Дзень прызыўніка ў Асіповічах
8 ліпеня ў МПЦ “Равеснік” урачыста прайшоў Дзень прызыўніка. Сабраліся сюды юнакі, якія ў бліжэйшы час рушаць у нялёгкі, але важны шлях — шлях, які завецца АРМIЯЙ.
Навабранцы атрымалі віншаванні і словы падтрымкі ад ваеннага камісара падпалкоўніка Мікалая Гомана, старшынь раённых арганізацый Беларускага саюза афіцэраў падпалкоўніка запасу Міхаіла Слесарэнкі і Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане маёра запасу Юрыя Корбана, начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Ларысы Волкавай. А сяржант Ягор Глазуноў, які зараз служыць у 51-й змешанай артылерыйскай групе, даў прызыўнікам карысныя парады аб тым, як хутчэй адаптавацца да вайсковага побыту.
Будучыя салдаты атрымалі павесткі і адмысловыя армейскія сувеніры — маленькія каляндарыкі на паўтара года…
Своеасаблівым падарункам для прысутных стаў канцэрт, які наладзілі самадзейныя асіповіцкія артысты: танцавальны калектыў “Апрель”, вакальная група “Кристалл”, спевакі Альберт Храмых, Вікторыя Пыжык, Сяргей Мурашкінцаў.
З якім жа настроем ідуць у армію сённяшнія прызыўнікі? Трэба прызнаць, што з розным. Аднак большасць усё ж пагаджаецца са словамі 19-гадовага навабранца Юрыя Кабылянца:
— Мне хочацца патрапіць у армію. Шмат існуе меркаванняў аб ёй. І добрых, і дрэнных. Але не баюся цяжкасцей, наадварот, лічу, што толькі пераадолеўшы свае слабасці, магу стаць паўнацэнным мужчынам.
Пастфактум.
Паралельна з прызывам ідзе і звальненне, і гэта дае магчымасць параўнаць, з якімі ўражаннямі асіповіцкія хлопцы пакідаюць тэрміновую службу.
Нікалай Сарагавец, сяржант 465-й ракетнай брыгады:
— Здаецца, што зусім нядаўна мяне праводзілі ў армію. З самага пачатку імкнуўся выконваць абавязкі сумленна, і ўжо праз 3 месяцы атрымаў званне малодшага сяржанта, пачаў кіраваць аддзяленнем, у складзе якога тройка радавых…
Час ляціць хутка, і 19 ліпеня мая служба скончыцца. Але ведаю: тое, чаму навучылі ў арміі, не аднойчы спатрэбіцца ў жыцці. Моцная дружба, узаемавыручка — вось сакрэт поспеху! І гэтым дэвізам буду карыстацца заўсёды.