Асіповіччына: рэйтынг перамен
Апошнім часам у жыцці Ялізава адбываецца шэраг важных падзей, якія ў той ці іншай ступені закранаюць інтарэсы кожнага пасялкоўца і таму выклікаюць пэўны водгук у мясцовай супольнасці.
Найбольшы рэзананс у ялізаўчан мела рэфармаванне мясцовых органаў кіравання і самакіравання.
У адпаведнасці са зменамі ў заканадаўстве аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле краіны, усе пасялковыя Саветы дэпутатаў павінны пераўтварыцца ў сельскія. Не сталі выключэннем і нашы — Татаркаўскі і Ялізаўскі. Канчатковае рашэнне аб перамене іх статусу было прынята напрыканцы лістапада.
Па вялікім рахунку, узгаданы працэс дадаў клопату толькі старшыням выканкамаў былых пассаветаў, якім давялося ў тэрміновым парадку займацца заменай пячатак, штампаў, шыльд, стэндаў і іншага інфармацыйнага “рыштунку” з адпаведнымі лагатыпамі. Паўнамоцтвы ж і сферы адказнасці мясцовых Саветаў засталіся без змен, так што ніякіх нязручнасцей пасялкоўцы не адчулі.
Што ж тады пераўтварыла вузкае адміністрацыйнае пытанне ў магутную інфармацыйную нагоду?
Справа ў тым, што некаторыя работнікі бюджэтнай сферы, якія працуюць у вясковых паселішчах, маюць пэўную надбаўку да заробку. І, зразумела, пры ўтварэнні Ялізаўскага сельсавета імгненна акрэсліўся зразумела-меркантыльны інтарэс: ці будзе такая надбаўка выплачвацца мясцовым бюджэтнікам?
Аднак у дадзеным выпадку для аўтаматычнага росту заробкаў няма нагоды: хоць Савет і стаў сельскім, паселішча засталося рабочым пасёлкам, а яго жыхары, адпаведна, ураўнаваныя ў правах з гараджанамі.
На пытанне землякоў: “А што ж трэба зрабіць, каб пасёлку атрымаць статус вёскі?” старшыня Ялізаўскага сельсавета Алег Лук’яненка адказвае жартаўліва па форме, але вычарпальна па сутнасці: спыніць вытворчасць, ліквідаваць існуючую камунальную і сацыяльную інфраструктуру і зменшыць колькасць насельніцтва.
Будзем спадзявацца, што такое становішча не чакае другі па значнасці і эканамічным патэнцыяле населены пункт раёна і ў самай аддаленай перспектыве.
На другое месца можна паставіць доўгачаканае стварэнне сістэмы водазабеспячэння мікрараёна “Прыгарадны”, дзе пражывае каля 700 чалавек — прыблізна чвэрць ад усёй колькасці насельніцтва пасёлка.
Работы, фінансаванне якіх вядзецца з рэспубліканскай праграмы “Чыстая вада”, тут набліжаюцца да завяршэння: пракладзены трубаправоды і пастаўлены калонкі па вуліцах, усім жадаючым праведзены водаправод у дамы, устаноўлена воданапорная вежа, практычна сфарміравана жэрла галоўнай сілкуючай свідравіны.
Завяршэнне мантажных работ і пробны пуск вады запланаваны да Новага году, а да 10 студзеня гэты аб’ект павінен быць здадзены ў эксплуатацыю.
Ну і, нарэшце, замыкае тройку самых істотных ялізаўскіх падзей адкрыццё магазіна гандлёвай сеткі “Дабраном”. Тое, што пасёлак увайшоў у сферу інтарэсаў буйных гандлёвых прадпрыемстваў, сведчыць у першую чаргу аб дастаткова высокім узроўні даходаў мясцовага насельніцтва і аптымістычных перспектывах росту яго пакупніцкай здольнасці. Ну а ў другую — аб незвычайна жорсткай канкурэнцыі паміж мясцовымі гандлярамі, да якіх акрамя ўжо названага “Дабранома” адносяцца Бабруйскі гандлёвы цэнтр і Асіповіцкае райста. Мясцовая фірма “Бярэзіна-Агра”, якой належалі папулярныя ў мясцовых жыхароў магазіны “Мінімаркет” і “Любімы”, прыняла рашэнне звярнуць продаж прадуктаў харчавання, аднак на ялізаўскі “тэатр гандлёвых дзеянняў” рыхтуе “дэсант” ЗАТ “Клевіца” — даччыная фірма Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў. У яе бліжэйшых планах — стварэнне ў пасёлку крамы па продажу мясных вырабаў.
Адносіны спажыўцоў да ўсёй гэтай мітусні ўвогуле станоўчыя: чым больш вакол гандлёвых кропак, тым ніжэй у іх цэны і шырэй асартымент.
Зміцер КАЛЯДА.
