ШКЛОЗАВОДУ — 100 ГАДОЎ. З ЮБIЛЕЕМ ЦЯБЕ, ЯЛIЗАВА!

ШКЛОЗАВОДУ — 100 ГАДОЎ. З ЮБIЛЕЕМ ЦЯБЕ, ЯЛIЗАВА!

“Сентября 16 1913 г.
его Высокородію господину Старшему Фабричному Инспектору
Минской губ.
Арендатора стекольного завода “Елизово” М.И.МерлисаOLYMPUS DIGITAL CAMERA
м-ко Свислочь Бобруйск. Уезда Минск. г. 
Заявленіе
Симъ имею честь довести до

сведенія Вашего Высокородія, что 16 сего сентября,

                                      построенный Мною стекольный заводъ началъ работать.
                                                                                                                            По дов. М.И.Мерлисъ и К°.”

Гэта — копія архіўнага дакумента, афіцыйнага пасведчання аб нараджэнні заводскага калектыву, які сёлета адзначае сваё 100-годдзе. Розныя часіны прыйшлося перажыць яму, былі як светлыя палосы ў жыцці, так і цёмныя. А пісалася біяграфія так…
Станаўленне
Выбар месца для будаўніцтва завода менавіта ў Ялізаве — геаграфічнае становішча; вялікія лясныя масівы, якія дазвалялі мець таннае паліва; наяўнасць рачнога і сухапутнага шляхоў, размешчанай непадалёку чыгункі; дастатковая колькасць таннай рабочай сілы з навакольных вёсак; залежы пяску як асноўнай сыравіны для шкляной вытворчасці і г.д. — быў невыпадковым. Што, пралічыўшы ўсе плюсы і мінусы, і скарысталі прадпрыемлівыя людзі таго часу, атрымаўшыя ад дзяржавы дазвол на ўзвядзенне прадпрыемства. Выдаваўся ён пану Незабытоўскаму, аднак сапраўднымі гаспадарамі былі купцы-яўрэі Мерліс і Гольдберг, якія фармальна лічыліся арандатарамі.
Будаўнічыя работы распачаліся ў 1912 г., а ўжо ў наступным была выдадзена першая прадукцыя. Тады тут працавала 62 чалавекі, з іх 60 — рабочыя, у ліку якіх былі дзеці, і 2 служачыя. Складаўся завод з трох звязаных між сабою драўляных памяшканняў, у якіх непасрэдна і ішоў працэс вырабу шкла. Канешне, тагачасная тэхналогія моцна адрознівалася ад сучаснай, але ў пасёлку і цяпер памятаюць і гаршковую шклаварную печ, і так званыя “халявы” — выдзьмухваемыя выдзімальшчыкамі вырабы ў форме цыліндра вагой каля 5 кілаграмаў: яны потым разразаліся ўздоўж, дастаўляліся ў гладзільню і распраўляліся там пад уздзеяннем тэмпературы, ператвараючыся ў шкляныя лісты памерам недзе 120х150 міліметраў.
Працаваць было вельмі цяжка: гарачая бесперапынная вытворчасць, пастаяннае парушэнне з боку кіраўніцтва правоў людзей, 12-гадзінная працягласць рабочага дня, нізкая зарплата, жорсткая эксплуатацыя дзяцей, адсутнасць аплачваемых водпускаў, практычна ўсюды толькі ручная праца — пералік “прыязнасцей” можна працягваць доўга.
Да канца 1913 г. завод выпускаў звычайнае паўбелае — з зеленаватым адценнем — аконнае шкло (30 тысяч квадратных аршынаў), а ў наступным годзе распачаў яшчэ выпуск “манаполек” — бутэлек для гарэлкі. Восенню тут ужо рабіла 120 чалавек, а аб’ём валавой прадукцыі склаў 80 тысяч рублёў.
zavod4
Новы час: абнаўленне і мужанне
У пачатку 1918 г. завод быў нацыяналізаваны, яго першым дырэктарам стаў Станіслаў Амер. Але імперыялістычная і грамадзянская войны і варварскае гаспадаранне акупантаў нанеслі значныя страты прадпрыемству, таму аднаўленне вытворчасці праходзіла надзвычай цяжка. I ўсё ж да канца 1921 г. прадпрыемства падрыхтавалі да пуску: адрамантавалі вытворчыя памяшканні, устанавілі больш сучасную ванную печ, аднавілі дзве з трох гладзільні, газагенератар і г.д. 15 лістапада тры цэхі ажылі — выдзімальны, гладзільны і ганчарны. Тады ў тры змены па 8 гадзін працавала 111 рабочых, у тым ліку 19 жанчын і 8 служачых.
У 1922 г. прадпрыемства перайшло на гаспадарчы разлік, замест пагадзіннай аплаты ўвялі здзельную, і гэта забяспечыла значны рост прадукцыйнасці працы, скараціла расход паліва, паменшыла працэнт бою шклавырабаў і г.д. Але назіраліся і цяжкасці: недастатковая колькасць кваліфікаваных рабочых і недахоп належнай сыравіны.

