Экалагічны трыкалор у Асіповічах

Жоўты — для пластмасы, сіні — для шкла, зялёны — для макулатуры. На асіповіцкіх вуліцах такія каляровыя кантэйнеры з’явіліся ў 2005 годзе. Разам з імі прадпрыемства “Райсервіс” атрымала ад Магілёўскага ўпраўлення ЖКГ планавыя заданні па збору другаснай сыравіны. Сёлета камунальнікам трэба сабраць 140 тон макулатуры, металалому, пластыку, шкла, тэкстылю і гумы. Для гэтай мэты на ўчастках асіповіцкіх дворнікаў “красуюцца” 84 рознакаляровыя бакі. Але, па словах начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Надзеі Дарашук, гэтай колькасці для горада недастаткова. Таму ў наступным годзе “Райсервіс” плануе закупіць яшчэ каля сотні такіх ёмістасцей — на 45 млн. рублёў.
Куды хачу, туды і кідаю
Усё ж мы яшчэ, на жаль, да штодзённага сартавання бытавых адкідаў не прызвычаіліся. Асобныя па-ранейшаму працягваюць выкідаць адыходы без разбору.
— Парадак у баках прыходзіцца наводзіць нашым работнікам: выцягваць адтуль усё лішняе, — распавядае майстар ЖЭУ-1 Валянціна Зубчонак. — Калі пакідаюць смецце ў пакетах, хаця б не трэба кожную драбязу падбіраць. Акрамя таго, дворніку трэба даглядаць і за кожным кантэйнерам. Як толькі зламаецца крышка, ён адразу ж ператворыцца ў агульную міні-звалку. Людзі пачнуць напаўняць яго ўсялякімі адыходамі, не звяртаючы ўвагі ні на надпісы, ні на колеры. Неяк у маёй прысутнасці мужчына выкінуў мяшок са змяшаным смеццем у толькі што ачышчаную ёмістасць для шкла. Зрабіла заўвагу — ён толькі здзіўлена адрэагаваў: “А якая розніца, куды кідаць?”
Самі сабралі, самі і збывайце
У камунальнікаў існуе цэлы шэраг праблем са зберажэннем макулатуры. Зараз на сметнік найчасцей патрапляюць не старыя кнігі і часопісы, а аб’ёмныя скрыні ды каробкі з крам і ларкоў. Хопіць якіх пяці штук, каб запоўніць да верху зялёны кантэйнер. Хоць дворнікі і рвуць той кардон на шматкі, аднак ёмістасцей усё роўна не хапае, неабходны большыя бакі для паперы.
Пагрузкай і вывазам макулатуры работнікі “Райсервіса” займаюцца самі. Майстрам кожны раз прыходзіцца даведвацца, ці прымаюць яе ў Асіповіцкім райста. З базы здадзеная сыравіна адпраўляецца на Пухавіцкую кардонную фабрыку. Калі не атрымоўваецца адвезці яе своечасова, то склады перапаўняюцца.
Яшчэ цяжэй нашаму райста збыць пластык. На сённяшні дзень тут яго на-збіралася ўжо тры тоны, але здаць гэта “дабро” няма куды. Транспарціроўка сыравіны, якая мала важыць, але займае багата месца, абыходзіцца дорага. Драбленне пластыку дазволіла б аблегчыць перавозку і ўтылізаваць не толькі бутэлькі, але і іншыя вырабы, якія патрапляюць на звалку. Аднак у нас прасуюцца толькі бутэлькі, пасля чаго і складаюцца ў аб’ёмістыя 25-кілаграмовыя цюкі. Мелі б магутны прэс ды “цыркулярку” — праблем бы паменшала.
У “бамжоў” прыбыткі большыя
За апошні месяц работнікі ЖЭУ-1 здалі больш за тону макулатуры, за што атрымалі 60% ад агульнай грашовай сумы. Такім чынам, за працу 36 дворнікам заплацілі 24 тысячы. З 1 кастрычніка, як паведаміў начальнік аддзела нарыхтовак Асіповіцкага райста Мікалай Сяргейчык, закупачныя цэны на другасную сыравіну панізіліся: за кілаграм макулатуры фізічным асобам цяпер плацяць 50 рублёў, юрыдычным — усяго 10. Яшчэ ў верасні камунальнікі здавалі яе па 42 рублі за кілаграм…
Непасрэдную канкурэнцыю “Райсервісу” па здачы другаснай сыравіны складаюць бамжы, якія пастаянна дапамагаюць ачышчаць “камунальніцкія” кантэйнеры. Як бачым з вышэй прыведзеных расцэнак, іх “заробкі” ад той жа макулатуры перавышаюць заробкі дворнікаў у 5 разоў. Да таго ж у мясцовых бадзяг няма планаў па збору ўтылізуемай сыравіны…
Краіна чысціні ці сметнікаў?
Толькі за мінулы год асіпаўчане пакінулі пасля сябе амаль 11 тон цвёрдых бытавых адкідаў. Утылізацыя смецця, якой займаюцца камунальнікі, змяншае гэтую лічбу дзесьці на адзін працэнт. Зусім іншых вынікаў можна было б дасягнуць, калі б сартаванне і перапрацоўка другаснай сыравіны сталі справай кожнага чалавека.
Ва ўсім свеце экалагічныя праблемы ўжо даўно выйшлі на авансцэну. Японцы, напрыклад, лічаць смецце сваім багаццем, і ў Краіне ўзыходзячага сонца нават цыгарэтная пачка разбіраецца на “запчасткі”. Экалагічная культура ж беларусаў усё яшчэ нізкая. Нам варта зразумець, што развіваць інфраструктуру ўтылізацыі другаснай сыравіны выгадна. У выніку атрымаем галоўны прыбытак — чыстую краіну, у якой і будуць жыць наступныя пакаленні.
Вольга ЖАРНАСЕК.