Асіпаўчанін Віктар Турэц – “мільёншчык”

За бездакорнае выкананне службовых абавязкаў, эканомнае расходаванне паліўна-энергетычных рэсурсаў і забеспячэнне безаварыйнай працы на лакаматыўным і маторвагонным рухомым саставе машыніст цеплавоза лакаматыўнага дэпо Асіповічы Віктар Рыгоравіч Турэц узнагароджаны нагрудным знакам “За безаварыйны прабег на лакаматыве 1.000.000 км”.
— Шчыра кажучы, ніколі не падлічваў, колькі ўсяго кіламетраў праехаў. Аказваецца, больш за мільён. А тое, што яны безаварыйныя, дык праца ў нас, у машыністаў, такая, па-іншаму нельга. Тым больш, што ваджу пасажырскія цягнікі і права на памылку проста няма. Хаця, няма яго і ва ўсіх, хто звязаны з чыгункай.
Сам Турэц на ёй з самага нараджэння: бацькі жылі на станцыі Вярхуціна Старадарожскага раёна, і маленькі Віця з сябрамі-хлапчукамі часта хадзіў да чыгуначных пуцей. Абмяркоўвалі вартасці велізарных і магутных лакаматываў, марылі калі-небудзь апынуцца ў кабіне машыніста, каб самім павесці цягнік далёка-далёка…
Адслужыўшы тэрміновую службу ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе, Віктар уладкаваўся на працу ў сталіцы. Калі ехаў наведаць бацькоў, заўсёды рабіў перасадку на станцыі Асіповічы. У чаканні свайго цягніка гуляў па вакзале і, як у дзяцінстве, разглядаў лакаматывы. I ў 1981 годзе ўсё ж прыняў рашэнне, пра якое ніколі не пашкадаваў: увайшоў у будынак лакаматыўнага дэпо.
— Скажу шчыра: да гэтага кроку падштурхнула любоў. I не толькі дзіцячая, да цягнікоў, але і дарослая, мужчынская: менавіта ў Асіповічах па размеркаванні рабіла ў дзіцячым садзе каханая дзяўчына з Гродзенскай вобласці, з якой, дарэчы, і пазнаёміўся тут жа, каля вакзала…
Свой “мільён кіламетраў” на чыгунцы Турэц пачаў “збіраць” у якасці слесара па рамонце рухомага саставу. Слясарны вопыт нямала дапамог потым, калі настойлівы юнак вучыўся спачатку на курсах памочніка машыніста, а потым і машыніста: веданне кожнай дэталі лакаматываў, у рамонце і аглядзе якіх прымаў удзел, спатрэбілася ў далейшым. Шлях ад слесара да машыніста заняў чатыры гады, і ў сакавіку “лакаматыўны стаж” Віктара Рыгоравіча пераваліць ужо 30-гадовую мяжу.
— Памятаю, як у восемдзесят шостым годзе ноччу вёў грузавы састаў, а дыспетчар “забыўся” папярэдзіць, што ў вагонах небяспечны груз, які перавозіць трэба з асаблі-вай асцярожнасцю. Выратавала тады толькі строгае прытрымліванне інструкцый…
Турэц за многае ўдзячны лёсу. За тое, што калісьці застаўся ў Асіповічах. За дапамогу і падтрымку настаўніка, якога, на жаль, ужо няма, — інструктара па цеплатэхніцы Георгія Iванавіча Рубяжа. Што заўсёды акружаны добрымі людзьмі і дасведчанымі спецыя-лістамі, як, напрыклад, машыністы-інструктары Уладзімір Сімановіч і Уладзімір Лясін. За годных вучняў, у ліку якіх браты Андрэй і Руслан Паповы і другія маладыя машыністы. I, вядома, за сваю дружную сям’ю. З жонкай Валянцінай Мікалаеўнай выгадавалі дачок Алену і Дар’ю, дапамагаюць выхоўваць унучак Лэйлу і Амель, не так даўно адзначылі “палатнянае вяселле” — 35 гадоў сумеснага жыцця.
— Думаю, што галоўнае ў жыцці — да ўсяго ставіцца адказна: да прафесіі, сям’і, дружбы, здароўя. Тады і будуць у нас мільёны і на грудзях, і ў кішэнях.
Алена ЛЕПЛЯНIНА-КУБАР.