zavod5
У лістападзе шклозавод “Ялізава” ў гонар 5-годдзя рэвалюцыі змяніў сваю назву — пераўтварыўся ў “Кастрычнік”.
Народная гаспадарка патрабавала ўсё больш аконнага шкла і шкляных вырабаў, а таму тут павялічваліся магутнасці. Паралельна не пакідаўся па-за ўвагай і сацыяльны бок жыцця: у 1923 г. адчынілі дзверы фельчарскі пункт і дзіцячыя яслі, у наступным годзе запрацавала заводская сталовая, у 1925 г. прынялі гаспадароў-навасёлаў 24 жылыя дамы, уступіў у строй драўляны клуб і г.д.
Паспяхова спраўляючыся з планамі, калектыў паступова пашыраў і асартымент тавараў: замест аконнага шкла пачаўся выпуск шклянак і іншага гаспадарчага посуду, а ў 1926 г. асноўнай прадукцыяй стала лямпавае шкло. На канец 1925 г. тут рабіла 413 чалавек, а праз 5 гадоў колькасць працуючых павялічылася ўдвая.
10 мая 1934 г. СНК БССР прыняў пастанову аб развіцці шкляной прамысловасці, і на наступны год разгарнулася будаўніцтва новага — “галоўнага”, як казалі тады — завода, уведзенага ў эксплуатацыю ў канцы 1936 г. Гэта было самае сучаснае прадпрыемства таго часу, на якім дзейнічалі паточная ванная печ навейшай канструкцыі і сістэма газагенератараў.
Але другая палова 30-х гадоў у нашай гісторыі адзначана і трагедыяй, звязанай з культам асобы Сталіна. Людзі жылі ў атмасферы страху і чакання арышту, работа ў такіх умовах не ладзілася, і план 1937 г. выкананы не быў. Ліхаманіла калектыў і ў наступныя два гады. Тады змянілася 4 дырэктары, не затрымліваліся доўга на сваіх месцах і спецыялісты. Завод апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы, так што наладзілася ўсё толькі з прыходам — кастрычнік 1938 г. — 36-гадовага Т.I.Батукова, які, “кінуты на прарыў” у Ялізава, адначасова сумяшчаў яшчэ і пасаду начальніка ўпраўлення шкляной прамысловасці рэспублікі.

