Убачыць, адчуць і захаваць у душы

Учора землякі мелі магчымасць наведаць перасоўны музей “Цягнік Перамогі”.
Распачаў свой маршрут па Беларускай чыгунцы гэты незвычайны поезд 10 чэрвеня, а яго маршрут уключае 17 гарадоў. Праект рэалізуецца Беларускай і Расійскай чыгункамі ў Год гістарычнай памяці пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і садзейнічанні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.
У спісе прыпынкаў Асіповічы шостыя, пасля Оршы, Полацка, Віцебска, Крычава і Жлобіна.
Гледачоў чакала ўнікальная магчымасць на некаторы час адчуць сябе непасрэдным сведкам тых падзей Вялікай Айчыннай вайны, што ў найбольш канцэнтраванай форме адлюстроўваюць яе трагізм, гераізм і велічнасць подзвігу савецкага народа. Гэтых экспазіцый дзевяць, і кожная займае асобны вагон.
Рэалізм дасягнуты праз бездакорна натуралістычны выгляд 150 манекенаў, выдатны падбор і размяшчэнне каля 4 000 прадметаў, звычайных для 30-40-х гадоў ХХ стагоддзя. Але галоўнае — майстэрства, прафесійны густ і павага да мінуўшчыны, што праявілі стваральнікі музея — каманда з 70 прафесіяналаў, якіх аб’яднала творчая майстэрня “Неўскі баталіст”.
Тое, што атрымалася, спецыялісты-музейшчыкі характарызуюць каларытным выразам “адзіная ў свеце імерсіўная інсталяцыя ў складзе цягніка”.
…Урачыстая сустрэча “Цягніка Перамогі” адбылася ў прысутнасці старшыні райвыканкама Канстанціна Жыгуцкага, старшыні райсавета дэпутатаў Сяргея Сувеева, намесніка начальніка транспартнага РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі” Васілія Кандрацьева, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, вайсковых часцей, калектываў прадпрыемстваў, школьнікаў. У ліку апошніх — удзельнікі ваенна-гістарычных суполак: лапіцкага атрада юных рэканструктараў ад клуба “Штык” і адкрытага гэтай вясной на базе 51 гвардзейскай артбрыгады клуба “Гарнізон”.
Сярод тых, хто патрапіў на экскурсію, абыякавых не было. Па агульным меркаванні землякоў, такая форма захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне пакідае ў душах глыбокі эмацыянальны след і ўражвае адсутнасцю мяжы паміж сучаснасцю і мінуўшчынай. Практычна кожны хоць на імгненне перажыў поўнае пагружэнне ў ваенную атмасферу — а гэта “прабівае” да мурашак.
Па словах вучня СШ № 3 Артура Скемскага, падчас знаёмства з экспазіцыяй ён увесь час успамінаў, што яго продак Анатоль Скемскі ваяваў і многае з адлюстраванага “Цягніком Перамогі” нібы спісана з франтавой біяграфіі ветэрана.
Прадстаўніца сталага пакалення Зінаіда Цімашэнка зрабіла мноства фотаздымкаў і амаль адразу пасля наведвання музея пачала рассылаць іх родным і сябрам. Уражанні яе настолькі моцныя, што жадае падзяліцца эмоцыямі з як можна большай колькасцю людзей. І не толькі каб выказаць павагу да самай важнай падзеі ў гісторыі нашай краіны. Па меркаванні ветэрана працы, “Цягнік Перамогі” дае ўнікальную магчымасць глыбей зразумець тое, што абываецца ў свеце сёння. Канечне, у першую чаргу гэта тычыцца сітуацыі на тэрыторыі Украіны.
На жаль, з-за абмежаванай прапускной здольнасці музея на колах наведаць яго змаглі далёка не ўсе жадаючыя. Аднак ёсць альтэрнатыва — віртуальны тур па экспазіцыі, магчымасць здзейсніць які дае сайт праекта поездпобеды.рф.