Первый заместитель главы Администрации Президента Беларуси Максим Рыженков провел ряд встреч в Осиповичах

Сустрэцца з першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Максімам Рыжанковым, які 30 студзеня з удзелам старшыні райвыканкама Паўла Налівайкі правёў у Асіповічах прыём грамадзян па асабістых пытаннях, пажадаў без малога дзясятак чалавек. I ў кожнага, зразумела, найперш баліць сваё. Адзін, хаця ўжо і звяртаўся ў шэраг розных інстанцый, так і не можа працяглы час знайсці ўправу на суседа, які парушае заканадаўства пры будаўніцтве жылля; другі заклапочаны пытаннямі электразабеспячэння дачнага таварыства і раіць пераглядзець існуючыя зараз тарыфы; трэці ў чарговы раз выказвае нязгоду з рашэннем суда; чацвёрты шукае абароны ад пляменніка, які жыве па-за межамі Асіповіччыны…
Максім Уладзіміравіч не чараўнік, вырашыць адразу ўсё не рэальна, шэраг момантаў патрабуе вывучэння-ўдакладнення. Але вось факт, які пераконвае, што ніводны зварот не застаўся па-за ўвагай, што канкрэтны адказ атрымае кожны з заяўнікаў: папярэдне планавалася, што прыём людзей працягнецца недзе з гадзіну, але прадметная размова заняла ледзь не ўтрая больш часу…
— Такія прыёмы вельмі неабходны, важна мець зваротную сувязь з насельніцтвам, асабліва з глыбінкі, — адзначыў Максім Рыжанкоў, падводзячы вынікі сустрэчы. — Упэўнены, што кожны чыноўнік час ад часу павінен з’яўляцца перад людзьмі, трымаць адказ за сваю работу. Калі народ прыходзіць і дзеліцца набалелым, адразу відаць комплекс праблем, які ахоплівае той ці іншы рэгіён. Як і тое, ці гатова ўлада дапамагаць людзям, вырашаць іх пытанні, узровень даверу насельніцтва. Добра, што новае кіраўніцтва райвыканкама пра агучанае ў час прыёму ведае, садзейнічае вырашэнню хвалюючага. Хаця ўзнікалі пытанні і грамадскага значэння — як зварот адносна тарыфаў на электраэнергію для садовага таварыства. Але гэту сітуацыю сіламі раёна не выправіш, тут неабходны рашэнні на ўзроўні дзяржавы.
Праграма рабочага наведвання райцэнтра першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі на гэтым не скончылася: разам са старшынёй райвыканкама на базе гімназіі ён яшчэ сустрэўся са спартыўнай грамадскасцю Асіповіччыны, а пазней — з працоўным калектывам завода аўтамабільных агрэгатаў. Насычаная размова з землякамі тычылася самых розных напрамкаў — ад будучых выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі да раскрыцця сутнасці Дэкрэта № 1, які павінен стымуляваць людзей да стварэння ўмоў і рэалізацыі задумак па арганізацыі самазанятасці, і галоўнай нашай надзеі на XXIII Зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане — зборнай па біятлоне. Былі, канечне, і адказы на пытанні, якія паступалі ад удзельнікаў дыялогу.
Таксама Максім Рыжанкоў, які ўзначальвае Беларускую федэрацыю баскетбола, наведаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва”, дзе пагутарыў з юнымі баскетбалістамі і іх трэнерамі, паабяцаў падтрымку з боку федэрацыі ў развіцці спартшколы і перадаў раённай ДЮСШ 30 мячоў. Тым самым быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Аранжавы мяч”, якая праходзіць ужо трэці год пад патранажам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і БФБ.
У вас цудоўныя спецыялісты, якія могуць дапамагчы дабіцца высокіх вынікаў у спорце. У іх за плячыма значныя дасягненні, спартыўны і жыццёвы вопыт, які яны і павінны перадаваць моладзі. Мы ж у якасці падтрымкі ўручаем баскетбольныя мячы — спадзяюся, яны дапамогуць лепш трэніравацца і дабівацца перамог у спаборніцтвах, — сказаў Максім Уладзіміравіч.