zavod5
Новы кіраўнік цалкам справіўся з пастаўленай задачай: паспяхова выканаўшы планы, калектыў у 1939-40 гг. заваяваў пераходны Чырвоны Сцяг, а праца многіх работнікаў была адзначана ўзнагародамі і прэміямі. Менавіта тады за кароткі майска-кастрычніцкі перыяд 1938 г. тут з’явіліся і чыгуначная каляіна ад станцыі Свіслач, і вузкакалейка ад торфапрадпрыемства да завода, што дазволіла зняць хворае пытанне забеспячэння вытворчасці палівам.
У канцы 30-х гадоў на “Кастрычніку” рабіла каля тысячы чалавек. Асноўным відам прадукцыі заставалася лямпавае шкло: яго выпуск у год складаў каля 22 млн. штук, прычым чвэрць прадукцыі ішла на экспарт. Вьпускаліся таксама лямпавыя рэзервуары, бутэлькі для віна, слоічкі для крэма, прасаваныя чайныя шклянкі і графіны для вады. Аб’ём валавой прадукцыі павялічыўся ў 2,5 раза ў параўнанні з аднатыпнымі прадпрыемствамі Беларусі.
Напярэдадні Айчыннай вайны магутнасць завода складала 35 тон шкламасы ў дзень, гэта было па-сапраўднаму высокапрадукцыйнае прадпрыемства саюзнага значэння, але прыйшлі часіны ваеннага ліхалецця…
zavod3
Адраджэнне
Доўгачаканае вызваленне ад акупацыі прыйшло 30 чэрвеня 1944 г. Не хапала прадуктаў харчавання і вопраткі, людзі жылі ў зямлянках, але пад кіраўніцтвам былога партызана К.А.Кока, які выконваў абавязкі дырэктара, рабілася ўсё магчымае, каб што хутчэй наладзіць выпуск прадукцыі, вельмі патрэбнай для аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі.
Значную дапамогу “Кастрычніку” тады аказаў і ўрад рэспублікі — абсталяваннем, матэрыяламі і іншым. А ў адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 25 чэрвеня 1945 г. пачалося аднаўленне і другой чаргі прадпрыемства — прыйшлі высокакваліфікаваныя кадры, абнавілася абсталяванне, палепшылася якасць прадукцыі і г.д. Як вынік, у канцы пераможнага года ў Ялізаве вырабілі 281 тыс. лямпавага шкла і 33 тыс. лямпавых рэзервуараў, 214 тысяч шклянак, 180 — паўлітровых бутэлек і 75 — двухлітровых графінаў, а праз год лічбы сталі яшчэ больш уражлівымі: 1,75 млн. адзінак лямпавага шкла, 58,9 тыс. аконнага і г.д.
Да канца V пяцігодкі выпуск лямпавага шкла быў даведзены амаль да 16 тыс. штук замест 7,5 тысяч у яе пачатку. Гэтаму паспрыяў і пераход на аплату працы па выніках здачы гатовай прадукцыі на склад. Узяўшы накірунак на рэканструкцыю і пераўзбраенне, калектыў дасягнуў у тыя часіны значных поспехаў.
За 10-годдзе пасля вайны выпуск заводам валавой прадукцыі ў грашовым вылічэнні ўзрос з 1,5 да 14,5 млн. рублёў — у 9 разоў, выпрацоўка на аднаго рабочага — больш чым у 5 разоў, колькасць рабочых павялічылася з 376 да 667, а сярэдняя зарплата вырасла з 3.148 да 7.433 рублёў. У 1956 г. у параўнанні з мінулым выпуск валавой прадукцыі ўзрос на 30, а прадукцыйнасць працы — на 34%, затраты на 1 рубель таварнай прадукцыі паменшыліся на 5%, значна павялічыўся каэфіцыент выкарыстоўвання шкламасы.
