Лічбы, тэндэнцыі, рэзанансныя справы ў Асіповіцкім раёне

За студзень-верасень Асіповіцкай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выяўлена 81 парушэнне экалагічнага заканадаўства. Гэта больш, чым за ўвесь мінулы год (77). Аднак адмоўная справаздачная дынаміка не сведчаць аб павелічэнні антрапагеннага ціску на мясцовую прыроду. Хутчэй можна казаць аб большай паспяховасці эколагаў у выяўленні гэтых самых парушэнняў і, адначасова, аб пэўнай абыякавасці насельніцтва і кіраўніцтва суб’ектаў гаспадарання да шэрагу прынцыпова важных момантаў узаемадзеяння чалавека і асяроддзя яго існавання. А часам — і аб канфлікце інтарэсаў паміж экалагічным заканадаўствам і эканамічнымі рэаліямі.
Асноўны клопат у прыродаахоўнай справе зараз — павелічэнне долі другасных рэсурсаў, якія вымаюцца з адкідаў. Закон аб абарачэнні адыходаў патрабуе, каб усе юрыдычныя асобы ажыццяўлялі раздзельны збор рэшткаў сваёй дзейнасці. Аднак як мінімум 9 суб’ектаў гаспадарання (менавіта столькі было выяўлена падчас палявых кантрольных мерапрыемстваў, інакш кажучы — праверкі змесціва кантэйнераў для смецця) гэтае правіла ігнаравалі. І не таму, што яго выкананне патрабуе значных намаганняў альбо ўкладання вялікіх сродкаў. Проста арганізацыя раздзельнага збору адыходаў не ўваходзіла ў лік прыярытэтаў для адказных асоб прадпрыемстваў-“штрафнікоў”.
А вось прычына звычайнага віду парушэнняў у галі-не аховы паветра — адсутнасць дазволаў на выкіды шкодных рэчываў — куды больш сур’ёзная. “Грашаць” незаконнымі выкідамі сельгаспрадпрыемствы, аднак атрымаць узгаданы дазвол яны не могуць па даволі слушнай прычыне: кошт падрыхтоўкі неабходных дакументаў складае 20-30 мільёнаў рублёў, а знайсці столькі свабодных грошай можа далёка не кожны СВК. Сёлета за незаконныя атмасферныя выкіды быў прыцягнуты да адказнасці калгас “Ясень”, аднак на яго месцы маглі быць і іншыя…
Яшчэ адна праблема, характэрная для нашых сельгасвытворцаў, — нерацыянальнае водакарыстанне. Даволі распаўсюджаная з’ява — з-за няспраўнасці помпавага абсталявання вада з артэзіянскіх свідравін выцякае з перапоўненых воданапорных вежаў. Эксплуатацыя недагледжанай тэхнікі вядзе да перарасходу каштоўнага прыроднага рэсурсу — пітной вады, і з высокай верагоднасцю скончыцца непрыемнасцямі. І справа не ў выплаце штрафу. Падчас добрых маразоў няспраўная вежа можа ўпасці з-за вагі вялізнага ледзяша, утворанага на адным з яе бакоў марна выцякаючай вадой…
Галоўная пагроза для зямельных рэсурсаў — забруджванне глебы нафтапрадуктамі. Яно сустракаецца практычна ўсюды, дзе вядзецца кустарны рамонт аўтатрактарнай тэхнікі, на незаасфальтаваных пляцоўках заправачных станцый, у гаражных кааператывах. З прадпрыемстваў можна і трэба патрабаваць навядзення парадку, а вось прад’яўляць прэтэнзіі да ўладальнікаў прыватнага транспарту падставы ёсць не заўсёды. Тое ж злітае з матора масла прыватніку фактычна немагчыма ўтылізаваць законным чынам: некалькі літраў “адпрацоўкі” ў яго проста ніхто не прыме.
“Хітам” жа сярод выяўленых сёлета парушэнняў стала самавольная высечка УПУП “Універсалгандаль” 55 дрэў чорнай вольхі на прылягаючай да вытворчай пляцоўкі прадпрыемства тэрыторыі. Матывы для такога пашырэння ўвогуле былі слушныя — стварэнне дарогі для тэхналагічных патрэб. Аднак замест таго, каб пайсці законным шляхам — звярнуцца ў райвыканкам і атрымаць дазвол на ўзгаданую расчыстку — кіраўніцтва вырашыла дзейнічаць на ўласную рызыку. Цяжка сказаць, якія былі разлікі, а вось рэальным вынікам свавольства стала рашэнне суда раёна. Цяпер давядзецца выплачваць 59,5 мільёна рублёў штрафу і 101 мільён кампенсацыі за прычыненую прыродзе шкоду…
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.