У Беларусі зараз знаходзіцца шэраг украінскіх вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў, якія не могуць вярнуцца дадому. Адзін з іх — у Асіповічах.
…Сяргей Гніліцкі ўжо тыдзень жыве ў кабіне аўтапоезда на паркоўцы грузавых машын, якая размешчана ў гарадской прамзоне. Выглядае малайцом: гладка паголены, чыста апрануты, і, як спачатку падалося, у бадзёрым настроі. Толькі хутка становіцца зразумелым, што гэта не болей чым форма псіхалагічнай самаабароны. Як у той песні, дзе нас б’юць, а мы лятаем.
Сам ён з Харкава, працуе ў мясцовай транспартнай кампаніі. У нашу краіну ездзіў часта. Чарговы рэйс быў просты: завезці ўкраінскі імпарт у Мінск, перагнаць машыну ў Асіповічы, загрузіцца і рушыць на радзіму.
Вось толькі ў беларускую сталіцу Гніліцкі прыбыў 24 лютага — у дзень, калі распачалася спецыяльная ваенная аперацыя па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны. Вадзіцель у новых абставінах не атрымаў ад свайго кіраўніцтва канкрэтых інструкцый, так што ў Асіповічы ён усё ж пераехаў, але тут апынуўся ў патавым становішчы.
Па словах Сяргея, забіраць груз бессэнсоўна. Вярнуцца паражняком, не маючы афіцыйна пацвержданага дазволу кіраўніцтва фірмы, — таксама не варыянт. Калі што здарыцца з машынай, менавіта вадзіцель будзе несці поўную матэрыяльную адказнасць. Да таго ж Гніліцкі ўпэўнены, што аўтапоезд без належных пуцявых дакументаў будзе канфіскаваны Узброенымі сіламі Украіны, а ён сам, як ваеннабавязаны, патрапіць пад мабілізацыю. З апошнім Сяргей катэгарычна не згодны. Чаму — не кажа, аднак, калі гаворка заходзіць аб словах і справах украінскага ўраду, яго твар нібы камянее. Напэўна, чалавеку ёсць аб чым маўчаць.
На момант нашай размовы крэдытная картца Гніліцкага была заблакавана, так што набыць нават самае неабходнае — ваду і ежу, “хвіліны-мегабайты” для тэлефона за ўласныя грошы ён не можа. Вадзіцелі-суседзі па паркоўцы, асіпаўчане, якія ведаюць яго невясёлую гісторыю, Сяргея падтрымліваюць, таму пра поўны фізіялагічны і псіхалагічны дыскамфорт гаворкі няма. Праўда, паліва ў машыне засталося толькі на тыдзень: для абагрэву кабіны, падзарадкі акумулятара рухавік трэба ўключаць рэгулярна. Што будзе, калі бакі апусцеюць, а доступ да грошай на карткі ўсё яшчэ не адкрыецца, Сяргей лічыць за лепшае не думаць.
Мужчына не губляе надзеі на расійска-ўкраінскія перамовы і спадзяецца, што яму хопіць аўтаномнасці, каб дачакацца станоўчых перамен у “вялікай палітыцы”.
Пакуль жа навіны з радзімы не радуюць. Сям’я Гніліцкага зараз у Харкаве, а там сітуацыя напружаная. Начальнік Нацыянальнага цэнтра ўпраўлення абаронай Расійскай Фэдэрацыі генерал-палкоўнік Міхаіл Мізінцаў заявіў, што “…нацыяналісты перашкаджаюць выхаду мірных жыхароў з блакіраваных населеных пунктаў. Такая даставерная інфармацыя маецца ў нашым распараджэнні ў першую чаргу па Кіеве, Харкаве і Марыупалі…” Па словах генерала, гэта робіцца, каб прыкрывацца мірным насельніцтвам як жывым шчытом, правакуючы на прымяненне зброі па бязвіных людзях.
***
Пастфактум. На момант здачы матэрыяла ў друк стала вядома, што адно з асіповіцкіх прадпрыемстваў дазволіла ўкраінскаму дальнабойшчыку перагнаць машыну на сваю тэрыторыю, дзе яна будзе знаходзіцца пад кругласутачнай аховай. Адным клопатам у Сяргея Гніліцкага стала меней. Але ж толькі адным…