Асіпаўчанін Дзяніс ПЕРХУРОВIЧ

Асіпаўчанін Дзяніс ПЕРХУРОВIЧ служыць у вайсковай часці 12147 з лістапада мінулага года — да гэтага юнак працаваў слесарам у ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”. Нельга сказаць, што ён заўсёды марыў праходзіць службу менавіта ў Асіповічах, дзе нарадзіўся, вучыўся ў першай школе і мясцовым каледжы — хацелася ўсё ж разнастаіць геаграфію. Але ўжо нават за кароткі час зразумеў, што перажываць на гэты конт няма прычын: у службе ў родным горадзе шмат плюсаў! Пазнаёміцца ж з новымі мясцінамі і пакарыць іх яшчэ будзе магчымасць — Дзяніс плануе паступаць у ВНУ. Не выключае і такога раскладу, што ў далейшым звяжа свой лёс з арміяй: служба маладому байцу прыйшлася даспадобы.
— Кожны дзень даведваемся штосьці новае, пашыраем свой кругагляд, набываем карысныя навыкі, — ахвотна падзяліўся радавы Перхуровіч. — Зусім хутка будзе палявы выхад на некалькі тыдняў — гэта таксама добрая загартоўка.
Напярэдадні свята абаронцаў Айчыны Дзяніс праз “раёнку” перадае прывітанне маме Наталлі Анатольеўне і бабулі Марыі Емяльянаўне і раіць дарагім людзям спаць спакойна: родны горад, наогул уся Беларусь — у надзейных руках!
Фота Ніны ЦАРЫК.