Асіповіччына: “Дажынкі-2014” ў Вяззі (+фота)

Асіповіччына: “Дажынкі-2014” ў Вяззі (+фота)

Сёлета надвор’е да аграрыяў асабліва спагадлівае: дазволіла не толькі ў аптымальныя тэрміны правесці само жніво, але і адзначыць “Дажынкі” ў прыемны па ўсіх параметрах дзень.

Яшчэ на ўездзе ў гэты адзін з лепшых аграгарадкоў Асіповіччыны саламяныя баба з дзедам папярэджвалі, што тут праходзіць свята працаўнікоў вёскі. Эпіцэнтрам жа саміх “Дажынак” стала тэрыторыя Вязскага Дома культуры. Ужо з 11 гадзін раніцы тут працавалі падворкі клубаў раёна і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Асіповіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, камбіната бытавога абслугоўвання. Выставы работ, створаных рукамі асіповіцкіх умельцаў, бяспройгрышныя латарэі, сувеніры на любы густ чакалі наведвальнікаў. Удосталь было розных пачастункаў — і каўбас, і выпечкі. Духмяную ўху прапаноўвала ААТ “Рыбгас “Свіслач”, можна было паспрабаваць і набыць прадукцыю мясцовых перапрацоўшчыкаў: нямала людзей сабрала дэгустацыя малочнай прадукцыі філіяла “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”, прыцягвалі погляд шыкоўныя караваі нашага хлебазавода, пазнаёміцца з прадукцыяй Асіповіцкага вытворчага ўчастка ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” запрашаў саламяны бабёр і драўляны млын. Вядома, далучыліся да свята і гандлёвыя арганізацыі раёна.

dozhinki

Сама ўрачыстасць складалася з некалькіх этапаў. Вялікую цікавасць выклікаў парад сельскагаспадарчай тэхнікі. Першым ехаў “авангардаўскі” зернеўборачны камбайн “Джон-Дзір”, якім кіраваў яго нязменны гаспадар Алег Малевіч. Увішны механізатар адпрацаваў на камбайне ўжо чатырнаццатае жніво, заўсёды ўваходзячы ў лік лідараў раёна. Уразіў сваёй магутнасцю трактар “Беларус-3522” з 12-корпусным плугам, такіх “жалезных волатаў” у 350 конскіх сіл, якім падуладна любое поле, у раёне пакуль тры адзінкі. Другі сезон на асіповіцкіх сенажацях працаваў прэс-падборшчык-абмотчык рулонаў “Тарнада”, які дазваляе нарыхтоўваць кармы па новай тэхналогіі ў поліэтыленавую плёнку. Замыкаў паказ буракаўборачны камбайн “Холмер” — лічы, гэты агрэгат самастойна спраўляецца з паловай бураковых палёў раёна. Наогул, што тычыцца тэхнічнага аснашчэння сельгаспрадпрыемстваў Асіповіччыны, то яно на высокім узроўні.

За тэхнікай адразу рушылі дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў і калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Гледачы шчыра віталі сваіх землякоў — удзельнікаў ганаровага шэсця.

Ушанаванне герояў жніва-2014 праходзіла ў глядзельнай зале СДК. Першымі на сцэну запрашаліся старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч і яго намеснік, начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Міхалёў, які і адрапартаваў кіраўніку раёна, што ўбрана 9620 гектараў палёў, намалочана 36 264 тоны збожжа і зернебабовых. Пётр Яфімавіч, выказаўшы шчырую падзяку ўсім удзельнікам жніва, падкрэсліў, што ўраджай больш чым у 37 цэнтнераў з гектара на Асіповіччыне атрыманы ўпершыню за апошнія гады. Значыць, у сельскай гаспадарцы ёсць патэнцыял, і з цягам часу ён раскрываецца. Дэталёва кіраўнік раёна спыніўся на дасягненнях сельгаспрадпрыемстваў. Лідарам па намалоце стаў філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — тут сабрана 8164 тоны хлебнага багацця: 50 цэнтнераў на круг, 136 кілаграмаў на балагектар. Па 3,5 тысячы тон атрымалі сёлета калгасы “Чырвоны ўдарнік” і “Карытнае”. Дарэчы, апошні СВК асабліва ёсць за што пахваліць: гэты сезон у параўнанні з ранейшымі перыядамі аказаўся па-сапраўднаму плённым. Добрых вынікаў дасягнулі і лапіцкія хлебаробы. Адметна, што сёлета было 12 ва-дзіцеляў, якія перавезлі больш за тысячу тон збожжа ад камбайнаў — у два разы больш, чым летась.

Пётр Яфімавіч выказаў спадзяванне, што, узяўшы высокі старт, раён яшчэ больш памножыць вынікі ў наступным годзе, тым самым заваяваўшы права правядзення на сваёй тэрыторыі абласнога свята.

дожинки1

Дарэчы, з гэтага года беларускія “Дажынкі” змяняюць свой фармат. Раённыя фэсты праходзяць на базе аграгарадкоў, абласныя — у раённых цэнтрах. Рэспубліканскае ўшанаванне лепшых працаўнікоў сяла з уручэннем узнагарод ад Прэзідэнта будзе праходзіць у асабліва ўрачыстай абстаноўцы па выніках аграрнага года ў Мінску. У новым фармаце фестываль-кірмаш стаў персанальным ушанаваннем працаўнікоў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у збор ураджаю збожжа і зернебабовых культур.

Ад аблсельгасхарчу асіповіцкіх аграрыяў вітаў намеснік генеральнага дырэктара закрытага акцыянернага таварыства “Насенне траў” Віталій Іванюшаў. Ён падзякаваў хлебаробам за значны ўклад у абласны каравай і ўручыў Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама галоўнаму аграному СВК “Калгас “Бярэзіна” Галіне Шахно, старшаму камбайнеру з “Авангарда” Алегу Малевічу, галоўнаму інжынеру калгаса імя Чарняхоўскага Андрэю Крушнаму.

