Свіслацкая паслядоўніца АнгЕлінай, ці Народжаная пры Часовым урадзе

Гэта цяпер звычна бачыць жанчыну за рулём аўто, а амаль восем дзясяткаў гадоў назад, калі акрамя каня ці лодкі транспарту, бадай, не ведалі, людзі прывыклі давяраць, як кажуць, сваім дваім. Таму калі на вясковай вуліцы з’явіліся першыя трактары, на іх глядзелі як на нейкі цуд, а картэж з мясцовай дзятвы суправаджаў дзівоснае стварэнне да самай ваколіцы.
Каб кіраваць транспартным сродкам, патрэбна была спецыяльная падрыхтоўка, кемлівасць і працавітасць, таму на месца вадзіцеля садзілі самых граматных і адказных калгаснікаў. Сярод такіх аказалася і Юзэфа СУДНІК.
Жыццё наогул прынята прадстаўляць у выглядзе зебры — з чаргаваннем чорных і белых прамежкаў. Цёмныя палосы яе гісторыі былі чамусьці больш працяглымі, а гэта жанчына аб тым старалася не думаць. Кіравалася яна народнай прыказкай: “Трэба жыць, як набяжыць”. А набягала рознае…
Сям’я, у якой расла Юзя, была працавітай, дружнай, усе любілі і паважалі і адно аднаго, і зямлю-карміцельку. Мелі ў хлеве патрэбную жыўнасць,18 дзесяцін зямлі, прылады працы. На кірмаш ездзілі ў вазку, што было адным з паказчыкаў заможнасці. Нарадзілася сямёра дзяцей, але нечаканая хвароба скасіла большую іх палову, пакінуўшы бацькам толькі дваіх. Яшчэ падабралі хлопчыка-сіротку, якога расцілі як уласнага.
Вось толькі забяспечанае жыццё суседзяў не ўсім прыйшлося даспадобы — знайшліся і зайздроснікі. І калі пачалася калектывізацыя, мясцовыя лайдакі-абібокі не прамінулі магчымасці паквітацца з працавітымі вяскоўцамі. Не дапамагло і тое, што Антон Суднік разам з жонкай уступіў у калгас, што палову сваёй гаспадаркі здаў туды і вучыў тых, хто раней не меў уласнай скаціны, правільна даглядаць жывёлу. Ноччу з’явілася бязлітасная “тройка”. Забралі ўсё: хату, зямлю, жывёлу, адзенне. Арыштавалі бацьку і старэйшага брата. Хлопец у лагеры загінуў, не надоўга перажыў сына і бацька. Ураз асірацеўшыя, Юзя з матуляй пасяліліся ў стопцы, якая стала для іх адзіным прытулкам. Але яны не скарыліся лёсу.
Дзяўчына за плячыма мела 7 класаў, цягнулася да навукі, але пасля раскулачвання на далейшай вучобе быў пастаўлены крыж. Затое калі спатрэбіліся спецыялісты для МТС, то падышла па ўсіх паказчыках. Выконваючы вядомы ў той час заклік Праскоўі Ангелінай: “100 000 сябровак — на трактар!”, маладая жыхарка Клічаўшчыны скончыла курсы ў Мсціславе і стала вадзіць спачатку трактар, потым машыну.
Праз два гады дзяўчыну-вадзіцеля прыкмеціў старшыня свіслацкага калгаса Млявы — угаварыў пераехаць у суседні раён. Ужо на новым месцы Юзэфа сустрэла Пятра Дайнеку, і маладыя пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка. Толькі шчасце было нядоўгім — чорнай маланкай наляцела вайна. Пятра адправілі ў Нямеччыну, але крыху ад’ехаўшы ад родных мясцін ён разам з таварышамі ўцёк з вагона і стаў партызаніць. Быў разведчыкам, з Рымай Кунько і другімі хадзіў на заданні. А Юзэфа, калі фашысты падыходзілі да вёскі, уласнаручна разабрала сваю “палутарку” і схавала ўсё ў сіласную яму — каб не аддаць ворагу. І, забягаючы наперад, людзі вельмі здзівіліся, калі праз доўгія тры гады маладая вадзіцелька прыехала да створанага зноў калгаса на адной толькі ёй вядома адкуль узятай машыне.
Як жылося ў час акупацыі — казаць не трэба. Юзэфа Антонаўна падтрымлівала сувязь з партызанамі. Калі немцы разбамбілі вагон з соллю, цішком збірала гэту жыццяважную прыправу і прыносіла ў лясёнцы лясным жыхарам. У той час маладзіца нарадзіла сына, але муж у сорак трэцім трапіў у варожую засаду і загінуў. Пахавалі яго ў лесе, а калі ў Свіслачы стваралі брацкую магілу, астанкі Пятра Дайнекі з ушанаваннем перанеслі туды.
Пасля вызвалення жанчына прыступіла да звыклай шафёрскай справы. Мужчын у гаспадарцы не хапала, таму рабілі за сябе і за таго, каго не дачакаліся з фронту. Пра выхадныя нават не марылі. Яшчэ прыцемкам ускоквала Юзэфа ў кабіну і пасля захаду сонца, змораная, выходзіла вонкі, каб праз некалькі гадзін зноў прыступіць да работы.
Што малыя? Заставаліся на гаспадарцы разам з бабуляй, якая страціла зрок. Дачка ўспамінае, як цягала ледзьве не па зямлі вёдры з вадою, варыла нейкую страву, даглядалі з братам карову. Часам матуля ад’язджала на некалькі дзён у Заходнюю Беларусь па кароў ці зерне, але яны ўпраўляліся: дзеці вайны рана станавіліся самастойнымі…
Чвэрць веку адкалясіла Юзэфа Антонаўна Дайнека — адна з пяці ў вобласці жанчын-шафёраў — па гасцінцах і бездаражы. Вырасціла дзяцей. А потым яшчэ каля двух дзесяцігоддзяў прыбірала школу санаторнага піянерлагера “Свіслач”.
Нядаўна гэты легендарны чалавек адзначыў 96-ы год нараджэння. На свет яна, дарэчы, з’явілася за колькі дзён да знакамітага стрэлу крэйсера “Аўрора”, ды і Дзень аўтамабіліста амаль супаў з днём яе народзін. Праўда, віншаванні бабуля прымала толькі ад дзяцей і ўнукаў: калгас, на жаль, забыўся пра таго, хто стаяў ля яго вытокаў. А між тым не пашкодзіла б наведаць самую старэйшую работніцу, паслухаць яе ўспаміны і ўзяць лепшае на ўзбраенне. Ды і наогул павучыцца мужнасці і адданасці выбранай справе.
Іна ЗАСКЕВІЧ.

