Самыя прыгожыя ёлкі ў Асіповічах-2014

Адзін з найбольш відовішчных конкурсаў у галіне добраўпарадкавання нашага горада праводзіцца ў снежні. Гэта — агляд на лепшае навагодняе і каляднае афармленне будынкаў і тэрыторый працоўных калектываў.
Сёлета журы асаблівую ўвагу звяртала на арыгінальнасць, навізну дызайнерскіх знаходак і, калі можна так сказаць, прагрэс у параўнанні з мінулым годам. Апошні паказчык сапраўды мае рацыю, бо дазваляе больш адэкватна ацаніць менавіта крэатыўнасць удзельнікаў, а не іх фінансавыя магчымасці.
У групе прадпрыемстваў прамысловасці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўнічых арганізацый першае месца было аддадзена калектыву вытворчага філіяла ААТ “Бабушкина крынка” — якраз на фоне святочнага ўбранства офіснага будынка “малочнага камбіната” была зроблена фатаграфія працэсіі Дзедаў Марозаў і Снягурак, размешчаная ў апошнім за 2014 год выпуску “раёнкі”. Другое — УКП ЖКГ, трэцяе — ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў”.
Сярод прадпрыемстваў транспарту, сувязі, паслуг і гандлю тройку лідараў узначаліла ДУКВП “Райсэрвіс”, якое адказвае за ўпрыгожванне ўсяго горада. Адпаведна другім і трэцім сталі чыгуначны вакзал (аздабленне перона і прывакзальнай плошчы) і гандлёвы цэнтр “Сіці-Мол”.
У групе, дзе спаборнічалі ўстановы культуры, адукацыі, аховы здароўя і фізічнай культуры, перамога дасталася раённаму Цэнтру культуры, а прызёрамі сталі спецшкола-інтэрнат і сярэдняя школа № 1.
На здымках: адны з самых “фотагенічных” выяў святочнага ўпрыгажэння Асіповіч: навагодняя яліна на прывакзальнай плошчы, каля філіяла ААТ “Бабушкина крынка” і парк на паўднёвым баку горада (ДУКВП “Райсэрвіс”).
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.