Как осиповчане отпраздновали День Победы

Как осиповчане отпраздновали День Победы

Дзень Перамогі. Такі далёкі і такі блізкі…

Вясною адзначаецца многа свят, але адно аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, прафесій і сацыяльных груп: у сэрцы кожнага беларуса ёсць месца, дзе б’ецца званочкам памяць аб тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай абараніў нашу краіну ад ворага.

4 мая

Святкаванне Дня Перамогі па традыцыі пачалося за некалькі дзён да 9 чысла. Так, каля брацкай магілы партызан Вялікай Айчыннай вайны на вуліцы Абросімава адбыўся ўрачысты мітынг, і лепшых вучняў школ прынялі ў піянеры і члены ГА “БРСМ”. Сімвалічна, што гальштукі рабятам павязваў і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Паўлавіч Падвойскі, піянер 30-х і камсамолец 40-х, як ён сябе назваў. Паважаны ветэран прачытаў удзельнікам урачыстасці свае новыя вершы, прысвечаныя сябрам па зброі, якія злажылі галовы, баронячы народ ад “карычневай чумы”. А кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, школьнікі ўсклалі вянкі і кветкі да помніка.

Мітынг у скверы стаў адпраўнай кропкай для ўдзельнікаў велапрабегу, прысвечанага Дню Перамогі, які арганізаваў раённы камітэт ГА “БРСМ”. З задавальненнем далучыліся да маладзёжных актывістаў і прадстаўнікі МААП, райаб’яднання прафсаюзаў, ГА “Белая Русь”, валанцёры, школьнікі, спартсмены, супрацоўнікі РАУС, ваеннаслужачыя і проста аматары веласпорту. Сімвалічна, што жадаючых прыняць удзел у патрыятычнай акцыі аказалася 75 — як гадоў, якія прайшлі з часу вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адразу пасля заканчэння мітынгу веласіпедысты выстраіліся ў калону, на чале якой размясціўся аўтамабіль ДАІ: рухаліся па праезнай частцы дарогі, таму бяспека — на першым месцы. Хтосьці без вялікай напругі, некаторыя з намаганнямі, але ўсе без здарэнняў дабраліся да месца прызначэння — брацкай магілы і мемарыяльнага комплексу ў Замошшы. Там землякі дапамаглі ў навядзенні чысціні і парадку, а таксама пасадзілі некалькі саджанцаў туі. Напрыканцы — невялікі экскурс у гісторыю гэтага сумнага месца. І хвіліна маўчання ў памяць аб тых, хто загінуў у Вялікай Айчыннай…

У гэты ж дзень асіпаўчане атрымалі магчымасць наведаць фільм “Салдацік”, не набываючы ўваходных білетаў.

8 мая

ў МПЦ “Равеснік” адбылася канцэртная праграма нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга “Мір нашай краіне”.

9 мая

На працягу некалькіх выхадных дзён церушыў нудны дождж, але ён своечасова прыпыніў рух, нібы разумеючы сваю недарэчнасць ва ўрачысты дзень. Зранку адбылася раённая лёгкаатлетычная эстафета, прысвечаная Вялікай Перамозе і памяці Героя Савецкага Саюза Барыса Дзмітрыева.

Задоўга да пачатку святочных мерапрыемстваў на цэнтральнай плошчы горада сталі збірацца прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў. У ліку першых прыйшлі ветэраны дахавага завода, чыгункі.

У 11 гадзін удзельнікі рушылі ў напрамку гарадскога парку. Наперадзе — машына з ветэранамі, кіраўніцтва раёна, ваенныя. БРСМ і прафсаюзы, педагогі і работнікі прадпрыемстваў, ветэраны і моладзь ішлі ў шматлікай калоне з традыцыйнымі сцяжкамі, шарамі, кветкамі. Многія неслі акуратна аформленыя партрэты тых, дзякуючы каму мы жывём на гэтай зямлі ў міры і спакоі — дзядуляў, бабуль, нават прадстаўнікоў чацвёртага-пятага пакалення прашчураў. “Беларусь памятае!” чыталася на транспаранце і ў вачах людзей.

Святочная працэсія спынілася на Алеі Герояў вакол абеліска шчыльным колам. На ганаровых месцах — ветэраны вайны. На жаль, было іх зусім няшмат, але прамовы старшыні райвыканкама Паўла Налівайкі, старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Сувеева, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Аляксандра Багдановіча і іншых былі звернуты ў першую чаргу да іх — тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу.

Калі дзеці сталі дружна ўручаць кветкі ветэранам вайны, пралятаючы над галовамі землякоў самалёт пагойдаў крыламі: здалося, што і ён вітае нашых герояў. А для многіх прадстаўнікоў маладога пакалення гэты дзень запомніцца назаўсёды тым, што менавіта на ўрачыстасці яны сталі піянерамі і членамі “БРСМ”.

Пасля заканчэння мітынгу свята паступова перамясцілася на канцэртную пляцоўку ў парку, на сцэне якой мясцовыя артысты прадэманстравалі гледачам тэматычную праграму “Ён. Яна. І вайна”.

У той жа час працавалі народныя падворкі, дзе можна было набыць карысны ў гаспадарцы прадмет або сувенір ці падарунак блізкаму чалавеку. Тут жа народныя майстры вучылі працаваць на ганчарным крузе, вязаць, давалі карысныя парады. Дзеці актыўна бавілі час на атракцыёнах і трэнажорах.

Дзень быў даволі халаднаваты, і, каб наведвальнікі не замёрзлі, іх частавалі цёплай юшкай, салдацкай кашай і чаем. “Салдацкая сталоўка” карысталася павышаным попытам: цёплы абед на свежым паветры якраз прыйшоўся да месца. Гандлёвыя рады шырока прадстаўлялі розныя харчовыя і забаўляльныя тавары. Дарэчы, многія землякі надзелі пілоткі і ваенную форму, каб прадэманстраваць сваё дачыненне да падзей тых часоў, еднасць з ветэранамі — хоць не па гадах жыцця, дык у думках.

