Яго жыццё — прыклад маладым

Днямі 100 гадоў споўнілася настаўніку, партызану, франтавіку Мікалаю Васільевічу Мычко
Памятаюць яго многія землякі з вёсак Рафалін, Семіровічы і Заграддзе, якіх ён навучаў грамаце з 1945 па 1976 год у Рафалінскай пачатковай школе. Зараз наш педагог жыве ў дачкі ў Лідзе, але тут засталіся яго вучні, аднавяскоўцы, радня, таму сувязь з малой радзімай не перарываецца.
Мікалай Мычко нарадзіўся 6 студзеня 1924 года ў вёсцы Лабковіцы. У 41-м скончыў дзявяты клас. Калі ў навакольных лясах з’явіліся партызаны, са старэйшым братам Валодзем далучыўся да іх. З лістапада 42-га і да вызвалення перанёс увесь цяжар партызанскага жыцця: баі, блакады, страты сяброў, родных, холад і голад…
А калі прыйшлі нашы, то набралі ў войска моладзі з атрадаў. І вось стаіць шарэнга, а камандзір загадвае: “Хто скончыў дзесяць класаў, выйсці са строю!” Цішыня: такіх няма. “Хто скончыў дзевяць класаў?” Выходзіць адзін Мікалай Мычко. Вось так ён трапіў у сувязісты, для якіх патрабаваліся веды фізікі і матэматыкі.
З 5 ліпеня 1944 года ён ужо чырвонаармеец, тэлефаніст роты сувязі 1314 стралковага палка 17 Чырванасцяжнай Бабруйскай дывізіі.
З 13 жніўня — на фронце. З тэлефоннай катушкай дайшоў амаль да Варшавы. На поўнач ад польскай сталіцы перад ракой Нараў (прыток Віслы, у два разы шырэйшы за Бярэзіну) ішлі жорсткія баі. За мужнасць і смеласць у баях узнагароджаны медалём “За адвагу”. Пазней на гэтай рацэ многа нашых салдат палегла. Але ў той жа час ва Усходняй Прусіі заставалася моцная групіроўка немцаў, якая па- гражала нашаму флангу і тылу. Таму вялікую колькасць нашых войск накіравалі ў той бок, на Кёнігсберг. У Прусіі радавы Мычко быў цяжка паранены куляй нямецкага снайпера. Пашанцавала, што шпіталь быў недалёка. Упадаючы ў забыццё, пачуў, як доктар сказаў сястрычцы: “Наўрад ці выжыве”. Але ж змрочны прагноз не спраўдзіўся. Тры аперацыі перанёс, апошнюю — у Харкаве. Пяць месяцаў правёў у шпіталях.
У ліпені 1945 вярнуўся хлопец у родную вёску.
Яго сям’я вынесла шмат гора і страт. Бацьку і брата Аляксандра фашысты адпраўлялі ў Нямеччыну, на шчасце, абодва вярнуліся жывымі. Старэйшых брата і сястру ганялі на работы ў торфапрадпрыемства “Татарка”. Маці з двума меншымі хавалася з іншымі людзьмі ў лясных шалашах ля Пагарэлага. Паліцаі напалі на грамадзянскі лагер, забілі жанчыну з васьмігадовай сястрычкай, а хлопчык здолеў уцячы і выратавацца. Хату таксама спалілі.
Куды падзецца маладому франтавіку? І тут загадчык пачатковай школы суседняй вёскі Рафалін прапанаваў яму месца настаўніка. Вось так у верасні 1945 года ён стаў педагогам. Вучыў малых і сам вучыўся. Завочна скончыў Бабруйскае педвучылішча, быў загадчыкам школы аж да яе закрыцця.
На рубяжы 60-х гадоў наш настаўнік першым у акрузе купіў тэлевізар. Уся вёска прыходзіла глядзець гэты цуд, дзверы былі адчынены для ўсіх. Набівалася людзей поўная хата. Дзеці гаспадароў залазілі на печ. Я запомніў першы выпуск праграмы “Час”, які паглядзеў на Першамай, — 60 гадоў таму…
У школьнай бібліятэцы кніг было няшмат, і аднойчы ў чацвёртым класе атрымаў ад настаўніка “Ціхі Дон” Шолахава: “Думаю, што ты адолееш”. І ён не памыліўся. Чытаць было цікава, хоць яшчэ не ўсё разумеў. Затое потым дыктоўкі пісаў на выдатна, бо запомніў правапіс многіх слоў.
Сваіх дзяцей і ўнукаў Мікалай Васільевіч таксама вывеў у людзі. Усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын Пётр скончыў Гомельскі ўніверсітэт, інжынер-гідрагеолаг. Дачка Зоя пасля політэхнікума скончыла Усесаюзны завочны інстытут харчовай прамысловасці ў Маскве, працавала інжынерам па якасці на Лідскім піўзаводзе. Адзін унук пасля ваеннай акадэміі стаў падпалкоўнікам; другі скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, эканаміст. Унучка пасля ўніверсітэта культуры працуе дырэктарам экскурсійнага бюро ў Санкт-Пецярбургу.
Вучні віншуюць Мікалая Васільевіча з юбілеем!
Сто гадоў! Не кожнаму даецца
Вось такі цудоўны юбілей.
Партызан ніколі не здаецца,
Дык няхай без стомы сэрца б’ецца —
Многіх вёснаў вам і надалей!
Уладзімір Рачкоўскі, жыхар в. Рафалін.