В воскресенье – день металлурга

Ні дня без ліцця
44 гады назад у нашым горадзе з’явілася ўласная металургія. На той час цэх алюмініевага ліцця АЗАА быў самым буйным вытворцам лёгкіх сплаваў у БССР. Захаваў цэх свае лідарскія пазіцыі і ва ўмовах эканомікі суверэннай Беларусі.
З моманту пуску ЦАЛа яго спецыялісты распрацавалі і асвоілі ў вытворчасці звыш за 2 тысячы найменняў алюмініевых адлівак, якія запатрабаваны машынабудаўнічымі прадпрыемствамі краіны і маюць попыт на знешніх рынках.
Для цэха алюмініевага ліцця, як і для ўсяго аўтаагрэгатнага завода, першая палова года склалася досыць складана. Попыт на прадукцыю машынабудавання знізіўся ва ўсім свеце, і, як гэта заўсёды бывае, стагнацыя найбольш адчувальна адбілася не на зборачных прадпрыемствах, а на вытворцах камплектуючых, якія жорстка прывязаны да патрэб першых.
Узгаданыя цяжкасці азначалі менавіта для ЦАЛа падзенне штомесячнага выпуску ўсяго да 60 тон ліцця, з адпаведным уплывам на сумы ў разліковых лістах работнікаў. Так што нядаўнюю навіну аб спрашчэнні перавозкі тавараў праз беларуска-расійскую мяжу ўспрынялі як заслужаны падарунак да свайго прафесійнага свята. І не без прычыны: па словах галоўнага металурга завода Віктара Жыгалы, ужо ў хуткім часе аб’ём вытворчасці павялічыцца амаль удвая — як за кошт ажыўлення продажу прадукцыі МАЗа, БелАЗа, МЗКТ, якія з’яўляюцца пастаяннымі партнёрамі АЗАА, так і праз узнаўленне прамых сувязей з расійскімі прадпрыемствамі. З улікам таго што падчас перыяду малой актыўнасці галіны маркетолагі АЗАА заключылі шэраг кантрактаў на набыццё патрэбнай металургам сыравіны на вельмі выгадных умовах, другая палова года абяцае быць куды больш удалай. Хаця, каб цалкам скарыстацца момантам, трэба бу-дзе рашаць адну важную праблему без затрымак, па меры яе ўзнікення. Гэта — дадатковы персанал. На сённяшні аб’-ём вытворчасці колькасць работнікаў аптымальная, аднак пры росце першых абавязкова ўзнікне дэфіцыт апошніх. Кіраўніцтва ЦАЛа дылему разумее і ўжо паставіла адпаведныя задачы перад кадравай службай завода.
Цяпер можна вяртацца да распачатай раней работы па мадэрнізацыі абсталявання. Пакуль рана казаць, у якіх маштабах яна будзе выканана, але за адзін перспектыўны кірунак металургі будуць біцца ўпарта. Сёння каркасы рулявых колаў на АЗАА вырабляюць у прэсава-зварачным цэху са стального прута. Калі ж адліваць гэтыя дэталі з алюмінію, атрымліваецца хутчэй, танней і ў адпаведнасці з сусветнай аўтамодай. Толькі каб такая вытворчая мара стала явай, трэба папярэдне ўкласці немалыя грошы ў набыццё ліцейнага паўаўтамата і “заточанай” пад яго магчымасці плавільнай печы. Каштуе неабходнае абсталяванне дорага, таму заводу трэба знайсці крэдыт, які выдаецца на найбольш выгадных умовах. У банкаўскай сферы сёння таксама адчу-ваецца ажыўленне, так што на заводзе аўтаагрэгатаў і ў гэтым плане настрой таксама аптымістычны.
Фото Нины Царик
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
d.savrickiy@gzt-akray.by