Жыхар Асіповіцкага раёна Ігар Макейчык — стралок ваенізаванай аховы

Жыхар Асіповіцкага раёна Ігар Макейчык — стралок ваенізаванай аховы

Ад дому да месца службы стралку ваенізаванай аховы аб’екта “Чыгуначны мост на станцыі Ялізава” Ігару Макейчыку ісці недзе паўтара кіламетра. Па сёлетняй сухой і ціхай восені атрымліваецца цудоўная прагулка, падчас якой прыемна “паразмаўляць за жыццё”.

— Наш мост адзіны ў раёне, які мае ўласных “сек’юрыці”. Раней з яго аховай было зусім строга — пра тое нагадваюць палявыя ўмацаванні паабапал насыпу. Сёння акопы ды доты хутчэй маюць мемарыяльны сэнс, утвараючы разам з помнікам загінуўшым пры вызваленні Ялізава танкістам мініяцюрную “Лінію Сталіна”. Ды і зямля вакол моста засыпана жалезам ваеннага часу. Пераважна — гільзы, але не толькі. Нядаўна, падчас рамонтных работ, у насыпе знайшлі баявую гранату…

Вартаўнікі на мосце будуць запатрабаваныя заўсёды: без іх бяспеку руху ў гэтым месцы чыгункі Асіповічы-Магілёў забяспечыць немагчыма. Прычын таму нямала, але адна ў поўным сэнсе мясцова-спецыфічная. З клічаўскага боку Бярэзіны лясы некранутыя, грыбоў ды ягад мноства, таму спакуса для ялізаўчан патрапіць туды вялікая. Усе ведаюць, што праход па мосце забаронены, аднак раз-пораз хтосьці спрабуе дамовіцца з вартавымі. Натуральна, безвынікова: прапускны рэжым жорсткі і выключэнняў не прадугледжвае. Звычайна адмоўны адказ успрымаецца з разуменнем, але ж чалавек — істота непрадказальная. Неяк пасля адмоўнага адказу асабліва ўпарты грыбнік выкраў лодку. Калі яго затрымала міліцыя, растлумачыў учынак “арыгінальна”: яго, маўляў, вымусілі пайсці на крайнія меры ўпартыя ахоўнікі…

Хаця такія паўанекдатычныя выпадкі — з’ява вельмі рэдкая. Дзяжурства праходзіць руцінна: калі ідзе цягнік, трэба прасачыць, каб з яго нічога не падала і каб не парушаліся дапушчальныя геаметрычныя памеры вагонаў. Дзеля гэтага ставяцца кантрольныя планкі: калі штосьці выступае за дазволены габарыт, яны падаюць. Пра выяўленыя дэфекты трэба тэрмінова паведамляць зацікаўленым службам, але паступаюць такія сігналы зусім рэдка — раз ці два ў год. Як правіла, планку ніжняга габарыту збівае незамацаваны пнеўмашланг тармазной сістэмы.

Ну а ўвесь астатні час дзяжурства неабходна пільна сачыць за ахоўнай зонай — прылягаючымі да моста ўчасткамі берага і рачной акваторыяй. Для гэтай справы, між іншым, восень — самы спрыяльны час. Улетку і вясной на ўзбярэжжы многа людзей і лодак, камары камфорту не спрыяюць. А зімой ускладняе дзяжурства кароткі светлавы дзень. Стаяць на пасту аднаму ў цемры, шчыра кажучы, псіхалагічна цяжкавата. Ды і табельная зброя дадае нагрузкі на  нервы: вартавы павінен быць гатовы ўжыць яе па прызначэнні, як толькі ўзнікне прадугледжаны правіламі службы форс-мажор.

Невыпадкова пры адборы ў ахоўнікі ды і падчас службы вельмі ўважліва кантралююцца іх стрэсаўстойлівасць і здольнасць працаваць у камандзе. І гэта не жартачкі! Хто не памятае выпадак, калі вартавы на мосце ў Бабруйску забіў увесь каравул ды застрэліўся сам? А было так. Там надта часта мяняўся персанал, а жыхары вялікіх гарадоў, як вядома, трымаюцца больш паасобку і рэдка добра ведаюць адзін аднаго. Вось і сабраліся ўзброеныя людзі з несумяшчальнымі характарамі…

У ялізаўскай варце такі жах немагчымы: хлопцы служаць надзейныя. Працуем разам даўно, амаль усе жывем у Ялізаве, таму ведаем, што таварышам можна давяраць ва ўсім.

Як успрымаюць вартавых-чыгуначнікаў суседзі-пасялкоўцы? Можна сказаць — нейтральна. Наш аб’ект стаіць на водшыбе, нічога цікавага для мясцовых жыхароў на ім не адбываецца. Ды і цякучкі кадраў няма, так што стралковая каманда як месца працаўладкавання інтарэсу амаль не ўяўляе.

Але такая абыякавасць хутчэй плюс, бо аб дэталях сваёй справы стралкам распавядаць староннім асобам непажадана. У ахове ялізаўскага моста ёсць як мінімум пяць службовых таямніц, таму чым менш спакусы выпадкова сказаць штосьці лішняе, тым лепш.

…Ну вось і прыйшлі. У вас дазвол на ўваход у   ахоўваемую зону ёсць? Няма… Ну, тады да пабачэння!

Запісаў Дзмітрый САЎРЫЦКІ.

Последние новости

Общество

Прокуратура Осиповичского района потребовала устранить нарушения в сфере увековечения памяти о погибших при защите Отечества и сохранении памяти о жертвах войн

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 24 апреля для всех знаков Зодиака

24 апреля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 23 апреля для всех знаков Зодиака

23 апреля 2026
Читать новость
Культура

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Филигранная точность на скорости 200 км/ч. Лукашенко показали возможности дронов и их операторов

22 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко поручил ужесточить подготовку водителей в автошколах

22 апреля 2026
Читать новость