Дзе купіць? Што набыць?

“Зараз у магазінах можна купіць усё” — гэты выраз можна пачуць дастаткова часта. І прылаўкі гарадскіх крам тое пацвярджаюць. Але толькі гарадскіх: у малых населеных пунктах няма такой колькасці гандлёвых аб’ектаў.
Усяго ў раёне 155 населеных пунктаў, 20 з якіх налічвае больш за 200 жыхароў, а адпаведна і ўласныя магазіны: дзесьці адзін, а ў найбольш буйных аграгарадках і рабочых пасёлках — і па некалькі. Астатнія ж аграгарадкі і вёскі — а іх 135 — не могуць пахваліцца вялікай колькасцю жыхароў, а таму і магазіны ў большасці з іх даўно пазачыняліся, толькі ў васьмі захаваліся стацыянарныя гандлёвыя аб’екты.
127 населеных пунктаў (82% ад усіх) абслугоўваюць аўталаўкі. Аб іх рабоце мы не раз пісалі. Магазіны на колах дастаўляюць розныя віды прадуктаў і толькі тое-сёе з гаспадарчых тавараў і мыючых сродкаў. У астатніх населеных пунктах сітуацыя не на многа адрозніваецца, з адной толькі асаблівасцю — працягласцю работы крам. Калі аўталаўка ў населеным пункце знаходзіцца дзесьці каля паўгадзіны, і, не паспеўшы да яе ў гэты кароткі адрэзак часу, прыйдзецца чакаць наступнага прыезду, а жыхарам, якія ходзяць на працу, і ўвогуле праблематычна патрапіць “на прывоз”, то стацыянарная гандлёвая кропка адчынена больш працяглы час, што, безумоўна, зручна ўсім.
І калі яшчэ 5 гадоў таму большасць магазінаў, якія працуюць на раёне, належалі Асіповіцкаму райста — іх налічвалася 40 з 64, — то апошнім часам карціна крыху памянялася. Доля прыватнага сектара ў гандлёвым абслугоўванні значна ўзрасла. Зараз сяльчан абслугоўваюць 32 крамы Глускага райста, 3 — ААТ “Еўрагандаль”, 2 — ЗАТ “Дабраном”, 5 — ПГУП “Прусакоў” і яшчэ 20 магазінаў іншых прыватных прадпрымальнікаў і прадпрыемстваў. Прытым з 5 магазінаў прамысловых тавараў і 1 гаспадарчага райста не засталося ніводнага. Спажывецкае таварыства зараз забяспечвае пераважна прадуктамі харчавання. А свабодную нішу ўсіх астатніх груп тавараў не вельмі спяшаюцца займаць прыватнікі, што і зразумела: пакупнікоў нямнога, больш выгадна размясціць магазін у горадзе. Па пальцах адной рукі можна пералічыць крамы, якія гандлююць не прадуктамі. На тэрыторыі раёна ёсць некалькі магазінаў аўтазапчастак, будаўнічых матэрыялаў, гаспадарчых і рытуальных тавараў — тое, што карыстаецца большым попытам. Але, прааналізаваўшы гандлёвую сетку, не знайшлі ніводнага магазіна вопраткі ці абутку. На ўвесь раён толькі адзін павільён пад назвай “Адзенне і дробязі” ў рабочым пасёлку Ялізава. Затое 2 кіёскі “Табакерка” — курыце на здароўе (калі гэтага самага здароўя ад курэння можа дабавіцца).
Дарэчы, узгаданы населены пункт, а яшчэ і аграгарадок Лапічы — лідары па колькасці гандлёвых аб’ектаў: у Лапічах 9 магазінаў, з якіх 5 прадуктовыя. Ялізава можа пахваліцца наяўнасцю 7 магазінаў і 6 павільёнаў, большасць з якіх таксама прапаноўваюць ежу.
Як жа нашы землякі задавальняюць свае пакупніцкія патрэбы, бо, як вядома, зараз сельскія жыхары хочуць жыць дастойна. Задалі гэта пытанне выпадковым спадарожнікам у час паездкі па раёне.
Вольга Цітова:
— Харчовыя тавары набываю на пошце ў Карытным. Тут жа можна купіць і тое-сёе для гаспадаркі: каструлю, вядро, цвікі і нават шыфер. І на падарунак штосьці падабраць дапамогуць, бо тут ёсць электратавары, рушнікі і іншыя патрэбныя рэчы. А па адзенне едзем у гандлёвы цэнтр “Рахмат” у райцэнтры.
Марыя Койпіш:
— Усё жыццё жыву ў Коханаўцы. Працавала на ферме. Даўней тут размяшчалася 5 хлявоў: 3 з буйной рагатай жывёлай і 2 са свіннямі. Цяпер усё памянялася. А вось работа райста мяне задавальняе. У сераду і суботу прыязджае да нас аўталаўка. Прапаноўваюць любыя прадукты. Пральны парашок, мыла можна набыць у Карытным у магазіне. А ўсё астатняе мне прывозіць дачка, якая часта наведвае.
Людзі сталага веку непатрабавальныя, яны прывыклі прыстасоўвацца да існуючых умоў. Чаго не скажаш пра моладзь, якая гэтыя самыя ўмовы хоча прыстасоўваць пад сябе. У гутарках з насельнікамі многіх населеных пунктаў даводзілася чуць скаргі на тое, што, каб прыдбаць элементарныя шкарпэткі, калготкі ці прадметы ніжняй бялізны, трэба браць адгул і ехаць у горад. Тое ж датычна абутку і іншых неабходных рэчаў.
Безумоўна, маладыя сяльчане — не тыя, што былі некалькі дзясяткаў гадоў таму. Яны не жадаюць працаваць на зямлі ад ранку да вечара, хочуць мець у доме ўсе выгоды, быць у курсе ўсяго, што адбываецца, падарожнічаць. І маюць на гэта поўнае права. Таму і тавары прызвычаіліся набываць у інтэрнэт-магазінах з дастаўкай на дом, і навіны даведваюцца з інтэрнэт-прасторы, і абавязковай умовай жыцця ў вёсцы лічаць наяўнасць аўтамабіля, каб задавальняць усе патрэбы, бо сацыяльная інфраструктура большасці вёсак сёння складаецца з нешматлікіх пунктаў.
І тым не менш ёсць даволі вялікая колькасць людзей, якія не маюць магчымасці з любой нагоды ездзіць у горад. Але яны таксама маюць права на годнае жыццё. І атрымоўваць павінны не толькі штодзённыя хлеб ды малако, але і такі ж шырокі асартымент тавараў і спектр паслуг, што і гараджане. І гэта пытанне вырашаць неабходна, калі жадаем, каб нашы вёскі працягвалі не толькі існаваць, але і жыць.