Работники Осиповичской прокуратуры встретились с учениками средней школы №2

Зранку ў музейнай зале ўстановы адукацыі школьнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з Валерыем Дзяшчэнем і яго калекцыяй акопнай творчасці. Памочнік пракурора раёна з энтузіязмам расказваў рабятам пра экспанаты, якія іх зацікавілі, адказваў на пытанні, дзяліўся асабістым вопытам раскопак. Трэба адзначыць, што чарга з хлопчыкаў і дзяўчынак амаль не заканчвалася.
Настаўнік гісторыі Неаніла Цыганок правяла інфармацыйную гадзіну для дзевяці-класнікаў, на якой прысутнічалі пракурор раёна Дзяніс Іванькоў, яго памочнік Валерый Дзяшчэня, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Алеся Букач. Сустрэча адбылася вельмі эмацыянальнай. Тэма “Палітыка генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” была выбрана невыпадкова. Ва ўступным слове педагог акцэнтавала ўвагу, што пакаленні, якія не ведалі вайны, павінны памятаць прыклады гераічнай стойкасці савецкіх воінаў, партызан і падполь-шчыкаў, самаадданай працы жанчын, падлеткаў і дзяцей, якія ў глыбокім тыле змагаліся і працавалі ў імя будучыні, забяспечваючы свой уклад у Перамогу.
Неаніла Львоўна расказала хлопцам і дзяўчатам, колькі людзей было забіта падчас акупацыі, пра знішчаныя цалкам ці часткова вёскі, асобна спыніўшыся на весцы Май, макет якой вучні выраблялі для праекта «Каталог помнікаў “Вогненныя вёскі Асіповіцкага раёна. 1941-1944 гг.”». Настаўнік нагадала прысутным пра мемарыяльныя комплексы, якія служаць жывымі сведкамі знішчэння беларускага народа падчас вайны.
Вучаніцы Надзея Фядулава і Вера Папкова ад імя сведкі агучылі ўспаміны нашай зямлячкі Марыі Цімінскай пра той жудасны дзень, калі спалілі вёску Вялікую Гарожу, а яе жыхароў забілі. Асобы настрой стварыў яе верш “Гараць дзве крайнія хаты…”, які прачытала Віялета Паўлавец. Увогуле, школьнікі праявілі вялікую зацікаўленасць тэмай. Удзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны відэаролік праекта агенцтва тэленавін “Беларусь памятае”, які да слёз крануў кожнага прысутнага.
Разам з настаўнікам дзеці паразважалі, чаму памяць пра Вялікую Айчынную вайну вельмі важная для ўсяго чалавецтва і на якіх прынцыпах сёння трэба будаваць адносі-ны паміж народамі, каб трагедыя не паўтарылася. Актыўна ўдзельнічалі ў размове Дар’я Свірыдовіч і Аляксандра Новік.
— Надзвычай цяжка ўспамінаць тыя падзеі, — рэзюміраваў Дзяніс Іванькоў. — Важна разумець, што ўваходзіць у паняцце генацыду. Гэта супрацьпраўныя дзеянні, якія забаронены законам у тым ліку Рэспублікі Беларусь. Артыкул 127 Крымінальнага Кодэкса нашай краіны мае назву “Генацыд” і пералічвае дзеянні, якія забаронены і цягнуць за сабой пазбаўленне волі ад 12 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне ці смяротнае пакаранне. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у мінулым годзе ўзбуджана крымінальная справа па фактах генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд і зараз працягваецца іх расследаванне. А ў студзені бягучага года прыняты Закон “Аб генацы-дзе беларускага народа”, якім устанаўліваецца крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, напрыклад, праз размяшчэнне адпаведнай інфармацыі ў СМІ або інтэрнэце. Створана следчая група; шмат людзей, у тым ліку энтузіястаў, якія садзейнічаюць работнікам пракуратуры, дапамагаюць у расследаванні. На сёння ўстаноўлена 88 вёсак, якія былі цалкам ці часткова знішчаны. Канечне, ад дакладных звестак нас ад-дзяляе вялікі адрэзак часу, засталося мала сведак, а месцы, дзе адбываліся падзеі, зараслі травою. Аднак расследаванне неабходна працягваць, каб ніколі не паўтарылася падобнае.
У завяршэнні мерапрыемства Валерый Дзяшчэня падарыў школьнаму музею некалькі экспанатаў з асабістай калекцыі.