Разам з удасканальваннем вытворчасці з’яўляліся і новыя прамысловыя аб’екты: 1947 г. — керамічны цэх, склады вогнетрывалаў і запчастак, канюшня; 1953 — пажарны вадаём; 1955 — тарны цэх, заводакіраўніцтва, прахадная. Не драмала і творчая думка завадчан: у 1956-58 гг. было ўкаранёна 72 вынаходніцтвы і рацпрапановы, якія далі 150 тыс. рублёў гадавой эканоміі.
Паралельна з “Кастрычнікам” рос і развіваўся і пасёлак: у 1952 г. уступіла ў строй дзеючых чыгуначная станцыя, праз 3 гады гасцінна адчыніў дзверы клуб, людзі засяліліся ў 26 новых дамоў, з’явілася школа рабочай моладзі і г.д.
zavod6
Будні і святы
Свой 50-гадовы юбілей калектыў адзначыў заваяваннем па выніках I паўгоддзя першынства сярод шклозаводаў і другога месца — па Саўнаргасе рэспублікі, за што 27 верасня быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Сярэдзіна 60-х гадоў знамянальная тым, што тут паспяхова выканалі план рэканструкцыі і расшырэння вытворчасці, у некалькі разоў павялічылі валавы выпуск прадукцыі. Было распачата ўзвядзенне дзетсада і ясляў, пральні, новага жытла, рэканструявалі састаўны цэх, кацельню, помпавую станцыю, склад вадкага паліва і мазуту, пачалі эксплуатаваць эксперыментальны цэх, бытавыя памяшканні і ачышчальныя збудаванні.
З 1960 па 1965 г. выпуск валавой прадукцыі ўзрос на 64, прадукцыйнасць працы — на 27%. Напярэдадні адзначэння 50-годдзя Савецкай улады на заводзе быў запушчаны цэх механізаванай апрацоўкі прасаванага посуду магутнасцю 63 млн. шклянак у год. Асваенне цэха вытворчасці гатунковага посуду і новай тэхнікі дазволіла калектыву паспяхова справіцца з планавымі заданнямі VIII пяцігодкі: аб’ём вытворчасці павялічыўся ў параўнанні з 1965 г. на 83, прадукцыйнасць працы — на 31, зарплата — на 30%.
Калі ў 1965 г. на прадпрыемстве рабіла 959 чалавек, то на канец сямідзясятага колькасць працуючых перавысіла ўжо 1,3 тысячы. 3 1966 па 1970 год у вытворчасць была ўкаранёна 231 рацпрапанова з эканамічным эфектам 202 тыс. рублёў.
На IX пяцігодку вызначаліся зноў высокія рубяжы: павялічыць валавую прадукцыю ледзь не на трэць, прадукцыйнасць працы — на 7% і г.д. I пастаўленыя задачы ў чарговы раз былі паспяхова вырашаны.
У 1974 г. уступіў у строй дзеючых заводскі прафілакторый рэспубліканскага значэння на 100 штомесячна адпачываючых і папраўляючых здароўе. У жніўні 1977 г. запрацаваў цэх шклопалатна, атэставаны праз два гады на Дзяржзнак якасці: штогадовы выпуск новай прадукцыі дасягнуў 20 млн. квадратных метраў. Яго пуск, дарэчы, дазволіў распачаць газіфікацыю не толькі завода, а і пасёлка.
3 1 красавіка 1988 г. завод стаў гасразліковым прадпрыемствам, — і гэта зноў станоўча адбілася на яго дзейнасці. Напрыканцы 80-х гадоў ялізаўскае прадпрыемства, на якім працавала 1.650 работнікаў, было адным з буйнейшых па вытворчасці прасаванага посуду з гадавым аб’ёмам больш 100 млн. вырабаў: выпуск шклатары дасягнуў 140 млн. слоікаў у паўлітровым вымярэнні, а шклопалатна выраблялася больш за 20 мільёнаў “квадратаў”. Аднак паступова ў краіне распачаліся дэзынтэграцыйныя працэсы, гадамі наладжаныя гаспадарчыя сувязі пачалі рвацца, — і гэта не магло не адбіцца на лёсе завода і яго людзей.

