Свята першай баразны правялі ў Асіповіцкім раёне

Свята першай баразны прайшло ў аўторак на землях ААТ «ЖорнаўкаАГРА». Па старадаўнім абрадзе, які ў народзе называюць «Засеўкамі», распачалося яно песняй у выкананні народнага ансамбля народнай песні «Сваякі» Карытненскага сельскага Дома культуры. Нашы продкі гаварылі: «Калі з любоўю пакласці зерне ў раллю, то і колас вырасце з любоўю да цябе, вялікі і наліўны». Таму лічылася важным момантам стварыць у полі той асаблівы настрой, які будзе суправаджаць і дапамагаць земляробам у іх нялёгкай працы.
Адкрыў урачыстую частку «Засевак» старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, які адзначыў, што спрадвеку ў сялян былі асаблівыя адносіны да пачатку палявых работ. Яны ўкладвалі ў кожнае дзеянне глыбокі сэнс. З той пары многае змянілася. На дапамогу земляробу прыйшлі новыя тэхналогіі і энерганасычаная тэхніка, якая дапамагае ў кароткія тэрміны справіцца з вялікімі аб’ёмамі пасяўных плошчаў. Але правядзенне абраду павінна настроіць кожнага працаўніка на асаблівы стан душы: зямля прыносіць свае плады толькі тым, хто адносіцца да яе з любоўю і павагай.
Даў наказ працаўнікам палёў і старшыня гаспадаркі Віктар Стурліс: «Няхай высакародная, упартая праца будзе ў радасць, а добры ўраджай — узнагародай за яе!»
На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый раёна, жыхары аграгарадка Жорнаўка. Усе сталі сведкамі адраджэння старадаўняй народнай традыцыі — першага выхаду ў поле, які заўсёды суправаджаўся сімвалічнымі абрадавымі дзеяннямі і абавязкова благаславеннем на добрыя справы. Яно прагучала з вуснаў благачыннага Асіповіцкага раёна, настаяцеля Свята-Уведзенскага храма протаіерэя Васілія Белавуса. Пасля малебна свяшчэннаслужыцель акрапіў святой вадой збожжа, поле, тэхніку і механізатараў.
…Шырока крочачы за плугам, араты пракладвае першую баразну. За ім з лубамі ў руках ідуць прадстаўнікі трох пакаленняў сялян, якія кідаюць у зямлю адборнае зерне, што, без сумнення, прарасце добрым ураджаем.
Эстафету прымае лепшы механізатар гаспадаркі Аляксей Басякоў, які вывеў у поле магутны трактар «Беларус» з сеялкай, здольнай засяваць паласу са значна большай шырынёй, чым размах чалавечай рукі. Працаўнікоў услаўляюць добрай песняй самадзейныя артысты са «Сваякоў»…
Святам першай баразны дадзены старт не толькі пасяўной кампаніі, але і мерам па навядзенні парадку на зямлі, прадугледжаным у рамках правядзення ў краіне Года культуры.
Ніна ВIКТОРЧЫК. Фота аўтара.