Цуды Асіповіцкага раёна. Тры вандроўкі па каналу Халадцова

Канал Халадцова, які злучае рэчкі Пціч і Сіняя, унесены ў спіс “Сем цудаў Асіповіцкага раёна”. Яго галоўная адметнасць — у гэтым гідратэхнічным збудаванні вада цячэ ў два бакі. З’ява такая называецца “біфуркацыя” і мае вельмі простае тлумачэнне. Канал перасякае вадападзел паміж басейнамі Пцічы і Свіслачы, таму вада, якая трапляе ў яго каля вышэйшага пункту прылягаючай мясцовасці, цячэ ў бок паніжэння рэльефу. Але ці магчыма “вылічыць” гэты самы вышэйшы пункт рэльефу, дзе біфуркацыю можна ўбачыць уласнымі вачамі? Знайсці адказ на пытанне днямі паспрабавалі аматары вандровак па роднай прыродзе Аляксандр Дораш і Дзмітрый Саўрыцкі. І вось куды завяла іх любоў да прыгод і падарожжаў.
Вандроўка гістарычная
Адкуль узяўся на асіповіцкай зямлі незвычайны канал?
У 1874 годзе на тэрыторыі Паўночна-заходняга краю Расійскай імперыі пачала працаваць “Заходняя экспедыцыя” — такую назву атрымала рабочая група па правядзенні меліярацыйных работ, якую ўзначаліў вядомы геадэзіст генерал Іосіф Жылінскі. Працавала экспедыцыя 20 гадоў і асушыла каля 400 тысяч гектараў зямлі. Пры гэтым уплыў першай беларускай меліярацыі адчуваўся на плошчы ў 2,5 мільёна гектараў. Праект для свайго часу быў маштабны і дарагі: планавалася пабудаваць амаль 4,4 тыс. кіламетраў каналаў, 549 мастоў, 30 шлюзаў, на што з дзяржаўнай казны выдзялялася 2,8 млн рублёў — прыблізна 127 мільёнаў сённяшніх долараў.
Тэрыторыя сучаснай Асіповіччыны ляжала на паўночнай мяжы асноўнай зоны дзеяння Заходняй экспедыцыі. У якіх аб’ёмах вялася меліярацыя ў нашым краі дакладных звестак няма, але, па меркаванні краязнаўцы Юрыя Клеванца, канал Халадцова будаваўся не за дзяржаўныя грошы. Такую выснову дазваляе зрабіць знаёмства з тагачасным размеркаваннем казённых і прыватных надзелаў. Міжрэчча Пцічы і Сіняй займалі маёнткі Вітгенштэйнаў, Бокшаў і шэрагу дробных памешчыкаў. У Расійскай імперыі за дзяржаўны кошт на прыватных землях ніякія работы не праводзіліся — прынцып немэтавага выкарыстання бюджэтных сродкаў дзейнічаў і ў даўнія часы. Таму найбольш верагодна, што канал будаваўся “гаспадарчым спосабам”: памешчыкі дамовіліся з інжынерам-меліяратарам Заходняй экспедыцыі Халадцовым, каб той распрацаваў праектна-каштарысную дакументацыю і наглядаў за правядзеннем работ. А потым “скінуліся”, каб будаўніцтва аплаціць.
Работы вяліся пераважна зімой. Капаць зямлю наймаліся мясцовыя сяляне, для якіх гэта быў звыклы час для падрадных заробкаў. Рабочых рук у вёсках тады хапала — некалькі соцень, а, калі трэба, і тысяч землякопаў наняць было нескладана.
Зразумела, ніякай механізацыі не было: грунт вымаўся ўручную, рэчышчы ачышчаліся чарпакамі з платоў, а масты і драўляныя шлюзы рабіліся пілой ды сякерай. І ўсё гэта — стоячы ў халоднай вадзе…
Мэтай стварэння канала Халадцова было не асушэнне зямель, а сплаў бярвенняў: асіповіцкія памешчыкі хацелі атрымаць ад лясных угоддзяў хуткі даход. Аднак з пускам чыгункі Асіповічы-Дараганава карыстацца каналам для транспарціроўкі драўніны стала нявыгадна, і ён вельмі хутка страціў эканамічнае значэнне.
Вандроўка па тапаграфічнай карце
Сёння адзін з першых штучных вадацёкаў Асіповіччыны з’яўляецца часткай меліярацыйнай сістэмы раёна. Месца яго ўпадзення ў раку Сіняя — каля в. Осава. Канал перасякае шашу Асіповічы-Дараганава на ўездзе ў вёску з боку горада недзе ў 100-150 метрах ад свайго вусця.
