“14-15 лютага падчас тактыка-спецыяльнага вучэння асабовы склад 308-га асобнага ракетнага дывізіёна 465-й ракетнай брыгады правёў баявыя пускі тактычным ракетным комплексам “Точка”…
Адной з асаблівасцей праводзімага вучэння стала комплекс-ная адпрацоўка пытанняў баявога прымянення падраздзяленняў ракетных войск і артылерыі. Мэтай вучэнняў з’яўляліся ўдасканаленне палявой вывучкі асабовага складу пры дзеяннях у разнастайных умовах баявой абстаноўкі, павышэнне ўзроўню практычных навыкаў ваеннаслужачых.
Асабовы склад падраздзяленняў ракетных войск і артылерыі пастаўленыя задачы выканаў, канчатковыя вынікі вучэнняў будуць падведзены пасля грунтоўнага аналізу”.
З прэс-рэлізу Міністэрства абароны аб завяршэнні вучэнняў, якія праходзілі з 2 па 15 лютага.
Не будзе перабольшваннем лічыць, што менавіта баявыя пускі, праведзеныя цэльскімі ракетчыкамі, былі кульмінацыяй той важнай ваеннай “гульні”. І з гэтай нагоды паспрабуем рэканструяваць галоўныя падзеі, якія адбываліся ў месцы іх размяшчэння на ўмоўным полі бою, што разгарнулася на крайнім поўдні нашай краіны.
2-5 лютага
Дывізіён ракетчыкаў атрымаў загад размясціцца ў Лельчыцкім раёне каля вёскі Ударнае. Каманда, якая павінна была правесці падрыхтоўку да размяшчэння асноўнай масы ваеннаслужачых, выехала сюды напярэдадні, аднак з-за высокіх маразоў першыя два дні амаль цалкам давялося займацца стварэннем умоў для нармальнага абслугоўвання тэхнікі і адпачынку людзей. Кіраваў добраўпарадкаваннем лагера намеснік камандзіра брыгады падпалкоўнік Сяргей Чарнамораў. Ён арганізаваў работу так добра, што выпадкаў абмаражэнняў, пераахаладжэння, абпальванняў, траўм за ўвесь перыяд знаходжання ракетчыкаў у палявых умовах не было. Такім чынам разгорнуты паблізу 432-гі ваенны шпіталь атрымаў магчымасць засяродзіць увагу на правядзенні дыспансернага агляду жыхароў акаляючых вёсак.
Прынамсі, мясцовае насельніцтва, якому дагэтуль не даводзілася сустракацца з вайсковымі часцямі (у Лельчыцкім раёне іх няма), вельмі цёпла сустрэла цэльскіх ракетчыкаў і імкнулася ім усяляк садзейнічаць. Так, вяскоўцы правялі для сваіх гасцей шыкоўны канцэрт самадзейнасці, дапамагалі ў распілоўванні дроў.
6-13 лютага
Раніцай 6 чысла перад асабовым складам дывізіёна яго камандзірам маёрам Сяргеям Захаравым быў зачытаны баявы загад, пасля чаго пачалася напружаная падрыхтоўка да перадыслакацыі стартавых батарэй у раён прызначэння.
Трэба адзначыць, што тэхніка дывізіёна падчас вучэнняў працавала без праблем: лёгка запускалася ў самыя жорсткія маразы і не патрабавала ніякага рамонту, за што асаблівы дзякуй службе, якую ўзначальвае намеснік камбрыга па ўзбраенні маёр Сяргей Кокіца.
Пускавыя ўстаноўкі занялі стартавыя пазіцыі 12 чысла, а ў дзень пуску на іх была праведзена перагрузка ракет з транспартна-зараджаючых машын. Перад гэтай аперацыяй ракеты асвяціў мясцовы праваслаўны святар а. Мяфодзій, што адчувальна ўзняло баявы дух прысутных байцоў і каман-дзіраў.
14-16 лютага
У першы дзень разлікам лейтэнанта Андрэя Саваня была запушчана адна ракета, якая знішчыла вызначаную мішэнь на адлегласці 60 кіламетраў. Назаўтра адбыліся ўжо два пускі, пагля-дзець на якія прыбылі міністр абароны Юрый Жадобін, начальнік ракетных войск і артылерыі Алег Зямскоў і шэраг іншых военачальнікаў вышэйшых рангаў.
Абедзве ракеты — іх запускалі разлікі, якімі камандавалі старшы лейтэнант Дзмітрый Мікянец і лейтэнант Аляксандр Барысевіч — таксама патрапілі ў цэль. За ўдалыя пускі ракетчыкі атрымалі цалкам заслужаную ацэнку “выдатна”.
16 чысла, калі вучэнні ўжо скончыліся, асабовы склад 308-га ард прыняў удзел ва ўрачыстым мітынгу ў вёсцы Ударнае і ўроках мужнасці, якія праводзіліся ў школах Лельчыцкага раёна. Ракетчыкам, натуральна, было што расказаць і паказаць: падчас вучэнняў ідэолагі 465-й ракетнай брыгады знялі фільм, які адлюстроўвае ўсе рэаліі вучэнняў і, зразумела, іх зорную хвіліну — групавы ракетны пуск.