“Прыйшла Каляда — адчыняй варата”

Такімі словамі звычайна пачынаецца старажытны беларускі абрад калядавання. Па гэты дзень не змяняюць традыцыі і на асіповіцкай зямлі: у горадзе і ў вёсках на вуліцах можна сустрэць у шчодры вечар асноўных персанажаў — Казу, Механошу, Мядзведзя і іншых. У кагосьці з гурту ў руках зорка — як сімвал зімовага сонцастаяння. З песнямі і віншаваннямі-пажаданнямі вясёлая кампанія ходзіць па хатах, а гаспадары адорваюць калядоўшчыкаў рознымі прысмакамі, лічаць для сябе прыход гасцей за гонар, звязваюць яго з паляпшэннем сямейнага дабрабыту.
Чакалі да сябе пераапранутых і жыхары аграгарадка Ясень, дзе ўпершыню праходзіла традыцыйнае раённае свята “Шчадроўкі”. У ім прымаюць удзел народныя калектывы мастацкай самадзейнасці Асіповіччыны. На гэты раз пашчасціла пашчадраваць юным танцорам з ДШМ № 1, “Сузор’ю” з Пратасевіч, “Вязанцы” з Вяззя, “Сваякам” з Карытнага і “Вярбе” з Дрычына. Апошні гурт з гармонікам і зоркай прайшоў па вёсцы, спяваючы калядныя песні і дорачы сяльчанам святочны настрой.
Асноўнае ж дзеянне разгарнулася ў мясцовым Доме культуры, куды сабраліся дарослыя і дзеці, каб добра адпачыць пад вясёлы гумар, цудоўныя беларускія песні і танцы, якія прапанавалі ім са сцэны самадзейныя артысты. А там разгарнулася сапраўднае тэатралізаванае дзейства. Гаспадары якраз падрыхтавалі святочную калядную вячэру з куццёй на стале, а ў гэты час за дзвярыма пачуліся галасы: “Ці можна пакалядаваць?” “Заходзьце, калі ласка, рады гасцям”, — запрашалі калядоўшчыкаў-артыстаў Дзед з Бабаю. А тыя — стараліся ад душы: “Дайце кусок сала, каб каза ўстала”. Дык чаму ж не пачаставаць такіх чаканых гасцей, якія і дабра зычаць, і танчаць, і пяюць? Гледачы, седзячы ва ўтульнай зале, атрымлівалі ад бачанага масу станоўчых эмоцый і адорвалі кожнае выступленне апладысментамі і шчырымі ўсмешкамі.
Час праляцеў імгненна, і вось — падвядзенне вынікаў. Цёплыя словы віншавання ў адрас прысутных у зале, шчырыя пажаданні і ўзнагароджванне калектываў-удзельнікаў дыпломамі за зберажэнне і адраджэнне беларускіх нацыянальных традыцый.
— “Шчадроўкі” крочаць па раёне не першы год, — гаворыць начальнік ідэалагічнага аддзела, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Раманчук. — І заўсёды яны ператвараюцца ў сапраўднае свята са своеасаблівым нацыянальным каларытам. Творчыя калектывы знаходзяць новыя падыходы пры падрыхтоўцы да мерапрыемства, падымаюць невядомыя пласты народнай культуры і стараюцца данесці да людзей сваё бачанне даследаванага скарбу. Парадавала і тое, што жыхары Ясеня цёпла прымалі артыстаў, адгукаліся на жарты.
Па словах старшыні сельсавета Андрэя Шацілы, такога шыкоўнага свята тут не было гадоў дваццаць. Сяльчане былі ўдзячны работнікам культуры за добра зладжанае “шчадраванне-калядаванне” і запрашалі іх да сябе і на наступны год.
Ніна ВІКТОРЧЫК.