Крыніца адраджэння
У мінулую нядзелю, якая адзначалася ў каталікоў як нядзеля Божай
Міласэрнасці, у мясцовым касцёле, што носіць аднайменнае імя, адбылася падзея,
якую рыма-каталіцкая парафія чакала не адзін год — яго кансэкрацыя.
На
свята прыехаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На
ўваходзе ў храм іерарха віталі шматлікія вернікі. Па добрай беларускай традыцыі
прыхаджане паднеслі яму хлеб-соль, а затым перадалі сімвалічны ключ ад храма,
пасля чаго яго дзверы адчыніліся — і ён сустрэў гасцей жывапіснай выявай абраза
Усявышняга, прыгожым убранствам і хвалюючым гучаннем аргана.
Распачаў
урачыстасць, на якую прыбыло як каталіцкае духавенства з розных куткоў нашай
краіны, Расіі і Польшчы, так і праваслаўнае, у тым ліку айцы Аляксандр Шэўчанка
з Мінскай епархіі і Генадзій Сірошык з мясцовага храма “Всех скорбящих
Радость”.
У
радасны для нашых каталікоў дзень арцы-пастыр сказаў, што шчаслівы стаяць на
парозе святыні, у якую ўкладзена шмат працы, любові чалавека да Бога і касцёла.
Ён выказаў удзячнасць усім, хто прыклаў
намаганні ў справе адраджэння парафіі і будаўніцтва новага касцёла: “Дзякую
святарам, якія распачыналі тут працу два дзесяцігоддзі таму, айцам
францішканам, якія пабудавалі святыню, усім парафіянам і дзяржаўным уладам за
дазвол. Гэта добры знак таго, як касцёл і дзяржава могуць сумесна дзейнічаць.
Будучы аўтаномнымі ў сваёй дзейнасці, яны, тым не менш, служаць чалавеку”.
Мітрапаліт
пажадаў, каб “касцёл Божай Міласэрнасці ў Асіповічах стаў месцам
спаткання з Езусам міласэрным, які прымае і ахінае сваёй любоўю ўсіх”.
Пры гэтым іерарх заклікаў мясцовую супольнасць быць распаўсюджвальнікамі Божай
міласэрнасці: “Спаткаўшы Бога ў гэтым касцёле і зведаўшы Яго
міласэрнасць, нясіце Яго іншым, каб свет пазнаў Яго і, жывучы Яго вучэннем,
будаваў новае жыццё і шчасліва прыйшоў у нябесны Ерузалем. Няхай у гэтым доме
заўсёды гучыць слова Божае, якое з’яўляецца крыніцай адраджэння”.
Затым
прайшла літургія, якую правёў арцыбіскуп. Дапамагалі яму клірыкі з Пінскай
духоўнай семінарыі і манахі з Польшчы.
Акрапленне,
намашчэнне, акаджэнне алтара і сцен святыні, запальванне святла — усё гэта
прыгожы абрад асвячэння храма. Адна з самых адказных і прыгожых яго частак —
намашчэнне святым алеем алтара і сцен, што і было праведзена пасля сумеснай
малітвы і адпаведных царкоўных дзеянняў. Як вядома, алей у хрысціянскай
традыцыі ўжываецца для асаблівага прысвячэння чалавека, рэчы ці будынка на
Божую ўласнасць. Ён выкарыстоўваецца падчас святарскіх пасвячэнняў, сакрамэнту
канфірмацыі і, як бачым, у момант кансэкрацыі храма.
Каб
падкрэсліць асаблівае прызначэнне алтара для малітвы, на яго ставіцца запаленае
кадзіла. Дым і водар ладана абазначае пакорныя людскія малітвы, якія будуць
узносіцца з гэтага святога месца.
Абавязковае
складаемае такіх урачыстасцей — падпісанне Дэкрэту асвячэння. Першым яго
заверыў Тадэвуш Кандрусевіч. У працэдуры прынялі ўдзел дэканы некаторых
дэканатаў з суседніх раёнаў і старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, які ў
прывітальным слове адзначыў важнасць падзеі для каталіцкай супольнасці горада,
выказаў спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва царквы і дзяржавы, а таксама
ўручыў мітрапаліту памятны падарунак — кнігу пра Асіповічы.
“Кансэкрацыя — Божая пячаць, якая перад усімі назаўсёды
пацвярджае, што гэта месца, якое Бог выбраў, як месца сустрэчы і прабачэння, як
месца, дзе неба сустракаецца з зямлёй. Цяпер храм стаў сапраўднай святыняй,
атрымаў неабходныя прывілеі і абавязкі, якія належаць рэлігійнай
установе”, — адзначыў напрыканцы настаяцель айцец Натанаэль Вайтэла. І
выказаў падзяку ўсім людзям, якія мелі дачыненне да адраджэння парафіі і
будаўніцтва касцёла, падзялілі радасць урачыстасцей, звязаных з кансэкрацыяй.
Узнёслы
настрой сведкам знамянальнай падзеі ствараў парафіяльны хор, які крануў сваёй
непасрэднасцю і чуласцю. Харысты не толькі ўпрыгожылі святочную літургію, але і
напоўнілі сэрцы кожнага з прысутных шчырай малітвай.
Ніна ВІКТОРЧЫК.