Праз іспыты на трываласць
Распад СССР калектыў “Кастрычніка” абмінуць не мог аб’ектыўна: 80% заводскай прадукцыі ішло менавіта за межы рэспублікі. Iстотна паменшыўся попыт на шкляныя вырабы, адчувальнымі сталі фінансавыя праблемы, многія работнікі прымусова адпраўляліся ў адпачынак і г.д. У выніку ў 1992 г. быў выведзены з вытворчасці цэх выпрацоўкі гатунковага посуду, у наступным — шклопалатна. I гэта, натуральна, адразу адбілася на стане заводскіх спраў у цэлым і наогул на колькасці занятых на вытворчасці людзей: у пачатку 1996 г. тут працавала ўжо толькі 624 чалавекі — у 2,5 раза менш, чым у 1990 г.
У 1995-96 гг. прадпрыемства было акцыяніравана, большасцю акцый пачала валодаць кампанія “Лада-ОМС”. Аднак зрухаў наперад не назіралася, стан спраў заставаўся нестабільным, а фінансавы і наогул цяжкім. Таму набыццё ў наступным годзе кантрольнага пакета акцый — 65% — працуючай са шклом і добра вядомай у свеце канадскай кампаніі “Консьюмерс-Гласс” выглядала цалкам лагічна. Яна ўклала $8,5 млн. на развіццё завода і ўтварыла СП “Шклозавод Ялі-зава”, долю ў якім меў як непасрэдна “Кастрычнік” — 25% акцый, так і кампанія “Лада-ОМС-Холдинг” — 10%.
Распачаліся рэканструкцыйныя і будаўніча-мантажныя работы, часткова набылі абсталяванне для новай вытворчасці, аднак намечанае было выканана не больш, чым напалову. Напачатку 2002 г. дэбіторская запазычанасць узрасла ў 11,7 раза і адпавядала $195 тысячам, а крэдыторская дасягнула $630 тысяч. Натуральна, у 1999-2001 гг. назіраліся і затрымкі з выплатай работнікам заработнай платы.
У такой сітуацыі ў сакавіку 2002 г. 65% акцый СП “Шклозавод Ялізава” набыла аўстрыйская кампанія “АТЕС”, якая і ўтварыла сумеснае закрытае акцыянернае таварыства пад аднайменнай назвай. Мадэрнізацыя старой і адкрыццё сучаснай вытворчасці, закупка навейшай тэхнікі, павелічэнне колькасці рабочых месцаў з 750 да тысячы, памяншэнне энергаёмістасці, павышэнне якасці, пашырэнне асартыменту і геаграфіі паставак — вось першыя крокі, якія зрабіла новае кіраўніцтва. Абноўленая вытворчасць не толькі цалкам задаволіла патрэбы Беларусі ў шклапосу-дзе, а і дазволіла пастаўляць тры чвэрці прадукцыі на знешнія рынкі, найперш — у Расію. Ужо ў трэцім квартале 2003 г. аб’ём вытворчасці ўзрос удвая і дасягнуў 220 млн. умоўных слоікаў у год.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAШТО ЎЯЎЛЯЕ САБОЙ ЗАВОД СЁННЯ?
Слова генеральнаму дырэктару Вячаславу РЫБАКУ:
— Завод многае перажыў за 100 гадоў, але нягледзячы на ўсе складанасці па-ранейшаму застаецца сэрцам пасёлка. I пакуль яно будзе біцца, да таго часу не спыніцца і жыццё ў Ялізаве. Многія яго жыхары цалкам знітаваны з прадпрыемствам, дзе праходзіла іх сталенне, дзе вучыліся чалавечай мудрасці і памяркоўнасці. Тут нарадзілася і вырасла не адно пакаленне шклавараў. Усе — і тыя, каго ўжо з намі, на вялікі жаль, няма, і тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, і сённяшнія працаўнікі — нашы гонар і слава. Менавіта яны стваралі, ствараюць і будуць ствараць гісторыю роднага завода, у якой багата яркіх старонак. I адна з іх зафіксавана 2002 годам. Чым быў адметны ён? З’яўленнем цікавага кампаньёна. Iм стала аўстрыйская кампанія ATEC Holding GmbH, што набыла пакет акцый шклозавода і актыўна занялася яго рэканструкцыяй і тэхнічным перааснашчэннем. Сёння можна гаварыць, што гэтыя работы практычна завершаны. Цяпер “Шклозавод Ялізава” — шматфункцыянальная шкляная кампанія, якая асвоіла тэхналогію вытворчасці як шырокагорлай тары для харчовай прамысловасці, так і вузкагорлай для лікёрагарэлачнай і піваваранай прадукцыі з каляровага і бясколернага шкла.
Пра вытворчасць
Што ляжыць у аснове вытворчага працэсу? Секцыйная тэхналогія, якая дазваляе ў кароткія тэрміны мяняць характарыстыкі выпускаемай прадукцыі, а таксама забяспечвае гнуткасць таварнай палітыкі ў выпадку змянення попыту па асобных яе відах.
Заводам зараз выпускаецца 120 розных шкляных вырабаў — з дзясятак гадоў таму іх было ўсяго чатыры. Сёння ж з канвеера сыходзяць такія віды шклатары, як слоікі ёмістасцю ад 100 грамаў да 4 літраў з абкатным спосабам закаркоўвання і з вінтавым горлам, шырокагорлыя бутэлькі па 250 і 750 грамаў, стандартная і эксклюзіўная гарэлачная бутэлька, піўная тара. Аб’ём вытворчасці гатовай прадукцыі складае ад 100 да 120 тысяч тон у залежнасці ад асартыменту.
За новымі тэхналогіямі — будучыня
У нас дзейнічаюць тры вытворчыя комплексы: цэхі №№ 1, 2 і 4. Першы прадстаўлены шклаварнай печчу магутнасцю 73 тоны шкла за суткі, трыма ротарнымі шклофармовачнымі машынамі тыпу ПВМ. Вытворчасць кожнай — 16-20 тон у залежнасці ад асартыменту. Тут ёсць таксама тры печы адпалу расійскай вытворчасці.
У другім цэху знаходзяцца печ магутнасцю 190 тон шкла за суткі, па дзве 8-секцыйныя шклофармовачныя IS-машыны магутнасцю 160 тон і столькі ж пячэй вы-творчасці Antonini Fosco & Figli Srl (Iталія).
Апошні комплекс укамплектаваны шклаварнай печчу магутнасцю 210 тон, дзвюма 10-секцыйнымі шклофармовачнымі IS-машынамі, вытворчасць кожнай — 110 тон вырабаў на працягу сутак, і дзвюма італьянскімі печамі адпалу.
Цэхі абсталяваны канвеернымі італьянскімі лініямі Sipac і Emetti. Кантроль якасці забяспечваецца інспекцыйным абсталяваннем, якое дазваляе кантраляваць каля 40 якасных паказчыкаў, акрамя першага комплексу, дзе інспекцыя праводзіцца вопытным персаналам.
Упакоўваюцца гатовыя вырабы аўтаматычна ў палеты і пакет-паддоны. Усе вытворчыя магутнасці падключаны да камп’ютарных сістэм кіравання і кантролю.
Не абысціся і без такіх памагатых, як цэх, у якім наладжана вытворчасць шыхты. Там працуюць дзве дазіровачна-змешвальныя лініі, якія выдаюць на-гара да 300 тон неабходнага матэрыялу. Дастаўляецца шыхта да шклаварных пячэй спецыяльным канвеерам.
Кампрэсарны ўчастак аснашчаны трыма турбакампрэсарамі.
Пра кадры
На заводзе працуе 660 чалавек. Сярэдні ўзрост — 42 гады. Каля 10% маюць вышэйшую адукацыю, крыху больш за 20 — сярэднюю спецыяльную. У складзе кіраўніцтва высокакваліфікаваныя спецыялісты, якім пад сілу любая вытворчая задача. Астатні персанал таксама добра падрыхтаваны, каб працаваць на новым тэхналагічным абсталяванні. Работнікі прадпрыемства выяз-джаюць на стажыроўкі ў іншыя краіны, штогод больш за 100 завадчан праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі. 16 чалавек набываюць веды ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, і за імі захоўваецца сярэдні заробак падчас сесій.
Пра спажыўцоў
На заводзе актыўна дзейнічае міжнародная сістэма арганізацыі збыту прадукцыі праз гандлёвыя дамы. Прадукцыя экспартуецца ў 20 краін СНД і Еўрасаюза. У ліку кліентаў — спажыўцы піўной тары з сусветнымі імёнамі Carlsberg, Heineken, InBev, а таксама беларускія кампаніі — ААТ “Піўзавод Аліварыя”, “Крыніца”, СЗАТ “Піваварная кампанія Сябар”, кансервава-нарыхтоўчае прадпрыемства “Санта-Брэмар”. У ліку пакупнікоў шклатары для лікёра-гарэлачнай прадукцыі буйнейшыя айчынныя заводы “Мінск Крышталь” і Брэсцкі завод “Белалко”, шэраг іншых.
