У Асіповіцкім райвыканкаме

Аб выніках работы галін народнай гаспадаркі і выкананні бюджэту раёна за I квартал 2014 года — вось галоўныя пытанні, разгледжаныя на чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло пад началам старшыні Пятра Шукаловіча з удзелам кіраўніка Бабруйскага міжрайкамітэта дзяржкантролю Аляксея Фёдарава. Даклады па іх зрабілі адпаведна першы намеснік старшыні райвыканкама Васіль Пятроўскі і начальнік фінансавага аддзела Ларыса Белая.
Меры па выкананні параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і павышэнні эфектыўнасці народнагаспадарчага комплексу раёна, канечне, прымаюцца, і з тым жа выкананнем бюджэту, да прыкладу, справы абстаяць няблага: 106,8% да плана справаздачнага перыяду. Паступленні ўласных даходаў склалі 112,3% квартальнага плана, запазычанасці па падатковых плацяжах у бюджэт і мэтавыя бюджэтныя фонды па стане на 1 красавіка няма і г.д.
Але ў цэлым год распачаўся надзвычай цяжка. У выніку і агучаныя лічбы, за выключэннем асобных — энергазберажэнне, увод у эксплуатацыю жылля і некаторыя іншыя — выклікаюць вялікую заклапочанасць.
Напрыклад, не выканана заданне па росту заработнай платы. Не дасягнуты прагназуемыя на год тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг, аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Найбольшае падзенне атрымання малака ў СВК “Калгас імя Чарняхоўскага” і “Калгас “Бярэзіна”; недапалучаны прыплод цялят у “Авангардзе”, “Новым шляху”, “Бярэзіне”, “Чырвоным ударніку”. Не дасягнуты леташні ўзровень па аб’ёму рознічнага тавараабароту ААТ “Гандаль” (77,6%) і райста (91,6%). Рэнтабельнасць продажаў па раёне наогул знізілася з 2,8% да мінус 3,3%. Восем калектываў (18,6% ад агульнай колькасці) — СЗАТ “Шклозавод Ялізава”, СЗАТ “Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод”, ЗПВУП “Парфумерна-касметычная фабрыка “Сонца”, ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў”, СААТ “Дах”, КБМУП “Прамаграбуд”, АДУКВП “Райсэрвіс”, УКДВП “Рамбуд” — атрымалі страты ў памеры больш за 80 мільярдаў рублёў. Створана толькі 3 камерцыйныя арганізацыі, тады як гадавое заданне прадугледжвае 45 адзінак. У праграму мадэрнізацыі раёна ўключана 23 арганізацыі, але ў студзені-лютым на фінансаванне адпаведных мера-прыемстваў накіравана толькі 4% гадавога плана фінансавання — $1,78 млн. Не забяспечылі выкананне задання па збору другаснай сыравіны па асобных відах адходаў 50 арганізацый раёна са 109 — 45,9%.
Пералік “дасягненняў” можна, на жаль, працягваць, а таму старшыня райвыканкама і ўзняў з тлумачэннямі не аднаго з кіраўнікоў працоўных калектываў — Аляксандра Маслава (“Райсэрвіс”), Валянціна Кузьміча (“Рамбуд”), Віктара Антоненку (“АЗАА”), Валянціна Шкурына (“Бярэзіна”), шэраг другіх. Дакладна вызначыцца са шляхамі выпраўлення дапушчанага адставання і справіцца з запланаваным — вось сутнасць размовы, стаячых перад адстаючымі задач. Тым больш, што рэзервы для гэтага ёсць, паказчыкі па розных пазіцыях з месяца ў месяц растуць.