Асіповіцкаму КБА кліенты давяраюць

Сярод больш 10 відаў паслуг, якія аказвае насельніцтву ААТ “Асіповіцкі камбінат бытавога абслугоўвання”, хімчыстка і пранне бялізны — адны з запатрабаваных.
— Многія землякі ведаюць да нас дарогу, — гаворыць прыёмшчык заказаў Вольга Ліннік. — Амаль сотня пастаянных кліентаў, прычым не толькі мясцовых, але і з суседніх раёнаў. Жыхар Талькі, напрыклад, ужо які год прывозіць сюды бялізну для прання: такая паслуга ў Пухавічах значна даражэйшая. Карыстаецца ён пральнай машынай самастойна, што, пры жаданні, можа зрабіць кожны заказчык. Але ў асноўным людзі давяраюць працэдуру прафесіяналам. Гэта аператары Алеся Ліннік, Таццяна Русецкая, Ганна Налівайка, Дзіяна Кароль, Надзея Без’язычная (на здымку). Дапамагаюць сачыць за бесперапынным тэхналагічным працэсам слесар-сантэхнік Васілій Мельнік і электрык Віктар Лагуцін. Калектыў невялікі, але дружны.
— Акрамя насельніцтва, каго яшчэ абслугоўваеце?
— Вайсковыя часці, гасцініцы, базы адпачынку, установы адукацыі і аховы здароўя, сацаб-слугоўвання, грамадскага харчавання. Усяго ў спісе каля 100 арганізацый. Заказы на мыццё бялізны прымаюцца і 9 комплексна-прыёмнымі пунктамі. Памыць у пральні можна не толькі пасцельную бялізну, але і розную вопратку, у тым ліку пухавікі, коўдры з ваты, пледы, мэблевыя і аўтамабільныя чахлы, невялікія сінтэтычныя дываны і іншае. Расцэнкі больш чым дэмакратычныя — рэгулююцца нарматывамі дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Напрыклад, кілаграм пасцельнай бялізны памыюць усяго за 0,86 рубля. Аператары абслугоўваюць 7 пральных машын, 3 з іх усталяваны прыкладна год таму.
У аб’ёме рэалізацыі бытавых паслуг насельніцтву паслугі пральні складаюць 25%. За студзень-лістапад планавае заданне выканана на 98%. Выручка склала 153,2 тысячы рублёў.
— Што найчасцей прыносяць у хімчыстку?
— Адзенне, асабліва пухавікі і дублёнкі. Чалавек, які імі займаецца, мае спецыяльную адукацыю. Патрабуецца не проста закінуць рэч у машыну, націснуць на кнопкі і чакаць заканчэння аперацыі — тут некалькі этапаў. Аператар абавязкова азнаёміцца з маркіроўкай па доглядзе, апрацуе плямы спецыяльнымі растворамі і толькі тады накіруе ў машыну, дзе адзенне ачышчаецца сухімі растваральнікамі. Затым — сушка цёплым паветрам у барабане. I напрыканцы трэба надаць рэчы папярэдні выгляд — адпарыць, адпрасаваць, адрамантаваць, калі ёсць неабходнасць. Бываюць выпадкі, калі плямы старыя і не паддаюцца чыстцы або кліент спрабаваў самастойна справіцца з брудам і прымяніў забароненыя растваральнікі, чым і сапсаваў адзенне. Лепш завітаць да нас, дзе прафесіяналы прывядуць рэч у парадак. Непасрэдна працэс чысткі праходзіць прыкладна 2-2,5 гадзіны. Пры неабходнасці можна аформіць і тэрміновы заказ — тады ўся працэдура праводзіцца на працягу сутак.
— Наколькі ў попыце чыстка пер’ева-пуховых вырабаў?
— У хатніх умовах з гэтай задачай не надта зручна справіцца, а спецыяльная машына выканае дадзеную работу на выдатна. Прычым без прымянення шкодных для чалавека хімпрэпаратаў: знішчаюцца ўсе мікробы з дапамогай ультрафіялета, таму людзі з задавальненнем прыносяць пер’евыя падушкі. Цэны на чыстку дастаткова прымальныя: кілаграм пуху — каля 2 рублёў. Да таго ж ёсць магчымасць адразу “пераапрануць” падушку ў новую насыпку, кошт якой залежыць ад памеру і якасці тканіны — вагаецца ад 4,02 да 4,87 рубля. Але можна прыйсці і са сваёй насыпкай. Прыемнае дапаўненне для жадаючага спаць на чыстых падушках — адсутнасць чэргаў…