Шэраг працаўнікоў атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, Падзячныя лісты і грашовыя прэміі, а ўручыў гэтыя заслужаныя ўзнагароды Пётр Шукаловіч.

Да ўшанавання хлебаробаў далучыліся і раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру” — падарункі атрымалі галоўныя аграномы калгасаў “Лапічы” і “Ясень” Кацярына Максімюк і Сяргей Новікаў адпаведна, трактарыст СВК “Калгас “Каўгарскі” Мікалай Пухоўскі і вадзіцель ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” Леанід Ткачоў.

Сцэнарый прадугледжваў не толькі ўзнагароджанні, песні і танцы, але і размову з пераможцамі жніва. Так, напрыклад, стала вядома, што 26-гадовы камбайнер Андрэй Даманеўскі з “Карытнага” марыць аб яшчэ большых здабытках, а Сцяпан Давідовіч, якому толькі 22, не збіраецца расставацца са сваёй гаспадаркай — філіялам “Белшына-агра” ААТ “Белшына” і далей.

Было і частаванне кваском і караваем. Словам, мерапрыемства па ўшанаванні перадавікоў атрымалася і ўрачыстым, і разнастайным. Выступалі як нашы калектывы мастацкай самадзейнасці, так і госці з Гомельскай вобласці: народны ансамбль танца “Весніца” Акцябрскага цэнтра вольнага часу.

Цікавым аказаўся і працяг гэтага дня. Яшчэ некалькіх гадзін ішоў канцэрт на эстрадзе на вуліцы. Спіс выступаючых уключаў каля двух дзясяткаў калектываў, двухсот удзельнікаў, у тым ліку і са школ мастацтваў. Незабыўным момантам стаў вясельны абрад, які на сцэне правёў народны ансамбль “Вязанка” Вязскага СДК. Сімвалічна, што маладыя — Сяргей Кучаравы і Дзіяна Строк — работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Стварэнне новай сям’і ў шчодры дзень “Дажынак” — добрая прымета!

Надоўга прыцягнула ўвагу і шоу на вадзе, якое паказалі спартсмены Мінскага аквабайкерклуба “Пірання”. Такое відовішча раней асіпаўчане маглі бачыць хіба што ў інтэрнэт-роліках. Між іншым, усе выкарыстаныя ў воднай прэзентацыі ўстройствы — распрацоўкі беларускіх аквабайкераў.

IMG_8622

Асаблівая ўвага на свяце надзялялася дзіцячаму адпачынку: працавалі гульнёвыя і забаўляльныя пляцоўкі, члены маладзёжнай суполкі БРСМ наладзілі рынг для жартоўнай барацьбы з мяхамі, была магчымасць паўдзельнічаць у розных конкурсах і паглядзець цікавы спектакль, падрыхтаваны юнымі артыстамі Цэнтра торчасці дзяцей і моладзі. Навучэнкі групы парыкмахераў з каледжа з задавальненнем запляталі юных модніц, давалі майстар-класы. Вельмі правільна зрабіў Дараганаўскі вучэбна-педагагіны комплекс, наведаўшы свята ў поўным складзе: вучняў з усіх класаў прывезлі на школьным транспарце. Чым не аптымальная арганізацыя шостага дня тыдня?

У цэлым жа народнае гулянне ў чарговы раз пацвердзіла, што агульныя намаганні заўсёды выліваюцца ў паспяховую справу — хоць на жытнёвым полі, хоць на канцэртнай пляцоўцы. Ну а што тычыцца герояў свята, то ўжо ўчора яны зноў выйшлі ў поле: трэба ўбіраць кукурузу на сілас, рыхтаваць палеткі і сеяць азімыя. На наступны год ураджай павінен быць яшчэ лепшым!

Дожинки в Вязье04 Дожинки в Вязье05 Дожинки в Вязье06 Дожинки в Вязье07 Дожинки в Вязье08 Дожинки в Вязье09 Дожинки в Вязье10 Дожинки в Вязье11 Дожинки в Вязье12 Дожинки в Вязье13 Дожинки в Вязье14 Дожинки в Вязье15 Дожинки в Вязье16 Дожинки в Вязье17 Дожинки в Вязье18 Дожинки в Вязье19 Дожинки в Вязье20 Дожинки в Вязье21 Дожинки в Вязье22 Дожинки в Вязье23 Дожинки в Вязье24 Дожинки в Вязье25 Дожинки в Вязье26 Дожинки в Вязье27 Дожинки в Вязье28 Дожинки в Вязье29 Дожинки в Вязье30 Дожинки в Вязье31 Дожинки в Вязье32 Дожинки в Вязье33 Дожинки в Вязье34 Дожинки в Вязье35 Дожинки в Вязье01 Дожинки в Вязье02 Дожинки в Вязье03

Валянціна КОРБАЛЬ.

Фота Ніны ЦАРЫК.

Последние новости

Общество

Иностранцы без ВНЖ: как правильно сдать жилье и узаконить трудовые отношения

25 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко дал интервью одному из наиболее известных мировых изданий

25 июля 2025
Читать новость
Общество

26 июля ФК “Осиповичи” проведет заключительный матч первого круга чемпионата страны по футболу 1 лиги

25 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

24 июля состоялось заседание штаба по благоустройству Осиповичского района

25 июля 2025
Читать новость
Общество

Уборачная кампанія ў разгары. У гэтым пераканалася карэспандэнт АК, наведаушы ААТ “Ясеньскае”

25 июля 2025
Читать новость
Общество

Прямая линия с управляющим делами Осиповичского райисполкома

25 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем