У крытычнай сітуацыі машыніст Павел Кавалевіч паспеў прыняць неабходныя меры

Ад правільных дзеянняў аднаго чалавека часам залежыць бяспека многіх. Пры падрыхтоўцы машыністаў чыгункі на гэта звяртаецца асаблівая ўвага. Пра бяспеку ў час штотыднёвай вучобы рэгулярна нагадваюць і машыністы-інструктары, адпрацоўваючы парадак дзеянняў у той ці іншай сітуацыі. Але ў аўдыторыі для заняткаў ёсць магчымасць паразважаць, перш чым дзейнічаць. У рэальнай жа сітуацыі літаральна за некалькі секунд неабходна прыняць адзінае рашэнне і выканаць неабходныя менавіта ў дадзеных умовах маніпуляцыі.
У гэтым нядаўна пераканаўся і машыніст Павел Кавалевіч, які ў час чарговага рэйса па маршруце Мінск-Асіповічы на перагоне Міханавічы-Рудзенск заўважыў абрыў мацавання кантактнага проваду. Цягнік, які рухаецца з хуткасцю 60 км у гадзіну, рэзка спыніць немагчыма, таму неабходна прымаць іншыя меры. Чыгуначнік умомант адрэагаваў, апусціўшы токапрыёмнік на час руху праз небяспечнае месца, а потым аператыўна апавясціў дыспетчара і калег, каб да прыезду спецыялістаў іншыя лакаматыўныя брыгады следавалі яго прыкладу.
Павел лічыць, што нічога незвычайнага ён не зрабіў. І тым не менш, калі б лакаматыўная брыгада была менш пільнай і не дзейнічала так дакладна, маглі б сур’ёзна пашкодзіцца кантактная сетка і цягнік, а яшчэ і прыпыніўся б рух іншых саставаў, якія ішлі следам. А дзякуючы граматным дзеянням машыніста графік руху на ўчастку не змяніўся і ніхто не пацярпеў.
Павел Кавалевіч працуе ў лакаматыўным дэпо 13 гадоў, з 2016 г. — у якасці машыніста. Ездзіць у пары з памочнікам Аляксандрам Будзянком. У калектыве лічыцца перспектыўным, высокакваліфікаваным спецыялістам. Зараз ён рыхтуецца да ўдзелу ў дарожным конкурсе “Лепшы па прафесіі”, які адбудзецца праз тыдзень і дзе неабходна будзе паказаць не толькі веды, але і ўменні аператыўна дзейнічаць у самых непрадказальных сітуацыях. Як паказвае ўзгаданы выпадак, да гэтага Павел гатовы!