Пра ўдзел у выстаўках
Завод пастаянна можна бачыць на такіх буйных міжнародных спецыялізаваных выстаўках, як “Свет шкла” (Расія) і “GlassTec” (Германія). За актыўны ўдзел, шырокі асартымент, за пастаўку прадукцыі на знешні і ўнутраны рынкі неаднаразова ўзнагароджваўся медалямі і дыпломамі.
Пра традыцыі
Нездарма кажуць: хто забудзе мінулае, той не знойдзе сабе дарогу ў будучыню. Каб гэтага не здарылася, у лютым 2006 года быў адкрыты музей. Экспазіцыя заснавана на ўнікальнай дакументацыі, звязанай з гісторыяй завода. Сабраны матэрыялы, якія апавядаюць пра разнастайныя тэхналогіі шкляной вытворчасці, прадстаўлены вырабы. Музей адлюстроўвае традыцыі аднаго са старэйшых прадпрыемстваў краіны, якое перажыло Першую сусветную вайну, Кастрычніцкую рэвалюцыю, перыяд нацыяналізацыі, гады грамадзянскай вайны, Вялікую Айчынную і, нарэшце, гады перабудовы. Асноўныя героі экспазіцый, безумоўна, працаўнікі, у тым ліку і цэлыя дынастыі.
Пра дынастыі
Iх не адзін дзясятак, і кожная ўпісала ў гісторыю завода сваю старонку — нават не адну. Да такіх сямей адносяцца з вялікай павагай. Калі падлічыць агульную колькасць гадоў, аддадзеных роднаму прадпрыемству, то лічба будзе ўнушальнай. Сярод вядомых дынастый — Логвіны, Чарняўскія, Казлоўскія, Канапліцкія і другія. Да прыкладу, калісьці маладая пара Міхаіла Iванавіча і Рэгіны Iосіфаўны Логвіных стала шклярамі ў сярэдзіне пяцідзясятых. Ён — ялізаўчанін, яна — з суседняга Клічаўскага раёна. Галава сям’і ўліўся ў заводскі калектыў у 14 гадоў. Рабіў машыністам шклофармуючых машын. За добрасумленную працу быў адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Працоўнай Славы 3-й ступені. Яго верная спадарожніца была прызначана напачатку майстрам змены, пазней — начальнікам аднаго з участкаў. На жаль, Міхаіл Iванавіч пайшоў з жыцця, але пакінуў пасля сябе добры след. Сын Эдуард і дачка Iна працягнулі бацькоўскія традыцыі і таксама шчыруюць на заводзе — начальнікам службы рамонту і тэхналагічнага абсталявання і інжынерам СТК адпаведна. Муж Iны Міхайлаўны з дынастыі Юркаўцоў — слесар-інструментальшчык. Абодва іх сыны таксама шкляры, але ў сілу абставін працуюць у Расіі на аналагічным прадпрыемстве.
З успамінаў Рэгіны Iосіфаўны:
— Для Логвіных завод — гэта цэлы лёс. Тут прабеглі-праляцелі найлепшыя гады жыцця. На працу ішлі з задавальненнем. Сярод рабочых адчуваўся дух спаборніцтва. Ніхто з маіх 80 чалавек падначаленых не шукаў больш лёгкага хлеба. Працавалі з душой, самааддана. Цэх быў пастаянным лідарам па вытворчых паказчыках. Сябравалі, дзяліліся горам і радасцю. У вольныя хвіліны разам бавілі час, збіраючыся то на святочны “агеньчык”, то на розныя ўрачыстасці. Завод клапаціўся пра нас. Многім дапамог з жыллём. Мы таксама атрымалі трохпакаёўку ў чатырохкватэрным доме. Зараз падтрымліваю зносіны з былымі калегамі, успамінаю добрым словам колішняга начальніка цэха Валерыя Iванавіча Шэўчыка, мужа і жонку Анатолія Iванавіча і Раісу Iванаўну Горыных — галоўнага інжынера і тэхнолага, былога дырэктара Анатоля Мазуру і цяперашняга — Вячаслава Iванавіча Рыбака, многіх другіх. Радуюся за дзяцей і ўнукаў і ганаруся імі. Iх паважаюць у калектыве, у сем’ях парадак. Ад роднага дома не адарваныя. I гэта для мяне — галоўнае.
