Асіпаўчане думаюць так

Штогадовае Пасланне Прэзідэнта краіны — адзін з найбольш важных момантаў айчыннага палітычнага жыцця, і закранутыя пытанні сёлетняга выклікалі вялікі рэзананс у грамадстве. Гэта зразумела: краіна перажывае няпросты перыяд, і кожны беларус не можа абыякава адносіцца да выбару шляху, якім усе разам будзем рушыць далей. Вось меркаванні шэрагу землякоў наконт азначанага Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.
старшыня Вяззеўскага сельсавета:
— На гэтай адказнай пасадзе не першы год. Шмат удалося вырашыць, а яшчэ больш работы наперадзе. Адзін не ў стане выканаць усе пастаўленыя перад Саветам задачы. Згодзен з Кіраўніком дзяржавы: для гэтага трэба каманда аднадумцаў, зладжаная работа на агульны вынік. Апошнім часам актывізавалася работа дэпутацкага корпуса. Народныя выбраннікі дапамагаюць з пытаннямі добраўпарадкавання па сваіх акругах. Не стаяць убаку і старасты вёсак і селькамы — людзі пачынаюць разумець, што ад іх актыўнай пазіцыі залежыць многае: парадак на вуліцах, прысядзібных участках, могілках; не толькі асабістая супрацьпажарная бяспека, але і суседская. Ды і пытанні правапарадку хвалююць многіх — каб спакойна прайсціся па вуліцы ў любы час.
З дапамогай вясковых актывістаў вырашаюцца многія праблемы — гэта правільна. Аднак застаюцца яшчэ неахайнымі двары, смецце ў лясах, на дарогах, каля прыдарожных палос. На мой погляд, трэба ўзмацніць адказнасць за нядобрасумленныя паводзіны асобных грамадзян і юрыдычных асоб. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца каля дзясятка прыватных прадпрыемстваў. З аднаго боку — добра: рабочыя месцы для людзей, зар-плата і дабрабыт. Але ж кіраўнікам не трэба забываць і пра навядзенне парадку на замацаваных участках і вакол. Стараемся шукаць паразуменне і тут. I некаторыя не толькі клапоцяцца пра свае тэрыторыі, але і прыходзяць на дапамогу іншым.
Галоўным прыярытэтам у дзейнасці сваёй і памочнікаў лічу работу з людзьмі. Дайсці да кожнага, часцей сустракацца з сяльчанамі, весці прафілактычную работу па жыццёва важных пытаннях, нікога не пакідаць па-за ўвагай, паводзіць сябе шчыра і адкрыта — толькі так можна пазбегнуць многіх канфліктных сітуацый і палепшыць якасць жыцця людзей.
дырэктар філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”:
— Як кіраўнік сельгаспрадпрыемства, са звароту Прэзідэнта пачарпнуў для сябе нямала карыснага. Задачы перад беларусамі на бягучы год стаяць важныя, бо ён павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы. Ёсць планы і ў нашай гаспадаркі. Напрыклад, збіраемся давесці валавую вытворчасць малака да 109,2%. Каб рэалізаваць задуманае, трэба стварыць надзейную кармавую базу. Да корманарыхтоўкі мы гатовы, днямі пры-ступілі да ўборкі азімай сурэпіцы — культуру сеялі на 180 гектарах, праз месяц-паўтара будзем мець дадатковы корм. Гэта свайго роду і перастрахоўка на той выпадак, калі раптам зноў будзе такое засушлівае лета, як у мінулым годзе.
Надзяляем шмат увагі і рабоце па аднаўленні статка. Зацікавіліся галшцінскай пародай, карова-рэкард-сменка сярод якіх дала 32 тысячы кілаграмаў малака за год. Мы, канечне, на такую лічбу не прэтэндуем, аднак павялічыць на 4,5-5 кілаграмаў сярэднясутачны ўдой ад каровы атрымаць збіраемся. Зараз маем 30 такіх цялушак, якія асемяняюцца высакаякасным элітным матэрыялам, таму праз 9 месяцаў будзем чакаць новых паказчыкаў. А з цягам часу рэальна атрымаць больш прадукцыйны дойны статак.
Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача забяспечыць зніжэнне сабекошту прадукцыі не менш чым на 25%. Тут галоўны шлях бачым у павышэнні вытворчасці працы за кошт строгага выканання тэхналагічных рэгламентаў пры вырошчванні культур і вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Калі кожны на сваім участку будзе працаваць больш эфектыўна, усё атрымаецца. I гэта датычна не толькі нашай гаспадаркі, а ўвогуле любой галіны.
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
ДУА “Гімназія г. Асіповічы”:
— Лічу Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу свайго роду кіраўніцтвам да дзеяння. Гаворачы аб праблемах у сферы адукацыі, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што настаўнікі ў Беларусі павінны перайсці да новых форм работы. Наша ўстанова заўсёды была адкрыта навацыям. Зараз, напрыклад, гімназія разам з іншымі школамі Магілёўшчыны паспяхова ўдзельнічае ў агульным інавацыйным праекце па інтэграцыі фізікі і матэматыкі.
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў звароце пад-крэсліў, што сістэма адукацыі сёння патрабуе якаснага ўдасканалення. Прычым не варта ламаць ужо пабудаванае, а трэба рабіць наступны крок. Асноўныя напрамкі дзейнасці гімназіі — павышэнне прафесійнага ўзроўню настаўнікаў на аснове навукова-даследчага падыходу да арганізацыі адукацыйнага прцэсу, дасягненняў сучаснай псіхолага-педагагічнай навукі і практыкі, павышэнне якасці правядзення вучэбных заняткаў праз эфектыўныя педагагічныя тэхналогіі, развіццё творчага патэнцыялу гімназістаў шляхам павышэння рэзультатыўнасці індывідуальнай работы і ахопу ўсіх навучэнцаў пазакласнай работай і дадатковай адукацыяй. Працягваецца і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, абсталяванне вучэбных кабінетаў, аснашчэнне іх сучаснымі тэхнічнымі сродкамі.
У Пасланні было адзначана, што ў нас практычна стабілізавалася дэмаграфічная сітуацыя: летась у краіне нарадзілася 120 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак — лепшы паказчык за апошнія два дзесяцігоддзі. Гэта значыць, школам можна чакаць папаўнення, а ўсім нам — смела глядзець у будучыню краіны.
настаўнік Пратасевіцкай дзіцячай школы мастацтваў, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Сузор’е”:
— Пра сферу культуры ведаю ўсё ці амаль усё. За плячыма — музычнае вучылішча, універсітэт культуры, кіраўніцтва і выкладанне ў музычнай школе, стварэнне народнага і дзіцячага ўзорнага калектываў, удзел у творчых конкурсах і фестывалях. Адраджаю беларускія народныя традыцыі, якія разам з камандай аднадумцаў прапагандую не толькі ў сябе на радзіме, але і далека за яе межамі. Культурная спадчына беларусаў — той пласт, над якім трэба яшчэ працаваць і працаваць. Нездарма ж гэтаму пытанню надаецца вялікая ўвага пры рэалізацыі дзяржпраграмы “Культура Беларусі”, разлічанай на пяцігодку. Сёлета зацверджана новая. Яе ажыццяўленне распачалося з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года культуры, таму ў нашых установах актывізуецца работа па многіх накірунках дзейнасці, у тым ліку і па стасунках з моладдзю, на што звярнуў увагу і Прэзідэнт ў Пасланні.
Далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё ў першую чаргу залежыць ад маладых людзей з высокім інтэлектам і багатым духоўным светам. Прыемна, што ўсё больш і больш хлопцаў і дзяўчат далучаюцца да культуры продкаў, цікавяцца народнымі звычаямі і абрадамі, самі гатовы паўдзельнічаць у тым ці іншым стылізаваным народным свяце. Вывучаючы песні і танцы бабуль і дзядуль, яны дакранаюцца да глыбокага сакральнага сэнсу, які закладвалі калісьці людзі ў тое, што адбывалася вакол.
Як кіраўнік народных калектываў мару аб тым, каб у школах хутчэй з’явіліся ўрокі народнай культуры, дзе вопытныя выкладчыкі, майстры сваёй справы будуць вучыць падрастаючае пакаленне народным песням і танцам, працаваць за ткацкім станком, шыць сабе нацыянальнае адзенне, па якім нас будуць пазнаваць ва ўсім свеце.