Ад Осава канал ідзе праз сельгасугоддзі на поўдзень, мінуючы вёскі Заручэўе, Ставішча, Ягаднае. Далей робіць шырокую дугу па лесе, перасякае з захаду на ўсход урочышча Мачынск, паварочвае на поўдзень і ўпадае ў Пціч. Пункт біфуркацыі знаходзіцца каля ўрочышча Ячкава — у лясным масіве паўднёвей Ягаднага. Розніца паміж вышэйшым і ніжэйшымі пунктамі рэльефу мясцовасці ўздоўж рэчышча каля 10 метраў. Пры даўжыні канала каля 15 кіламетраў перапад вышынь атрымліваецца невялікі, так што цячэнне ў ім зусім павольнае.
Месца далучэння канала да Пцічы таксама не пераблытаеш: яно паблізу ад вёскі Радуцічы, на самай сярэдзіне выразнага паўкруга, які апісвае стромкая рэчка.
…І ў рэчаіснасці
Першапачаткова мэта падарожжа была эпатажнай: ужыць канал у першапачатковым значэнні — як транспартную артэрыю — і праплыць па ім у гумавай лодцы з Сіняй у Пціч. Праўда, пасля папярэдняга азнаямлення з мясцовасцю, план стаў больш рэалістычным: узровень вады на ўчастку Осава-Заручэўе зусім нізкі, а бліжэй да сярэдзіны канала пачынаецца край непалоханых баброў. Перацягваць жа субтыльную лодку праз шматлікія плаціны з востразаточаных галін — справа брудная, марудная і рызыкоўная.
Таму вырашылі колькі магчыма — рушым пешшу, а лодкай карыстаемся толькі там, дзе ісці зусім нельга. Ну і каб патрапіць на супрацьлеглы бок Пцічы, зразумела.
Прыгоды пачаліся амаль адразу, як мінавалі дарогу, што злучае Ягаднае і Ставішча. Правы — па накірунку нашага руху — бераг быў пакрыты суцэльным “дываном” з апруцянелых ваўчкоў, левы — лясісты — выглядаў больш прывабна. Аднак ісці па ім аказалася тым яшчэ выпрабаваннем! Тутэйшыя бабры не толькі нарабілі плацін, але яшчэ і накапалі ў зямлі сапраўдны лабірынт тунэляў! Станеш на такі падземны ход, а ён абвальваецца, нага ляціць уніз, чалавек губляе раўнавагу і падае. Першы раз — дзіўна, другі — прыкра, а потым ужо і страшна.
Каб пазбавіцца ад пагрозы чарговага па-дзення, адышлі ад канала на некалькі дзясяткаў метраў. Ісці стала лягчэй, але эканомія сіл скончылася марна: у адным месцы да цэнтральнага рэчышча далучаецца некалькі іншых каналаў, і пры чарговай пераправе мы пайшлі не па левым рукаве, як трэба, а па правым. Памылку вызначылі позна: калі канал раптоўна скончыўся. Вяртацца, каб зноў скакаць праз бабрыныя норы, рызыкуючы зламаць ногі, ніякага жадання не было. Таму — бывай, таямнічы пункт біфуркацыі, няхай на карце раёна застанецца “белая пляма”, а мы адразу рушым ва ўрочышча Мачынск.
На выгляд яно — звычайнае поле, пакрыжаванае меліярацыйнымі каналамі і, тым не менш, прыблізна напалову забалочанае. Балота дагэтуль замерзлае — напэўна таму, што шчыльная падушка з сухой высокай травы стварае надзейную цеплаізаляцыю. Каб прабіцца да канала Халадцова, трэба было фарсіраваць некалькі неглыбокіх канаў. З нашай экіпіроўкай — ніякіх праблем, але…
Калі пераадолелі апошнюю водную перашкоду, вырашылі зрабіць прывал. Знялі з сябе рукзакі і сумкі з рыштункам, кінулі на зямлю. Кейс з фотаапаратам патрапіў у выбоіну і з яе… пакаціўся ўніз. Выратавальная аперацыя заняла некалькі секунд, аднак далікатная электроніка ўсё ж вады нахлябалася. Звычайна, калі здымаць няма чым, пачынаецца карагод цікавых сюжэтаў — закон подласці выключэнняў не мае! Пара чорных буслоў нетаропка ляціць прама над нашымі галовамі, мінаем шыкоўны краявід, на адлегласці ў некалькі метраў выбягае на дарогу і здзіўлена разглядае падарожнікаў норка…
Затое пад канец падарожжа пашанцавала. Нехта выпаліў зараснікі камышу ў рачной пойме, таму ісці па ўчастку, які лічылі самым складаным, было зусім лёгка. Як вынік — праплылі па каналу Халадцова менш 100 метраў: каб хоць фармальна скарыстаць яго ў якасці транспартнай артэрыі.
Потым яшчэ з кіламетр рушылі па Пцічы — і гэта была самая прыемная частка нашага падарожжа.
…Вось толькі ці мела б пачуццё задавальнення сапраўдную вастрыню, калі падарожжа абышлося без нечаканых перашкод і непрыемнасцей?
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.