Якасць жыцця жыхароў Асіповіччыны — на еўрапейскі ўзровень

Унікальнасць прадпрыемства ў тым, што яно адначасова здабывае, апрацоўвае, транспартуе і самастойна рэалізуе сваю прадукцыю. У канчатковым выніку прымае ад спажыўцоў адпрацаваны прадукт і вяртае ў прыродаахоўнае асяроддзе без шкоды для яго. Асноўная ж дзейнасць звязана з эксплуатацыяй водаправодна-каналізацыйнай сістэмы горада і раёна, тэхнічным абслугоўваннем прыбораў уліку, кантролю і рэгулявання расходу вады.
Шляхі і магчымасці дасягнення высокага эканамічнага эфекту ад дзейнасці прадпрыемства вядомы дырэктару ДУКВП “Водаканал” Ігару ТРАЦЯКУ.
— Што, на Вашу думку, з’яўляецца крытэрыем паспяховасці?
— Адзін з асноўных паказчыкаў дзейнасці — прыбытак. Максімізаваць яго можна, знізіўшы выдаткі на вытворчасць і сабекошт прадукцыі. Працуем у гэтым кірунку пастаянна. Напрыклад, у 2013 годзе замянілі на пяці каналізацыйных помпавых станцыях у сельскай мясцовасці абсталяванне на менш энергаёмістае, усталявалі частотна-рэгуляваныя электрапрывады на артэзіянскіх свідравінах у Сасновым, Жорнаўцы, Ясені і Дараганаве. Эканомія электраэнергіі — 106 мільёнаў. Знізілі ў сярэднім на 5% удзельныя нормы расходу электраэнергіі — выканалі паказчык па энергазберажэнні і сэканомілі 327 мільёнаў рублёў.
— Гэта значыць, асноўны прыбытак складваецца дзякуючы эканоміі?
— Павысіць прыбытак атрымоўваецца не толькі эканоміяй энергарэсурсаў. Амаль 40 мільярдаў — 49% агульнага аб’ёму выручкі — зарабіла прадпрыемства аказаннем дадатковых паслуг, у асноўным — на агульнабудаўнічых работах па ўзвядзенні будынкаў падрадным спосабам. Будаўніцтва станцыі абезжалезвання і вода-праводна-каналізацыйных сетак, рэканструкцыя і капітальны рамонт ачышчальных збудаванняў праводзіліся гаспадарчым спосабам. Такім чынам, “Водаканал” упэўнена заяўляе пра сябе і ў будаўнічай сферы.

— Як распараджаецеся заробленым?
— Частку сродкаў уклалі ў абнаўленне тэхнікі і абсталявання: важным набыццём мінулага года стала ўніверсальная вакуумная машына КО-560. Доля абнаўлення склала 70%, і на дасягнутым узроўні абнаўлення транспартнага цэха плануем не спыняцца. Нямала ўкладваем і ў сацыяльную абароненасць членаў калектыву.
— А падрабязней?
— Радуе, што летась на 155,9 працэнта вырасла заработная плата, маем магчымасць прадастаўляць сацыяльныя паслугі і льготы, матэрыяльна стымуляваць лепшых работнікаў, якіх у нас нямала.
— Каго можаце вылучыць асобна?
— Вядома, Івана Яцкоўскага. Яго агульны працоўны стаж 39 гадоў. Пачынаў у нашай арганізацыі ў 2002 годзе слесарам-рамонтнікам на ўчастку водаправода. Зараз ён старшы майстар участка па рамонце тэхналагічнага абсталявання. Гэта спецыяліст вопытны і ініцыятыўны, які ўмее правільна арганізаваць працу падначаленых, вельмі патрабавальны да дысцыпліны, але пры гэтым заўсёды спагадлівы да людзей. Дзякуючы аператыўнай і якаснай працы ўчастка, які ўзначальвае, у горадзе і раёне не дапускаецца працяглых перабояў водазабеспячэння.
Хачу адзначыць і высокакваліфікаванага машыніста экскаватара 5 разраду ўчастка транспарту Вячаслава Сашчэку. Сумленны і добразычлівы чалавек. Умее ствараць абстаноўку зацікаўленасці ў якасным выкананні заданняў ва ўсіх, хто працуе побач. Усё робіць якасна, у тэрмін. За мінулы год выканаў вельмі значны аб’ём земляных работ на аб’ектах будаўніцтва.

Усё ў калектыве залежыць не толькі ад фінансавага становішча, але і ад добрасумленнай працы кожнага работніка, такой, як у Яцкоўскага і Сашчэкі. Менавіта кваліфікаваны падбор кадраў, сталасць і згуртаванасць маюць велізарную ролю ў дасягненні пастаўленых мэт.
— Падзеліцеся планамі на будучыню? Чаго чакаць жыхарам Асіповіччыны ад “Водаканала”?
— Спыняцца на дасягнутым не збіраемся. Асноўнымі задачамі і напрамкамі на 2014 год з’яўляюцца развіццё камунальнай інфраструктуры населеных пунктаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, павышэнне ўзроўню тэхнічнай эксплуатацыі сетак і збудаванняў водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, пастаянная работа па зніжэнні выдаткаў на вытворчасць прадукцыі, правядзенне работ на аснове ўкаранення прагрэсіўных і рэсурсазберагальных тэхналогій, далейшае ўмацаванне фінансавага стану прадпрыемства і, адпаведна, павышэнне дабрабыту работнікаў.
Для рэалізацыі вызначанага неабходна выканаць яшчэ большы аб’ём работ. У прыватнасці, будаўніцтва станцыі абезжалезвання, якая з’яўляецца і нашым найважнейшым праектам, і ўсяго раёна, будаўніцтва новых водаправодных і каналізацыйных сетак і збудаванняў. Гэтыя мерапрыемствы ўключаны ў Дзяржаўную праграму “Чыстая вада”, запланаваны ў плане мадэрнізацыі прадпрыемства на 2013-2015 гады і паэтапна выконваюцца. Упэўнены, што рэалізацыя іх будзе спрыяць набліжэнню якасці жыцця насельніцтва да еўрапейскага ўзроўню сацыяльных стандартаў.