Дзмітрый Прусакоў, дырэктар ПГУП “Прусакоў”:
— Прадстаўнікоў бізнес-супольнасці ў першую чаргу цікавіў блок эканамічных пытанняў, якія былі абагульнены ў Пасланні. Калі шчыра, нечаканасцей не было, ды іх і не павінна быць. Прэзідэнт не дарэмна адзначыў, што “…усе рашэнні, якія тычацца эканомікі, як ніколі ў гэтым годзе канкрэтызаваныя і прынятыя, іх проста трэба рэалізоў-ваць”.
Гэтыя словы не аспрэчыш. Пачынаў сваю справу ў 2002 годзе, таму магу параўноўваць. За 14 гадоў заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць прыватных прадпрыемстваў, змянілася непазнавальна. Сёння яно, лічу, адно з самых дасканалых у СНД: адкрыць справу зусім проста, правілы яе вядзення зразумелыя, з боку дзяржавы існуе не толькі кантроль, але і адчувальная падтрымка. Ды і кантроль “джэнтльменскі”: спіс правяраемых суб’ектаў гаспадарання вызначаецца напачатку года, так што ёсць час загадзя правесці любую “работу над памылкамі”.
Канешне, сітуацыя ў народнай гаспадарцы складаная, і ўсе прадпрымальнікі адчуваюць гэта праз скарачэнне попыту на паслугі і тавары. Аднак з кожнай праблемай можна справіцца, калі ставіць перад сабой рэальныя мэты і дасягаць іх правільнымі спосабамі. Таму можна смела параўноўваць задачы, якія акрэсліў беларускі лідар, з ключавымі пунктамі бізнес-планаў, што распрацоўвае кожны прадпрымальнік. Падабенства атрымліваецца амаль поўнае, і гэта не дзіўна: законы эканамічнага развіцця аднолькавыя як для асобнага прадпрыемства, так і для краіны ў цэлым.
I гэтыя законы насамрэч працуюць! Можа гэта не вельмі сціпла, аднак толькі іх дакладнае выкананне дазволіла невялікаму прадпрыемству ПГУП “Прусакоў” уцалець у канкурэнтнай барацьбе з буйнымі ганд-лёвымі сеткамі і дачакацца часу, калі “магазіны крокавай даступнасці”, з якіх складаецца наша фірма, зноў аказаліся запатрабаванай формай рознічнага ганд-лю.
У паспяховага вядзення бізнесу ёсць яшчэ адна абавязковая ўмова: прадпрымальнік павінен быць аптымістам. Зразумела, пажадана, каб пазітыўны погляд на жыццё меў надзейныя апоры ў дні сённяшнія і акрэсленыя перспектывы на будучыню. Пра рэчаіснасць ужо казаў, а што тычыцца перспектыў, то з задавальненнем прывяду яшчэ адну цытату з Паслання: “Губернатары, вы адказваеце за тое, каб малы бізнес развіваўся ў сярэдні і буйны. Калі вам хтосьці і штосьці перашкаджае, вы ведаеце, што рабіць”.
камандзір 51 гвардзейскай артылерыйскай брыгады:
— Кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні засяродзіў увагу на вострых выкліках сучаснасці, на якія павінна знайсці аптымальныя адказы наша краіна. Сярод іх — выбар прыярытэтаў у абароннай палітыцы, вызначэнне шляхоў захавання суверэнітэту Беларусі. Дасягнуць узгаданага без арміі немагчыма, што робіць падтрыманне баяздольнасці Узброеных Сіл на належным узроўні адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі.
Дзеля аб’ектыўнасці трэба сказаць, што замежныя калегі да беларускіх вайскоўцаў адносяцца з павагай. Па разліках міжнароднай аналітычнай арганізацыі “Глабальная агнявая магутнасць”, наша армія па ўзроўні баяздольнасці займае 49 месца са 126 у свеце і 13 месца з 28 у Еўропе. Такога патэнцыялу цалкам дастаткова для вырашэння задач, якія адпавядаюць апошнай рэдакцыі Ваеннай дактрыны, у якой яшчэ больш важка падкрэслена накіраванасць на захаванне міру. Аднак заспакойвацца нельга: армія — частка дзяржавы і грамадства, таму ўсе існуючыя ў краіне праблемы ў той ці іншай ступені адбіваюцца на справах вайскоўцаў.
Тут хачу падкрэсліць актуальнасць выказвання Прэзідэнта аб тым, што абаронны патэнцыял Беларусь вымушана нарошчваць у дастаткова складаных эканаміч-ных умовах. А значыць, армія сёння абавязана дабівацца, каб выдзяляемыя на патрэбы сродкі траціліся з максімальнай аддачай. Гэта тычыцца ўсяго: прафе-сіянальнай падрыхтоўкі кадравых вайскоўцаў, баявой вучобы ваеннаслужачых тэрміновай службы, эксплуатацыі тэхнікі, карыстання пабудовамі, іншай маёмасцю.
Патрэбны і змены ў псіхалогіі. Усе вайскоўцы, незалежна ад чыну і звання, павінны ўсведамляць, што абароназдольнасць Радзімы залежыць ад таго, наколькі добра яны выконваюць кожны атрыманы загад. Зразумела, нельга казаць, што зараз адносіны іншыя, аднак вядома, што ў баявой падрыхтоўцы асобнага ваенна-служачага, воінскага злучэння, роду войск і Узброеных Сіл мяжы дасканаласці няма і быць не можа.
Васіль Альфяровіч, электраманцёр УКП ЖКГ:
— З цікавасцю слухаў выступленне кіраўніка краіны. Яно тычыцца кожнага з нас. Асабліва — пытанні сацыяльнай палітыкі.
Цалкам падтрымліваю Прэзідэнта ў тым, што няма большай каштоўнасці, чым мір і бяспека нашых грамадзян. Толькі ва ўмовах мірнага існавання можна рашаць усе астатнія праблемы.
Прыемна, што надзяляецца шмат увагі людзям пажылога ўзросту, што памеры пенсій не плануюць памяншаць, а сацыяльныя выплаты працуючых у пенсіённы фонд не будуць павялічвацца.
Парадавала прапанова маральна і матэрыяльна заахвочваць працаўнікоў за здаровы лад жыцця. Асабліва гэта актуальна для моладзі. Замест камп’ютарных гульняў і пасіўнага адпачынку ім лепш заняцца спортам, фізічнай працай — тады і вынік будзе. Бо, як слушна адзначыў Прэзідэнт, здаровая нацыя — аснова квітнеючай дзяржавы.
Не забыўся Аляксандр Рыгоравіч і пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Iм сапраўды неабходна наша дапамога. А тыя, у каго рукі-ногі на месцы, павінны працаваць, а не запісвацца ў дармаеды.
Нізкі паклон ветэранам вайны! Мерам па паляпшэнні якасці іх жыцця — таксама належная ўвага. Памяць аб героях павіна жыць заўсёды і цалкам падтрымліваю тых, хто даглядае месцы пахавання ветэранаў вайны. I хочацца, каб сучаснікі не займаліся фальсіфікацыяй даўніх падзей. Гісторыю трэба ўспрымаць такой, як яна ёсць, а не перайначваць.
З захапленнем назіраю за маладымі сем’ямі, якія нярэдка маюць па трое і больш дзетак. Добра, што дзяржава іх падтрымлівае матэрыяльна, ствараючы ўмовы для льготнага набыцця жылля. Прыемна, што ўзровень нараджальнасці летась быў самым высокім за апошнія 2 дзесяцігоддзі.
Падтрымліваю і курс на амаладжэнне кадраў. I добра, калі выпускнікам навучальных устаноў гарантавана першае рабочае месца, дзе яны змогуць паказаць свае магчымасці і набыць пэўны вопыт.
Лічу, што большасць людзей хоча і можа працаваць. Таму задача дзяржавы, на мой погляд, усіх забяспечыць рабочымі месцамі і даць магчымасць атрымаць зарплату, на якую чалавек можа годна жыць і гадаваць дзяцей. Усё ж астатняе залежыць ужо ад нас саміх.