Запомніцца назаўсёды

У рамках правядзення Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!» прайшло ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юнакам і дзяўчатам.
Асноўны дакумент грамадзяніна некаторыя рабяты змаглі атрымаць у Канстытуцыйныс судзе, а таксама Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх аказаліся і шэсць прадстаўнікоў Магілёўшчыны.
Пашчасціла паўдзельнічаць ва ўрачыстасці і нашай зямлячцы — вучаніцы 8 класа СШ №1 Ангеліне Дзмітрыевай. Сімвалічна, што дзяўчынка вучыцца ва ўстанове адукацыі, якая носіць імя героя Вялікай Айчыннай вайны Барыса Дзмітрыева. Яна ганарыцца легендарным цёзкам па прозвішчы. Ды і самой дзяўчынцы ёсць чым пахваліцца. Выдатніца вучобы, сярэбраны прызёр раённага конкурсу вынаходніцкіх работ, дыпламант абласнога творчага конкурсу «Кветкі вялікай Перамогі».
Пашпарт юнай асіпаўчанцы ўручыў намеснік прэм’ер-міністра краіны Ігар Петрышэнка. Адбылося гэта ў свяшчэнным месцы — музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Рабяты мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыямі музея, усклалі кветкі да помніка Перамогі.
У год гістарычнай памяці не будзе лішнім пагартаць старонкі гісторыі, узгадаць мінулыя пакаленні, якія ў розныя часы мужна адстойвалі свабоду і незалежнасць краіны, паўнапраўнымі грамадзянамі якой днямі сталі многія хлопчыкі і дзяўчынкі.
Гэты дзень рабяты запомняць назаўсёды. З хваляваннем абменьваліся яны ўражаннямі, а заадно і адрасамі. Бо паездка ў сталіцу з’яднала іх, а таксама стала дзейсным сродкам фарміравання нацыянальнай самасвядомасці.