З размовы з Iнай Міхайлаўнай Юркавец:
— На шклозаводзе, можна сказаць, вырасла. У школьныя гады нават набіраліся першага вопыту: разам з сябрамі сарціравалі шклянкі. Як спецыяліст пачынала майстрам СТК. Тады, у 80-я гады, шмат чаго рабілася ўручную. Было складана адсачыць якасць прадукцыі: падвяла зоркасць — брак забяспечаны. Зараз жа, дзякуючы новаму тэхналагічнаму абсталяванню, створаны зручныя ўмовы. Дадам, што і ў сацыяльным плане таксама камфортна адчуваем сябе. Кіраўніцтва праяўляе клопат пра персанал, у нас нядрэнныя зарплаты. Муж пачынаў тут машыністам, некаторы час быў членам каманды канструктарскага бюро, зараз — слесар. Сыны адчулі патрэбу ў шкляной справе. Не сталі адгаворваць — работа, знаёмая ім з дзяцінства. Добра ці дрэнна, што так склалася, але прыраслі да адной вы-творчасці ўсёй сям’ёй.
Пра моладзь
Моладзі да 31 года — 170 чалавек, з іх кіраўнікоў і спецыялістаў — 33. Як сказаў намеснік гендырэктара Аляксандр Шнек, на заводзе нядрэнны сімбіёз моладзі і вопытных работнікаў. I калі паміж імі дакладна наладжана работа, то атрымліваецца тое, што патрэбна. Сёння так і павінна быць. Маладых спецыялістаў тут вітаюць, давяраюць адказныя ўчасткі. Начальнікамі цэхаў і службы падрыхтоўкі аснасткі працуюць, напрыклад, Вячаслаў Шуклін, Таццяна Шыбайла і Яўгеній Вікторчык, інжынерамі — Дзмітрый Шкор, Валерый Паляшчук і Павел Канапліцкі. I кожнаму ёсць што сказаць пра работу.
Павел Канапліцкі, вядучы інжынер-канструктар:
— Я прадстаўнік цэлай рабочай дынастыі — і ганаруся гэтым. Родны дзядзька калісьці працаваў намеснікам галоўнага канструктара. Памятаю яго расказы пра аддзел, зараз сам цягнуся да такой патрэбнай справы. У калектыве працую 4 гады. Прыемна, што ініцыятыва маладых падтрымлі-ваецца, ёсць кар’ерны рост, добрыя ўмовы для работы і адпачынку. Да нас адносяцца з павагай. Заўсёды побач тыя, хто дзеліцца вопытам, падказвае. У тым ліку і мае настаўнікі — начальнік Яраслаў Дудко, калега Вольга Пазнякова. У ролі дарадчыка часта выступае бацька Мікалай Дзмітрыевіч. Дарэчы, наша дружная сям’я Канапліцкіх жыве заводам. Пасёлак таксама любіць. Здаецца, прыгажэйшага месца няма нідзе. I сярод маіх равеснікаў многія так думаюць. Таму і прыходзяць сюды працаваць, каб назаўсёды застацца дома.
Вячаслаў Рыбак:
У сувязі з юбілеем завода жадаю ўсім працаўнікам і ветэранам нашага прадпрыемства моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, міру, шчасця!

Последние новости

Общество

Где в Осиповичском районе можно купаться не нарушая закон?

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Бойцы студотрядов Осиповичского района приступили к работе

7 июня 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

Реалии нацистской оккупационной политики в Беларуси на примере Осиповичского и соседних с ним районов.

7 июня 2025
Читать новость
Здравоохранение

В Осиповичскую центральную районную больницу уже поступило 238 новых компьютеров, приобретенных за счет республиканского бюджета

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Могилевская область — победитель республиканского смотра-конкурса, проводимого в рамках выставки «БЕЛАГРО-2025»

6 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко утвердил новации в контрольной деятельности

6 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем