Дараганаўская ініцыятыва ў Асіповіцкім раёне

У пазамінулым выпуску “Вытокаў” (“Сказано-сделано?” — “АК” № 99 ад 18.12.2015 г.) былі агучаны думкі нашага чытача Яўгена Санковіча аб магчымасцях зрабіць ва ўрочышчы Дубы сучасную зону адпачынку. Галоўнай “іскрынкай” у прапанове была ідэя здзейсніць важную для рэгіёна справу сумеснымі намаганнямі жыхароў, так бы мовіць, метадам “народнай будоўлі”.
“Раёнка” прапанавала выказацца ўсім жадаючым на газетных старонках аб рэальнасці такога спосабу добраўпарадкавання Дубоў, аднак водгуку няма. Відаць, землякоў “не зачапіла”. Шкада, бо задумка добрая.
Аднак сама па сабе ідэя паляпшэння стану ўзбярэжжа вадаёмаў талакою аказалася запатрабаванай. Днямі стала вядома, што ў вёсцы Дараганава дзейнічае ініцыятыўная група, якая паставіла перад сабой аналагічную мэту: зрабіць узбярэжжа Пцічы ў межах паселішча прыгожай, зручнай і бяспечнай рэкрэацыйнай зонай.
Чаму ўзнікла такая ініцыятыва, якім чынам мясцовае супольніцтва збіраецца яе ажыццявіць? Расказвае адна з дараганаўскіх актывістак Ірына Мароз:
— Для пачатку трэба адзначыць, што “падбухторваюць” аднавяскоўцаў на гэтую справу так званыя “рэпатрыянты” — людзі, якія нарадзіліся ў Дараганаве, аднак жылі ў іншых мясцінах і вярнуліся на малую радзіму з выхадам на пенсію. Усе яны бачылі свет, мелі дастаткова сіл і сродкаў, каб пераўтварыць бацькоўскія сядзібы ў сучаснае камфортнае жыллё. Ну а потым захацелася, каб прыгожа стала і навокал.
Рака Пціч вельмі маляўнічая, і яна можа стаць сапраўдным упрыгажэннем паселішча. Пакуль гэтага няма, і ў першую чаргу з—за значнай колькасці сухіх ды хворых дрэў на ўзбярэжжы. Частка іх падае ў раку, утвараючы свайго роду плаціны. Каля іх збіраюцца цэлыя астравы з рэшткаў натуральнай расліннасці і адыходаў, якія пакідаюць рыбакі ды адпачываючыя. Значная колькасць дрэў ляжыць на дне ракі, з—за чаго купанне патрабуе вялікай асцярожнасці. Ды і ўвогуле знаходзіцца каля высокіх сухастойных дрэў страшна: хто ведае, калі яны пачнуць падаць?
Рашэнне бачыцца простым: сухія дрэвы — гэта добрыя дровы, і калі вяскоўцы атрымаюць дазвол іх спілаваць, узбярэжжа ачысціцца хутка.
З такой прапановай экаактывісты звярнуліся ў Дараганаўскі сельскі Савет дэпутатаў. Мясцовая ўлада ў асобе старшыні сельвыканкама Тамары Валадзько ініцыятыву знізу падтрымала, хаця, каб разабрацца ў юрыдычных нюансах, ёй спатрэбілася нямала часу. І вось чаму.
Неабходна стварыць адпаведную камісію, якая абследуе ўсе “праблемныя” дрэвы і складзе па кожнаму з іх адпаведны пратакол. Потым трэба будзе нейкім чынам легалізаваць працэс зносу дрэў, для чаго дакладна вызначыць, на чыіх землях трэба праводзіць знос. У дзяржлесфондзе з гэтым праблем няма: ідзе чалавек у лясніцтва і выпісвае білет на права высечкі. А вось калі дрэвы ў межах паселішча, то трэба будзе прыняць адпаведнае рашэнне мясцовых органаў улады.
Працэдура, як бачна, дастаткова грувасткая, аднак сур’ёзнай бюракратычнай перашкоды на шляху добрай справы не ўяўляе. І гэта вельмі важна, бо, калі ўзгаданая ініцыятыва прывядзе да поспеху, атрыманы вопыт можа прынесці многа карысці. Вёсак каля рэчак у раёне нямала, але правесці добраўпарадкаванне берагоў дараганаўскім спосабам яшчэ ніхто не дадумаўся.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ. Фота аўтара.