Удзельнічалі ў святочных мерапрыемствах цэлымі сем’ямі. Некаторыя расказвалі, што прыехалі да родных і з іншых краін, бо хацелі апынуцца ў гэты дзень менавіта на радзіме продкаў, што загінулі ў час вайны. Пра сваіх дзядуляў яны расказвалі з гонарам. Удзельнічаючы ў такіх мерапрыемствах, пераконваешся, што патрыятызм не аджывае свой век, ён проста некалькі трансфармуецца, але жыве ў людскіх душах. Хіба каго не кранула калона хлопцаў-матацыклістаў, якія па поклічы сэрца замацавалі на байках сцяг і партрэты гераічных дзядуляў і далучыліся да святочнага шэсця?

Жадаючыя маглі агледзець наваколле і з вышыні птушынага палёту, бо была магчымасць здзейсніць палёт над горадам на самалёце Бабруйскага аэраклуба ДТСААФ.

У другой палове дня на сцэне распачаўся рэгіянальны фестываль народнай творчасці “Веснавыя колеры”, які наладзілі розныя музычныя калектывы Асіповіччыны. Мілагучныя песні і заліхвацкія танцы змяняліся чытаннем паэтычных твораў і прозы, потым — выступленні аркестраў.

Паралельна працавала другая канцэртная пляцоўка каля рэстарана “Пралеска”. Там выступаў духавы аркестр РЦК, народныя калектывы з Каўгароў, Дрычына і іншыя артысты.

Гулянне доўжылася да вечара і завяршылася танцавальнай праграмай.

* * *

…На жаль, усё менш ветэранаў застаецца сярод нас. Два дні да самага дарагога свята не дажыў Павел Афанасьевіч Курдаеў, жыхар Бабруйска, які многа летніх сезонаў правёў на дачы ў Вялікай Граве. Тут яго з пашанай і пахавалі, выконваючы волю чалавека.

* * *

Рыгор Маркушын: «Мы, жыхары вёскі Цэль, ганарымся нашым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны — Сяргеем Лявонавічам Мурадзянам. Зараз яму 91 год, а ў час вайны ён служыў у тылавых структурных падраздзяленнях, забяспечваючы надзейную абарону нашых войскаў.

Цяпер Мурадзян адзін з нямногіх жывых сведкаў, якія могуць расказаць нам і нашым дзецям пра рэальныя падзеі вайны. Што з задавальненнем і робіць, калі прыходзяць да яго з візітам школьнікі. Канечне, ваеннаслужачыя 465-й ракетнай брыгады, якая яшчэ летась дыслацыравалася на тэрыторыі Цэлі, не абыйшлі ўвагай Сяргея Лявонавіча. Спадзяёмся яшчэ не адзін год наведваць гэтага паважанага чалавека і з задавальненнем будзем слухаць яго ўспаміны».

* * *

Вёска Базок. 10 гадзін раніцы. З нагоды Дня Перамогі і адначасова Дня смутку на мітынг, падрыхтаваны Вязаўніцкімі вучэбна-педагагічным комплексам і Домам культуры, каля мемарыяла, узведзенага ў 1980 годзе на месцы пахавання воінаў, партызан і мясцовых жыхароў, знішчаных 75 гадоў таму фашыстамі, па закліку сэрца сабралася каля 100 чалавек. У асноўным — нашчадкі тых, хто загінуў у агні 9-10 мая 1944 года. Людзі са слязамі на вачах падыходзілі да пліт з прозвішчамі родных і блізкіх і ўскладвалі кветкі, такім чынам аддаючы даніну павагі расстраляным і спаленым роўна за год да перамогі вяскоўцам.

Чыгілейчыкі, Гоціны, Кожанцы, Дзівакі, Батуры, Стэльмахі, Давідовічы, Клімко, Мычко, Шадуры… Усяго — 576. З 700 жыхароў у жывых засталося крыху больш за 40 чалавек. Сярод іх і бацька 60-гадовага Уладзіміра Чыгілейчыка — Іван. Яго разам з іншымі хлапчукамі немцы прымусілі гнаць коней у Лапічы.

— Прыязджаем з сям’ёй сюды кожны год, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. — Бацька не мог без слёз успамінаць пра гэтую трагедыю. На жаль, ужо і яго няма. Ды і ўсіх астатніх сведкаў. Таму наш абавязак — захоўваць памяць пра іх, падтрымліваць у належным стане месцы пахавання. І наогул рабіць усё для таго, каб вайна больш ніколі не паўтарылася.

10 мая 1944 года разам з людзьмі былі спалены таксама вёскі Лазовае, Палядкі, якія знаходзіліся на адлегласці 3 кіламетраў ад Базка…

Больш фота са святочных мерапрыемстваў — на нашых старонках у сацыяльных сетках «Одноклассники» і «Вконтакте«.

Последние новости

Общество

Коратка аб розным

27 сентября 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 27 сентября для всех знаков зодиака

27 сентября 2025
Читать новость
Власть

«Ворота в Африку». Раскрываем причины важной встречи Лукашенко в Москве, значение которой могли недооценить

26 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассказал, как БелАЭС повлияла на развитие страны, хотя поначалу опасались избытка электроэнергии

26 сентября 2025
Читать новость
Общество

Прямая линия с управляющим делами Осиповичского райисполкома

26 сентября 2025
Читать новость
Общество

Возможно ли после выхода на заслуженный отдых получать второю пенсию? Да, если об этом позаботиться уже сейчас

26 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем