Рэсурсакарыстанне на Асіповіччыне: час падвядзення вынікаў
Дасягнуць гармоніі паміж інтарэсамі прыроды і чалавечай цывілізацыі наўрад ці магчыма — надта палярныя ў іх вектары развіцця. Тым не менш, захаванне пэўнага балансу інтарэсаў у ключавых накірунках прыродакарыстання — справа цалкам дасягальная. Адным з паспяховых крокаў, зробленых нашай краінай на гэтым шляху, можна лічыць агульнанацыянальную кампанію па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі. Крыху больш чым за дзесяцігоддзе Беларусь здолела дасягнуць такіх уражваючых поспехаў у “самаачыстцы” ад разнастайных адыходаў, што сёння добраўпарадкаванасць лічыцца сапраўдным нацыянальным брэндам.
Надыходзячы год аб’яўлены ў нас Годам беражлівасці, што адкрывае перад эколагамі “зялёнае святло” ў вырашэнні як мінімум адной даўно наспеўшай праблемы: павышэння эфектыўнасці рэсурсакарыстання. У гэтым сёння зацікаўлены ўсе: дзяржава, народная гаспадарка, грамадства. Апошняе асабліва істотна, бо дамашнія гаспадаркі з’яўляюцца адным з найбольш буйных спажыўцоў энергарэсурсаў — у краіне яны ў сукупнасці спажываюць каля 20% электраэнергіі і больш 40% цяпла.
Цікава, што на працягу двух апошніх гадоў менавіта Асіповіччына была адным з “палігонаў”, дзе ішла адаптацыя шэрагу еўрапейскіх навацый у галіне энергаэфектыўнасці да беларускіх рэалій. У маштабным праекце ЕС ва ўзгаданым накірунку — “Падтрымка рэалізацыі комплекснай энергетычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь” — быў задзейнічаны шэраг самых розных структур у Мінску і ў трох правінцыяльных гарадах — Жодзіна, Баранавічы і Асіповічы. На тэрыторыі нашага горада непасрэдная работа ў межах узгаданага праекта вялася пераважна сіламі экалагічнага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Дзеля жыцця на Зямлі”, навуковым кіраўніком якога з’яўляецца добра вядомая чытачам Святлана Зайцава.
“Раёнка” ў свой час паведамляла аб асноўных этапах работы экалагічнага аб’яднання і сама прымала ўдзел у
інфармацыйнай кампаніі па папулярызацыі спосабаў скарачэння энергаспажывання. Цяпер надышоў час расказаць аб выніках рэалізацыі праекта і далейшых перспектывах укаранення ідэй энергаэфектыўнасці, якія былі агучаны падчас правядзення “круглага стала” на тэму “Эфектыўныя метады энергазберажэння ў малых і сярэдніх гарадах”, які прайшоў 19 снежня. Мерапрыемства было арганізавана МГА “Экапраект Партнёрства” і стала зручнай пляцоўкай для канструкцыйнага дыялогу прадстаўнікоў асіповіцкага райвыканкама і райсавета, адказных работнікаў абласных камунальных і энергетычных службаў, экспертаў у галіне энергаэфектыўнасці. І, зразумела, неабыякавых прадстаўнікоў мясцовай супольнасці. Вось толькі асобныя з найбольш цікавых тэм, якія абмяркоўваліся.
Энергетычны “партрэт” сярэдне-статыстычнага асіпаўчаніна
У лістападзе было праведзена апытанне 260 землякоў з мэтай выявіць адносіны жыхароў малога горада да магчымасцей энергазберажэня і практычных спосабаў эканоміі ў побыце.
Як высветлілася, энергазберагаючыя паводзіны людзей у значнай ступені вызначаюцца тыпам іх жылля. У гаспадароў прыватных дамоў, дзе на ацяпленне выдаткоўваецца да 46% усіх спажываемых энергарэсурсаў, яно куды больш асэнсаванае, чым у жыхароў кватэр “шматпавярховак”, у якіх аплата цяпла не перавышае 35% “энергетычных” расходаў.
Увогуле, энергарэсурсы абыходзяцца даволі дорага: расходы на іх “з’ядаюць” 30-50% сямейнага бюджэту ў кожным трэцім прыватным доме і кожнай чацвёртай кватэры.
Жыхары прыватных дамоў бачаць больш магчымасцей для скарачэння энергаспажывання, што сведчыць аб дастаткова высокай эфектыўнасці камунальных службаў у рашэнні праблем энергаспажывання ў шматкватэрных дамах пры іх эксплуатацыі і правядзенні капрамонтаў.
Палова ўдзельнікаў апытання ва ўзросце да 22 гадоў не лічыць, што спажыванне энергарэсурсаў шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Такое меркаванне падзяляе 46% рэспандэнтаў ва ўзросце 23-35 гадоў і 38% — больш сталых апытаных асіпаўчан.
Адсутнасць разумення відавочнай прычынна-выні-ковай сувязі ў такой значнай долі землякоў здзіўляе — пра прычыны таго ж парніковага эфекту і глабальнага пацяплення ведаюць усе! Але галоўнае, яно добра пасуецца з ашчадлівасцю ўжывання энергарэсурсаў. Той, хто не згодзен альбо не ведае, наколькі шкодна ўплывае энергетыка на прыроду, рэсурсы не эканоміць і эканоміць не збіраецца.
Скарачэнне спажывання газу, цвёрдага паліва, электрычнасці пакуль што адбываецца пераважна з-за павышэння тарыфаў, і палова апытаных лічыць гэты спосаб стымулявання энергаэфектыўнасці ў той ці іншай ступені адэкватным, а 70% асэнсоўвае неабходнасць і непазбежнасць рэалізацыі мер па павышэнні энерга-эфектыўнасці жылля. Пры гэтым каля 10% прызнаюць, што абмежаваны сямейны бюджэт не дае магчымасці справіцца з гэтай задачай толькі ўласнымі сіламі.
“Пакт Мэраў” як спосаб знайсці інвестараў
На сёння ў рэалізацыі праграмы энергаэфектыўнасці бясспрэчным лідарам сярод беларускіх гарадоў з’яўляецца Полацк. У верасні 2011 года ён падпісаў дэкларацыю аб далучэнні да Пакта Мэраў — папулярнай еўрапейскай ініцыятывы ў галіне скарачэння спажывання энергіі. Удзельнікі Пакта бяруць на сябе абавязацельства ў перыяд да 2020 года зменшыць на 20% энергаспажыванне і аб’ём выкідаў вуглякіслага газу і на столькі ж павялічыць ужыванне альтэрнатыўных крыніц энергіі.
Прычына, па якой адмі-ністрацыя Полацка далучылася да міжнароднага экалагічнага руху, была звычайнай і па-добраму прагматычнай: горад ніяк не мог адолець прагнозны паказчык па скарачэнні энергаспажывання, а новы падыход да застарэлай праблемы мог даць плён.
Дапамогу ў правядзенні абавязковай для ўдзельнікаў Пакта працэдуры — распрацоўцы “Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця” — узяліся аказваць Нацыянальная акадэмія Беларусі і профільная кансалцінгавая фірма з Іспаніі, што дало за-дзейнічаным у стварэнні дакумента спецыялістам з прадпрыемстваў Полацка (яны аб’яднаныя ў групу ўстойлівага энергетычнага развіцця пры гарвыканкаме) вельмі карысны вопыт.
Зразумела, выкананне ўзгаданага Плана абыдзецца не танна — за 10 гадоў на яго запланавана выдзеліць з розных крыніц 177,5 млрд. рублёў, аднак ад гэтых інвестыцый чакаецца ўражваючы эканамічны эфект — каля 602,2 мільярда. Акрамя эканоміі фінансаў адбудзецца і істотнае паляпшэнне экалагічнасці горада. Напрыклад, за кошт аптымізацыі транспартнай сістэмы і стварэння ўмоў для руху веласіпедаў будзе істотна зменшаны аб’-ём выкідаў выхлапных газаў.
Трэба адзначыць, што Полацк адразу атрымаў доступ да інфармацыйных і фінансавых патокаў, якімі карыстаюцца іншыя партнёры па “Пакце Мэраў”. Першай ластаўкай дзейснасці міжнароднага супрацоўніцтва стала ўстаноўка энергазберагаючага абсталявання для асвятлення адной з цэнтральных вуліц горада. Яна спажывае на 30% менш электраэнергіі, чым звычайная, не ўтрымлівае ртуці і небяспечных газаў. Значная тэхнічная і фінансавая дапамога ў рэалізацыі праекта была аказана арганізацыямі-партнёрамі Пакта.
Зараз інтарэс да ўдзелу ў прамых інвестыцыях у эканоміку Полацка праяўляюць адразу дзве буйныя еўрапейскія фірмы. Адна жадае прыняць удзел у будаўніцтве станцыі па атрыманні цяпла і электраэнергіі з біягазу, другая — фінансаваць стварэнне завода па вытворчасці пелетаў — перспектыўнага віду цвёрдага паліва, якое вырабляецца з торфу, саломы, пілавіння і іншых гаручых адыходаў.
Сёння да падпісання “Пакта Мэраў” рыхтуюцца Навагрудак і Ашмяны, яшчэ некалькі беларускіх гарадоў уважліва вывучаюць такую магчымасць. Асіповічы ў іх лік не ўваходзяць, хаця, на думку экспертаў, наш горад мае вельмі добрыя шанцы хутка ўступіць у крэатыўную энергазберагаючую суполку.
Аб злабадзённым
Удзельнікі “круглага стала” атрымалі магчымасць азнаёміцца з шэрагам рэкамендацый па скарачэнні цепластрат пры эксплуатацыі жылля, распрацаваных ГА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”. Некаторыя з іх вельмі простыя, але надзіва эфектыўныя.
Напрыклад, у моцныя маразы неабходна прыкрыць вентыляцыйныя рашоткі кардонам на трэць ці напалову. Праз вентыляцыю жыллё губляе да 30% цяпла, прычым найбольш высокія страты адзначаюцца на ніжніх паверхах. Яшчэ трэба звярнуць увагу, каб батарэі не былі закрытыя шторамі альбо мэбляй — нават самая тонкая тканіна істотна перашкаджае пранікненню цяпла ў пакой. Па-трэцяе, для вентыляцыі форткі трэба адчыняць не болей, як на 5-10 хвілін. І, нарэшце, неабходна на шклопакетах усталяваць вентыляцыйныя клапаны.
Аб апошняй меры павышэння энергаэфектыўнасці жылля — крыху па-драбязней. Добра вядома, што ў герметычных шклопакетаў ёсць істотны недахоп: зімой на ўнутраных паверхнях шыб асядае кандэнсат, які сцякае на сцены і стварае ідэальныя ўмовы для развіцця плесні. Пазбавіцца ад кандэнсату можна толькі адным спосабам: рэгулярнай разгерметызацыяй рам для праходу паветра. Рабіць гэта можна ўручную, што даволі нязручна і не спрыяе эканоміі цяпла, альбо аўтаматычна, з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў — вентыляцыйных клапанаў. Яны забяспечваюць рэгуліроўку вільготнасці ў кватэрах без пагаршэння гука- і цеплаізалюючых якасцей шклопакетаў.
Дадатковую інфармацыю аб перспектыўных напрацоўках у галіне энергаэфектыўнасці можна атрымаць, звязаўшыся з удзельнікамі і партнёрамі праекта “Падтрымка рэалізацыі комплекснай энергетычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь”: МГА “Экапраект Партнёрства” (www.ecoproject.by) і ЭМГА “Дзеля жыцця на Зямлі” (http://os-school3.narod.ru).
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.