Мы и Основной закон

Аляксандр Яраш, старшыня савета ветэранаў чыгуначнага вузла:
– Днямі ў нас прайшла пашыраная селектарная нарада пад кіраўніцтвам старшыні савета ветэранаў Магілёўскага аддзялення Уладзіміра Грабёнкіна, на якой усе ўдзельнікі выказалі падтрымку канстытуцыйнаму рэферэндуму, які хутка адбудзецца ў краіне. З цікавасцю паслухалі мы і Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Трэба рухацца наперад, зазіраць у будучыню, клапаціцца пра дзяцей і ўнукаў. І хоць мы ўжо закончылі прафесійную дзейнасць, але трымаем руку на пульсе жыцця чыгункі і дзяржавы ў цэлым. Цікавімся развіццём галіны. Робім усё магчымае, каб перадаць жыццёвы вопыт, веды маладому пакаленню. За моладдзю будучае. Маладое пакаленне, якое зараз працуе на чыгуначных прадпрыемствах, з павагай ставіцца да сваіх ветэранаў. Так і павінна быць. У нас агульныя мэты. І моладзь, і людзі сталага ўзросту імкнуцца да жыцця ў мірнай краіне, мірнага суіснавання з іншымі краінамі свету. Усе пытанні павінны вырашацца за круглым сталом перамоў, прыслухоўвацца да іншых.
На працягу двух гадоў актуальным пытаннем з’яўляецца захаванне здароўя народа. Цалкам згодны з кіраўніком дзяржавы, які акцэнтаваў увагу беларусаў на своечасовым правядзенні дыспансерызацыі, клопаце пра самаадчуванне. Мы таксама рэгулярна нагадваем аб гэтым сваім пенсіянерам. Вялікая частка нашых ветэранаў зрабіла прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі, а зараз рыхтуецца да рэвакцынацыі, што дазволіць пазбегнуць цяжкага працякання захворвання.