Председатель Осиповичского райисполкома Константин Жигуцкий провел встречу с коллективом “Автопарк № 19”

Зваротная сувязь
Гаварылі аб надзённым
У аўторак старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі правёў сустрэчу з працаўнікамі Асіповіцкага філіяла “Аўтапарк №19” ААТ “Магілёўаблаўтатранс”. Ключавой тэмай размовы былі, як і ў іншых многіх працоўных калектывах, шосты Усебеларускі народны сход і яго асноўныя палажэнні. Канстанцін Аляксандравіч, расказваючы аб абмяркоўваемых на галоўным форуме краіны пытаннях, праводзіў канкрэтныя паралелі з нашым рэгіёнам. Напрыклад, у плане імпартазамяшчэння ёсць над чым працаваць таму ж заводу транспартнага машынабудавання, дзе пераважная колькасць камплектуючых належыць імпарту. Гаварылася на сходзе пра дрэваапрацоўку — зараз якраз мясцовы лясгас рэалізуе праект па будаўніцтве пялетнага завода, што дасць магчымасць перапрацоўваць у энергаэфектыўнае паліва адыходы дрэваапрацоўкі і павялічыць экспарт. Безумоўны плюс і ў новых рабочых месцах. Датычна развіцця адукацыі райцэнтр у будучым таксама чакаюць перамены, а магчымымі яны стануць за кошт будаўніцтва комплексу ў мікрараёне Чарняхоўскага. Новы аб’ект спалучыць дзіцячы сад, сярэднеадукацыйную і спартыўную школы. Гаварыў старшыня райвыканкама і аб развіцці сельскагаспадарчай галіны. Беларусь цалкам можа забяспечваць сваю харчовую бяспеку, значная частка сельгаспрадукцыі экспарціруецца ў шэраг краін. Таксама дэлегат УНС Канстанцін Жыгуцкі спыніўся на развіцці пенсіённай сістэмы, кантролі за ўзроўнем росту цэн, рабоце з моладдзю і спорце.
Пытанні, якія задавалі працаўнікі аўтапарка, у асноўным тычыліся стану дарог у горадзе. Адмоўны ўплыў мае адсутнасць ліўнёвай каналізацыі, таму лужы на вуліцах райцэнтра — з’ява не такая ўжо і рэдкая. Па меры магчымасці нязручнасці вырашаюцца. Напрыклад, нядаўна ўсталяваны дрэнажны калодзеж на вуліцы Паркавай. Магчыма, устройства ліўнёвай каналізацыі з цягам часу і будзе зроблена паўсямесна, аднак не сёлета — пакуль хапае іншых праблем. Нямала сродкаў ідзе ў тым ліку на падтрымку медыкаў у гэты няпросты эпідэміялагічны перыяд.
Дарэчы, якраз на сустрэчы было зададзена пытанне і датычна прышчэпак ад каранавіруса, на якое адразу даў адказ галоўны ўрач ЦРБ Павел Шаціла. У цэлым плануецца прышчапіць 65% насельніцтва раёна. Адназначна, не лішняй будзе такая абарона і работнікам транспартнай галіны. Масавая пастаўка вакцыны чакаецца ў наступным месяцы. На сёння “Спутник V” атрымалі ўжо многія медыцынскія работнікі. Усе перанеслі прышчэпку добра, ніякіх праблем з самаадчуваннем не ўзнікала. Доктар падзяліўся інфармацыяй, што праз пару месяцаў спецыялісты прагназуюць трэцюю хвалю захворвання, таму пільнасці ў плане прафілактыкі нікому губляць нельга. Не лішнім будзе ўмацаваць імунітэт, асаблівую ўвагу звяртаць на свой фізічны стан тым, хто мае нырачныя, сардэчна-сасудзістыя паталогіі, хварэе на цукровы дыябет. Сам па сабе вірус не такі і шкодны, аднак ён з’яўляецца дэтанатарам у арганізме пры наяўнасці ў пацыента хранічных захворванняў. Такімі наступствамі COVID-19 найбольш і небяспечны.
Аб пажарнай бяспецы калектыву аўтатранспартнага прадпрыемства нагадаў начальнік РАНС Ігар Логвін. Дзейснымі мерамі папярэджання пажараў з’яўляецца ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у прыватных кватэрах і дамах, варта звярнуць увагу і на сістэму “Умный дом”, якая ў выпадку небяспекі папярэдзіць карыстальніка пасродкам мабільнай і інтэрнэт сувязі.