23 лютага — Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь
Намеснік начальніка разліку пускавой устаноўкі «Смерч” сяржант Канстанцін Новік — адзін з ваеннаслужачых 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгады, які праявіў выдатнае прафесійнае майстэрства ў час нядаўніх вучэнняў на палігоне ў Івацэвіцкім раёне. За што нядаўна і быў заахвочаны — атрымаў ад Міністра абароны ўдзячнасць і імянны гадзіннік.
Цікава, што з найлепшага боку паказаў сябе ў сапраўды сур’ёзнай справе сяржант Новік літаральна праз дзесяць дзён пасля пераходу на кантрактную службу. Нядрэнны пачатак кар’еры для ваеннага чалавека!
Канстанцін і цяпер яшчэ знаходзіцца пад вялікім уражаннем і ад прызнання яго заслуг начальствам, і ад непасрэднага ўдзелу ў баявых пусках:
— Кожнаму прыемна адчуваць, што можаш выканаць сваю работу бездакорна, — разважае аб незвычайным перыядзе свайго жыцця воін. — Калі ж вынікам намаганняў з’яўляецца дакладны пуск магутнага рэактыўнага снарада, такое пачуццё набывае асаблівую вастрыню. Велічнае гэта відовішча, страшныя яго вынікі…
Сяржант-кантрактнік слушна лічыць, што спыняцца на дасягнутым нельга, таму ў яго бліжэйшых планах далейшае ўдасканаленне майстэрства наводчыка рэактыўнай артустаноўкі з улікам атрыманага падчас баявых пускаў вопыту. А ў перспектыве — паступленне ў школу прапаршчыкаў.
Канстанцін, які нара-дзіўся і вырас у маленькай вёсцы Копча, прызнаецца, што армія прыйшлася яму даспадобы ў першую чаргу шырокімі магчымасцямі прафесіянальнай самарэалізацыі і высокім узроўнем сацыяльнай абароненасці вайскоўцаў. Зразумела, ваенная служба — справа нялёгкая, ды толькі ці вясковаму хлопцу баяцца жыццёвых цяжкасцей?