Масленічныя гулянні на Асіповіччыне

Масленічныя гулянні на Асіповіччыне
“Наша Масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая,
Яна пешшу к нам не ходзіць,
А на коніках раз’язджае…”

Такія словы можна было пачуць у выхадныя ў розных куточках раёна. Палыхалі вогнішчы, у паветры вітаў пах свежых бліноў, раздаваліся вясёлы смех ды прыгожыя народныя песні. Народ святкаваў Масленіцу, якая служыць пераходным этапам паміж зімой і летам. Сёлета прыпала яна якраз на першыя веснавыя дні — нездарма ж сімвал гэтага свята блін, які нагадвае сонейка.

Раённае свята прайшло ў Ялізаве. На плошчы каля Дома культуры яблыку не было дзе ўпасці: сабраліся і жыхары пасёлка, і навакольных паселішчаў, і госці з райцэнтра. Паглядзець было на што, але не толькі паглядзець жадалі ўдзельнікі. Ды і як застанешся ўбаку, калі разыгрываліся такія прызы?! Можна было папоўніць хатнюю гаспадарку якой-небудзь патрэбнай рэччу і нават закінуць ва ўласны хляўчук выйгранага парсючка ці, скажам, пеўня. Бяспройгрышная латарэя прайшла на “ўра”: больш за 60 білетаў раскупілі ў імгненне вока! А самыя моцныя ды заўзятыя дзецюкі маглі і на слуп за падарункам злазіць — на тое яно і свята!

maslenica

Кожны меў магчымасць падабраць занятак па душы. Шматлікія конкурсы, гульні, катанне на конях прыйшліся даспадобы дзецям і моладзі. Можна было пашпацыраваць на хадулях, пазмагацца… на падушках, прадэманстраваць уменне пілаваць дровы. Хтосьці “рабіў рэвізію” прапанаваных выязным гандлем тавараў, другія зрабілі акцэнт на канцэрце вядомых у раёне артыстаў з Вязаўніцкай і Ліпенскай устаноў культуры, народнага калектыву “Дзівакі” ды мясцовых спевакоў.

Больш за чатыры гадзіны доўжылася вяселле, але і пасля не разышліся адразу пасялкоўцы дадому: моладзь засталася таньчыць на дыскатэцы…

Пакінем жа яе весяліцца, а самі перанясёмся да раённай паліклінікі. Тут сабраліся прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі ЦРБ “Серабрысты ландыш”, да якіх далучыліся “калегі” з дахавага завода і педагогі. Яны добра памятаюць, як святкавалася Масленіца ў дні іх дзяцінства, таму песні ліліся ракой, а разам з імі — гарэзлівыя прыпеўкі, загадкі, прыказкі. На тое яна і вусная народная творчасць, каб перадавацца з пакалення ў пакаленне! І, канечне ж, ярка гарэла пудзіла Масленіцы. З якім разам удзельнікі свята на кастры ў думках спалілі ўсе адмоўныя падзеі і здарэнні мінулага года, каб новы сельскагаспадарчы год, які пачынаецца вясной, прынёс з сабой толькі добрае.

maslenica

Парадаваліся прыходу вясны і ў спецшколе-інтэрнаце. На ганку з’явіліся вясёлыя скамарохі, а затым рахманая Масленіца — яны павіншавалі дзяцей. А потым былі вясёлыя гульні ды спаборніцтвы, падчас якіх хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі паказаць свае ўменні і спрыт.

Нядоўга пастаяўшы ля вогнішча, усе паспяшаліся да ганка, адкуль нёсся духмяны пах цёплых бліноў. Да гэтай неад’емнай масленічнай стравы прыступілі з вялікай ахвотай. І якія ж смачныя былі тыя бліны, па-майстэрску вырабленыя школьнымі паварамі! І пышныя з маслам, і тонкія наліснікі з мёдам — на любы густ. А яшчэ смачны гарачы чай…

Частавалі блінамі і прыхаджан Крыжаўздзвіжанскага храма. Выхаванцы нядзельнай школы пагулялі ў народныя гульні, павадзілі карагоды, развіталіся з зімой, каб з надзеяй і верай сустрэць цудоўную веснавую пару, якая прынясе абнаўленне і радасць у жыццё.

Падобныя святкаванні адбыліся і ў іншых месцах раёна. Бліноў наеліся ў гэтыя дні паўсюдна. Але, як сведчыць народная прыказка, “не ўсё кату масленіца, будзе і вялікі пост”. Пачаўся ён у панядзелак, а працягнецца да 19 красавіка.

Іна ЗАСКЕВІЧ.

* * *

Святкаванне Масленіцы ў Цэлі ўжо стала справай традыцыйнай. Звычайна яе арганізоўваюць актывісты клуба, жаночы савет 465 ракетнай брыгады пры падтрымцы камандавання часці.

…У прызначаны час звонкія пералівы гармоніка і баяна пачалі заклікаць жыхароў да месца гуляння — на пляцоўку перад установай культуры. Народ да палатак, побач з якімі весела дыміліся кастры, сцякаўся дружна. Вядучыя мерапрыемства Святлана Папкоўская, Наталля Дранку і Мікалай Якутовіч, распачынаючы свята, расказалі сабраўшымся аб яго паходжанні. А далей удзельнікаў чакалі шматлікія конкурсы, забавы і, канечне, прызы.

Бліны падавалі з маслам, варэннем. А выпякалі іх прызнаныя кулінарных спраў майстры Алена Кудзінава і Ганна Касавец. Дарэчы, яны з задавальненнем падзяліліся некаторымі сакрэтамі гэтай простай і смачнай стравы: скавараду лепш браць з патоўшчаным дном, а дабаўленне алею ў цеста дазволіць не змазваць яе тлушчам; некалькі лыжак цукру, усыпаныя ў цеста, зробяць бліны залацістымі і хрусткімі.

Адметна, што не забывалі жыхары Цэлі ў дзень Даравальнай нядзелі і прасіць прабачэння адзін у аднаго, заверыць у вернасці і сяброўстве.

Рыгор МАРКУШЫН.

* * *

Шумна і весела ў першы дзень вясны прайшло ў Радуцічах свята “Шырокая Масленіца”, арганізатарамі якога сумесна з Дараганаўскім сельвыканкамам выступілі работнікі сельскага клуба, бібліятэкі і вучэбна-педагагічнага комплексу.

Гасцей чакалі некалькі гульнявых пляцовак. Дзіцячую арганізавала настаўніца пачатковых класаў Людміла Мірончык, для больш дарослых удзельнікаў — загадчыца Радуціцкага сельскага клуба Наталля Мельнік і бібліятэкар Вікторыя Паўлава. Для ўсіх наведвальнікаў землякі-вяскоўцы Галіна Усовіч, Соф’я Рэутава, Раіса Васільева напяклі блінцоў, падрыхтавалі духмяны чай.

maslenica

Завітаўшыя на мерапрыемства маглі палюбавацца выставай работ прыкладнога мастацтва: выклікалі сапраўднае захапленне вышытыя карціны, пляценне з бісеру, арыгамі. Парадаваў сваім яркім выступленнем і калектыў Дрычынскага сельскага клуба “Вярба”.

А потым прыйшла Вясна-красна. Падаравала прыгожую песню, прапанавала яшчэ раз развітацца з зімою і ўсім разам парадавацца надыходу светлай пары.

Последние новости

Общество

В Могилевской области стартовал республиканский семинар-совещание

29 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: Беларусь очень хочет активизировать сотрудничество с Эфиопией

29 июля 2025
Читать новость
Афиша

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

29 июля 2025
Читать новость
Общество

И вновь турслет! Спартакиада работающей молодежи Осиповичского района прошла 25-26 июля

29 июля 2025
Читать новость
Общество

“Знакомый мужчина при выгуле на улице бьет свою собаку. Как это остановить?” Отвечает участковый инспектор милиции

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Хроника происшествий в Осиповичском районе с 21 по 17 июля

29 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем