, напрыклад, пяцельныя — для абмёткі пецель.
З рэалізацыяй рытуальнай прадукцыі крыху цяжэй: у раёне сур’ёзная
канкурэнцыя. Але кіраўніцтва знаходзіць іншыя рынкі збыту: заключае дагаворы з гандлярамі
Валожына, Клічава, Чэрвеня, іншых райцэнтраў.
За студзень-верасень тут рэалізавалі прадукцыі на 890 мільёнаў
рублёў. Працуе “Тэхпрам” з прыбыткам, зарплаты для рэгіёна някепскія.
Старанная швачка, да прыкладу, атрымлівае больш за 3 мільёны ў месяц. Часта на работу
прыходзяць людзі, якія не маюць патрэбных навыкаў, — яны на месцы праходзяць навучанне.
Цякучкі ў калектыве няма, у чым не апошнюю ролю іграе той факт, што адчуваюць сябе
людзі кам-фортна. Клапоцяцца на прадпрыемстве аб іх здароўі, калі трэба каму на
кансультацыю да ўрача — і машыну дадуць, і дапамогу акажуць.
Але не работай адной
жывуць гэтыя людзі. Стварылі свой танцавальны калектыў пад кіраўніцтвам Таццяны
Зінавенка і ўмацоў-ваюць здароўе з дапамогай рытмічных рухаў. З яркімі музычнымі
нумарамі выступалі не толькі ў родным горадзе, але і за яго межамі. Аб удалым удзеле
ў фестывалі “Славянскі базар” нагадвае фотаздымак, на якім занатаваны
момант атрымання Дыплома I ступені з рук народнага артыста Беларусі Iгара Лучанка.
Цікава, што ансамбль носіць назву “Какетка”, якая не толькі характарызуе
артыстак, але і адлюстроўвае род іх дзейнасці: какетка — дэталь крою.
Калі дырэктар Iван Цімчанка расказвае аб калектыве, то адзначае,
што цудоўна працуюць усе: “Асабліва шчыруюць Ала Юрачкіна, Людвіга Крукоўская,
Валянціна Кірэйчанка. А без галоўнага бухгалтара Алены Шарамет і намесніка дырэктара
па вытворчасці Алены Цімчанка наогул як без рук. Вельмі творчы ў нас і вопытны тэхнолаг-закройшчык
Жанна Ніамедзі”.
Да слова, падобнае прадпрыемства — адзінае ў вобласці. I яно
і работнікам неабходнае, і спажыўцамі запатрабаванае.
Iна ЗаскевIч.