Сям’я моцная згодай

Яны нарадзіліся ў розны час: ён — у трыццаць другім, яна — на 7 гадоў пазней. Дзяўчынка гадавалася ў роднай сям’і, а хлопчык рос пры мачысе: маці рана памерла, тата загінуў у жэрле вайны. Пра тую страшную для ўсіх часіну абое адзываюцца з сумам. Толькі яна мала чаго аднаўляе з уласных успамінаў — бадай, сама ўрэзалася ў памяць, як фашысцкі самалёт бамбіў хаты, і малая хавалася з бабуляй пад сянніком. Хлапчук жа многа чаго запомніў, пра што і расказваць, нават цяпер, не хочацца.
Уся гісторыя гэтай сям’і звязана з Радуцічамі. Толькі першая палова праходзіла паасобку, у бацькоўскіх хатах, а ўжо другая — поруч.
Стасункі ў юнацтве вялі кожны са сваёй узроставай кампаніяй. А заўважылі адно аднаго не на танцах ці кірмашы, а ў празаічных умовах. Таццяна, якая пасля сямігодкі пасла калгасных цялят, на ферму, як і таварышкі, бегала не па вуліцы, дзе было гразка, а агародамі. Гэты маршрут на вёсцы нават атрымаў жартаўлівую назву: “Камсамольская вуліца”. Вось Мікола і запрыкмеціў ладную ды вясёлую дзяўчыну.
Пазнаёміліся, сталі сябраваць. Вечарамі, калі пасля цяжкага працоўнага дня моладзь збіралася разам, прыходзілі да гурту. Мікалай любіў спяваць, Таццяна — танчыць. Але яе сябар быў не майстар да скокаў, таму, каб дзяўчына не сумавала, уласнаручна вы-біраў ёй партнёраў на танец. Яго заляцанні доўжыліся 4 гады, а потым, у 1961 годзе, зарэгістравалі шлюб. Малады муж прывёў жонку ў сваю хату, пазней — пабудавалі ўласную. Як грыбы пасля дажджу, пайшлі дзеці. Тры сыны і дзве дачушкі нарадзіліся і выраслі ў сям’і Ерко. Яе матуля да таго часу памерла, таму гадавалі дзяцей уласнымі сіламі, без бабуль.
Мікалай Барысавіч адпрацаваў чатыры дзесяцігоддзі трактарыстам, а Таццяна Міхайлаўна доўгі час шчыравала на ферме. І дома таксама працавалі, не пакладаючы рук. Агарод, гаспадарка. “Усякую жывёлу ды птушку трымалі, апроч коз ды авечак, — усміхаецца гаспадыня. — А цяпер ужо і зямлі столькі не засяваем, як раней, і скаціну не гадуем. Ды і не трэба гэта: ёсць жа пенсія. А калісьці працавалі амаль дарма. Неяк гаспадар атрымаў 12 рублёў перад Пасхай, дык столькі радасці было! Змог купіць сабе шапку, тапкі”…
Галоўнае шчасце бацькоў — дзеці і ўнукі. Сюды яны залічваюць і нявестак з зяцямі — да ўсіх адносіны аднолькавыя. Васьмёра ўнукаў ды двое праўнукаў. Усе асталяваліся недалёка ад бацькоў, таму хата не пустуе ніколі.
Мікалай Барысавіч і Таццяна Міхайлаўна не толькі маюць трывалыя сувязі з малодшым пакаленнем, але і між сабой захавалі павагу ды цеплыню. А ў такім паважаным узросце ўзаемны клопат ды спагада — вельмі важныя складальнікі душэўнага спакою і здавальнення ад кожнага дня, што дарыць лёс.
54 гады яны крочаць па жыцці поруч, служачы прыкладам для родных і несучы святло навакольным. Угледзьцеся ў іх адкрытыя твары, шчырыя вочы. Простыя і надзіва прываблівыя, як сама прырода. Ці не варта многім маладым сем’ям вучыцца жыць лепш не па сучасных серыялах ды бестселерах, а праз зносіны з такімі вось людзьмі?
Іна ЗАСКЕВІЧ. Фота Ніны Царык.