Ці развіваюць асіповіцкія вытворцы фірменны гандаль?

Купляйце сваё!
У адрозненне ад многіх іншых, наш раён мае моцны “пул” прамысловых прадпрыемстваў, на якіх выпускаецца разнастайная прадукцыя. А ці развіваюць мясцовыя вытворцы ўласны, калі можна так сказаць, фірменны гандаль? Каб даведацца, карэспандэнт раёнкі здзейсніла невялікую вандроўку па горадзе.
Бадай кожнаму знаёма крама хлебазавода. Гэта магазін з самым прыемным водарам, бо хлебабулачныя вырабы сюды дастаўляюць літаральна з печы: зранку — начныя, апоўдні — дзённыя.
На момант візіту на паліцах налічвалася 29 відаў пульхнага хлеба, найсмачнейшых пірожных і рознай іншай здобы. Прадавец Таццяна Громава расказала, што найбольшым попытам спажыўцоў карыстаецца хлеб “Панскі” і “Асіповіцкі” асобы, які расходзіцца па 30 і больш боханаў за змену. Батон пад назвай “Правінцыяльны” набывае ад 40 да 90 пакупнікоў за дзень. Прызнаннем карыстаюцца таксама хлеб зерневы і заварныя пірожныя.
Дарэчы, торты і пірожныя нашага хлебазавода маюць тэрмін захоўвання пяць дзён. Але праз два дні іх кошт памяншаецца на 30%, таму набываць святочную смакату ў гэтым магазіне вельмі выгадна.
Нядзіўна, што пакупнікамі крамы часта становяцца жыхары суседніх Пухавіцкага, Старадарожскага, Бабруйскага раёнаў.
Такой разнастайнасці малочных тавараў, як у фірменным магазіне ААТ “Бабушкина крынка”, у іншых асіповіцкіх крамах цяжка знайсці. Мяркуйце самі: па 12 відаў малака і цвёрдых сыроў, 11 відаў глазураваных сыркоў, дзесяць — творагу, дзевяць — масла. У наяўнасці па некалькі найменняў сыроў плаўленых, смятаны, кефіра, вяршкоў, ёгуртаў. Ад прадаўца Настассі Грузд даведаліся, што зараз асаблівым попытам карыстаецца марожанае, пітны ёгурт. Хаця і малака землякі набываюць за дзень каля 60 літраў, а глазураваных сыркоў у любую пару года за дзень распрадаецца 120-150 штук. Ахвотна купляюць сыроватку і кефір.
Напрыклад, асіпаўчанка Галіна Купрацэвіч — пастаянны пакупнік гэтага гандлёвага аб’екта. Вось і зараз яна набыла малако, вяршкі, твораг і масла. “Якасцю тавараў задаволена, — падзялілася пакупніца. — Усё надзвычай свежае, ды і кошт выгадна адрозніваецца ад цэн у іншых магазінах”.
Прадавец словы пакупніка пацвердзіла і дадала, што, заходзячы ў крамы іншых гандлёвых сетак, міжволі звяртае ўвагу на цэны і задаволена канстатуе: “У нас малочка самая танная!”
Акрамя мясцовых прадуктаў, асіповіцкія пакупнікі могуць набыць і прадметы бытавой хіміі, выпушчаныя парфумерна-касметычнай фабрыкай “Сонца”. Зрабіць гэта выгадна ў фірменным магазіне, разме-шчаным на тэрыторыі прадпрыемства. Тут на паліцах прадстаўлена ўся лінейка прадукцыі. Пральны парашок, гель для мыцця бялізны, адбельвальнік і кандыцыянер, плямавыводнік і асвяжальнік паветра, сродкі для мыцця посуду, уборкі памяшканняў, шампуні — усё можна купіць у адным месцы і патраціць менш грошай, чым у іншых аб’ектах гандлю.
Намеснік дырэктара фабрыкі па вытворчасці Дзмітрый Конухаў расказаў пра незвычайную арганізацыю гандлю: “Уся дзейнасць прадпрыемства накіравана на работу з кліентамі. Асартымент прадукцыі пастаянна папаўняецца і ўвесь ён прадстаўлены на вітрыне. Пакупнік выбірае неабходны тавар і разлічваецца карткай. Спецыяльных прадаўцоў у нас няма, ды яны і не патрэбны. Супрацоўнік службы аховы заўсёды пракансультуе, што выбраць, зыходзячы са спажывецкіх якасцей і цанавой палітыкі. Наш магазін працуе кругласутачна, чым ахвотна карыстаюцца многія пакупнікі. Не раз здаралася, што хтосьці позна ўвечары ўспамінаў, што ў доме скончыліся мыючыя сродкі, і набываў тут патрэбнае нават уначы”.
Дарэчы, на прадпрыемстве зараз праходзіць акцыя, у якой можа паўдзельнічаць любы пакупнік: набыўшы ўпакоўку прадукцыі, ёсць шанц выйграць мікрахвалевую печ або пральную машыну.
Яшчэ адзін від прадукцыі мясцовага вытворцы — аўтазапчасткі і камплектуючыя, якія выпускае завод аўтаагрэгатаў. Прадпрыемства адкрыла і спецыялізаваны магазін, у якім можна ўбачыць шырокую гаму прадукцыі АЗАА. І хоць звяртаюцца сюды часцей аўтапаркі і іншыя прадпрыемствы, якія маюць уласны транспарт, але і прыватныя карыстальнікі транспартных сродкаў нярэдка заходзяць у пошуку дэталяў ці элементаў абліцоўкі.
Але не толькі аўтамабілямі займаюцца на прадпрыемстве. Тут выпускаюць лодкі і катамараны, спартыўны рыштунак, а таксама запчасткі для іх. Гэты від прадукцыі карыстаецца попытам у гаспадароў аграэкасядзіб і аматараў актыўнага адпачынку.
Ёсць і яшчэ адзін від запатрабаванай прадукцыі — скрыні для расады і розныя канструкцыі для сада і агарода. Вясной і летам дачнікі актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем сваіх “фазэнд”, а таму ахвотна разглядаюць усе прапановы, якія садзейнічаюць гэтаму.
Побач з ЗТАА “Кровельный завод ТехноНИКОЛЬ” размяшчаецца магазін “Крома-Дом”, які сярод іншых тавараў прапаноўвае і прадукцыю ўзгаданага вышэй прадпрыемства. Напрыклад, тут можна набыць руберойд, масціку, уцяпляльнік. На жаль, будаўніцтва сёлета ў нашым рэгіёне ідзе не ў вялікіх маштабах, а таму і гандаль даволі вялы. Тавары набываюцца, але невя-лікай колькасцю, часцей на дробныя рамонты на прадпрыемствах.
* * *
У гандлёвых аб’ектах рознай формы ўласнасці можна набыць і нямала іншай прадукцыі мясцовых вытворцаў. Напрыклад, рыбгас рэгулярна прапаноўвае свежую рыбу, камбінат бытавога абслугоўвання — выбраць камплект пасцельнай бялізны ці коўдру, а крупяныя вырабы вытворчага ўчастка КХП прадаюцца ў ганд-лёвай сетцы “Еўрагандаль”. Словам, вырабы пад маркай “Зроблена ў Асіповічах” ёсць, і яны карыстаюцца попытам ў землякоў. А гэта важкая нагода для гонару за сваю малую радзіму.