На Асіповіччыне адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў

У аўторак, 15 красавіка, адбылася першая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, у рабоце якой прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Пётр Яфімавіч Шукаловіч, намеснікі, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, адміністрацыйных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутаты абласнога і старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Напачатку старшыня Асіповіцкай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў райсавета Аляксандр Вікенцьевіч Шаўлюга павіншаваў дэпутатаў з абраннем, нагадаў прысутным, як праходзілі выбары ў рэгіёне, прааналізаваў склад цяперашняга дэпутацкага корпуса і пажадаў усім прыкласці максімум сіл, ведаў і энергіі дзеля паляпшэння жыцця сваіх выбаршчыкаў.
Потым шляхам тайнага галасавання дэпутаты абралі старшыню раённага Савета дэпутатаў. Iм аднагалосна стаў Аляксандр Віктаравіч Пузік, які цёпла падзякаваў за аказаны давер.
Намеснікам старшыні райсавета сесія абрала Людмілу Канстанцінаўну Долгую, а таксама сфарміравала 6 пастаянных камісій: мандатную і па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання ўзначаліў Міхаіл Iванавіч Белы, фінансава-бюджэтную і па пытаннях фінансава-крэдытнай сферы — Аляксандр Аляксандравіч Баброў, вытворча-эканамічную і па пытаннях мясцовай гаспадаркі — Iгар Андрэевіч Трацяк, па аграрных пытаннях і сацыяльнаму развіццю тэрыторый — Мікалай Iванавіч Аляшкевіч, па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароне насельніцтва — Анатоль Цітавіч Шчамялёў, па пытаннях законнасці, правапарадку і абароны правоў грамадзян — Дзмітрый Анатольевіч Пестаў.
Напрыканцы сесія зацвердзіла склад прэзідыума Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў і план работы Савета і яго органаў на 2014 год.
У рабоце арганізацыйнай сесіі ўдзельнічалі таксама старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Міхайлавіч Iсачанка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Анісімавіч Калтуноў і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Аляксееўна Круцько.