У Асіповіцкім райвыканкаме: часу — мала, работы — багата

І менавіта гэта стала асноўным пры размове 17 кастрычніка на пасяджэнні райвыканкама, калі разглядаліся пытанні аб выніках работы галін народнай гаспадаркі раёна і выкананні бюджэту за студзень-верасень, даклады па якіх адпаведна зрабілі першы намеснік старшыні і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Васіль Пятроўскі і Ларыса Белая. Удзел у ім прымалі начальнікі ўпраўленняў арганізацыйна-кадравай работы і справамі Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Герасіменка і Барыс Іванюшын, і разам з імі старшыня райвыканкама Пётр Шукалаовіч высвятляў многія пытанні ў дакладчыкаў і шэрагу кіраўнікоў працоўных калектываў, дзе справы ідуць добра далёка не па ўсіх напрамках — ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў”, ЗТАА “Дахавы завод ТэхнаНІКОЛЬ”, ДУКВП “Райсэрвіс”, ААТ “Гандаль” і іншых.
Што ў цэлым маем па выніках трох кварталаў? За студзень-жнівень дасягнуты прагназуемыя на 9 месяцаў тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг. Паказчык па энергазберажэнні перавыкананы. За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю жылля агульнай плошчай 25,5 тыс. квадратных метраў — 101% да задання. Плюсуем па тэмпу роста рознічнага гандлю, менш мяркуемага ўзровень рэгіструемага беспрацоўя. Па даходах бюджэт раёна выкананы на 102,4% да плана. Па стане на 1 кастрычніка адсутнічае запазычанасць па падатках і зборах у бюджэт. Расходы кансалідаванага бюджэту адпавядаюць 97,9% да ўдакладнёнага плана 9 месяцаў. Дэбіторская запазычанасць у параўнанні з пачаткам года павялічылася, крэдыторскай запазычанасці на сёння няма. У эканоміцы раёна створана 502 рабочыя месцы пры гадавым заданні 670. У 347 прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання ўстаноўлена 421 адзінка тэрмінальнага абсталявання. Спраўляемся з даведзенымі лічбамі па зборы адходаў шкла і палімераў. Забяспечваецца выкананне ўсіх 43 нарматываў дзяржсацстандартаў па абслугоўванні насельніцтва.
Але адначасова хапае і пытанняў, па якіх “недабягаем”. Напрыклад, адстаём у разліку на 1 сярэдняспісачнага работніка ад даведзенай з выручкай ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг. Не выканана заданне па росту зарплаты за жнівень і студзень-жнівень. Парушэнне тэрмінаў яе выплаты ў ІІІ квартале дапусцілі філіял КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ № 199, СЗАТ “Шклозавод “Ялізава” і ПГУП “Ялізава-сэрвіс”, ёсць праблемы ў СВК “Калгас “Каўгарскі”, “Карытнае”, “Бярэзіна”, “Ясень”. У наяўнасці засваенне менш даведзенага задання інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгас-арганізацыях да адпаведнага перыяду 2013 года толькі 99,5% (заданне — 105,4%). Мінусуем па вы-творчасці малака і мяса. Не дасягнуты леташні ўзровень па аб’ёму розніч-нага тавараабароту ААТ “Гандаль” (77,9%), райпа (92,1%), Асіповіцкім кустом ААТ “Жэлдорсэрвіс г. Магілёў” (85,5%). Адстаём з прыростам гандлёвых плошчаў. Рэнтабельнасць продажаў па раёне паменшылася з 6,4 да 1,2%. Шэсць арганізацый — 14% ад агульнай колькасці ўлічваемых — атрымалі страты ў суме 297,3 млрд. руб. Не выканана заданне па зборы (нарыхтоўцы) адходаў паперы і кардону, тэкстылю і гумы.
Карацей, “вузкіх месцаў” у рэгіёне па-ранейшаму хапае, да канца года часу застаецца ўсё меней, а таму перад усімі і стаіць задача прыкласці максімум намаганняў, каб выправіць недахопы, справіцца з планамі-заданнямі. Што і знайшло адлюстраванне ў прынятых рашэннях.