Задача адна, але шматвектарная: правільна арганізаваць працу

Самыя надзённыя на сёння пытанні для сельскай гаспадаркі — сяўба азімых культур і нарыхтоўка кармоў — абмяркоўваліся ў пятніцу на семінары-нарадзе ў Горках.
Прайшла сустрэча пад кіраўніцтвам старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі з удзелам памочніка Прэзідэнта – інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда Мартынюка, старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Магілёўшчыны. Па вялікім рахунку, абмяркоўвалася аснова харчовай бяспекі, а значыць, бяспекі і стабільнага развіцця рэгіёна зараз і ў наступныя гады.
У сваім выступленні Анатоль Ісачанка закрануў нямала важных пытанняў. І гэта быў не кабінетны аналіз тэмы, а вынік пастаяннай уключанасці ў жыццё раёнаў Прыдняпроўскага краю, уласных назіранняў і высноў за ходам ўсіх асноўных сельскагаспадарчых працэсаў.
“Новыя падыходы ў плане сяўбы азімых сёлета ўжо далі вынік. Зараз трэба будзе падрыхтаваць і засеяць 255 тысяч гектараў пад новы ўраджай. Задача архіскладаная”, — адкрыта заявіў кіраўнік вобласці, адначасова выказваючы спадзяванне і давер, што людзі, якія знаходзяцца ў зале, з пастаўленай задачай справяцца.
І калі з тэхнікай, палівам, насеннем усе адносна гатовыя, то справа за эфектыўнай арганізацыяй працы з захаваннем тэхналогій і тэрмінаў.
Далей быў прадстаўлены дэталёвы аналіз таго, што ўжо зроблена і што яшчэ прадстаіць выканаць. Не абышлося і без абгрунтаванай крытыкі: насенне і пратручвальнікі некаторымі сельгаспрадпрыемствамі не выбраны да канца, тэмпы ўзворвання адстаюць. Невыкананне тэхналогіі сяўбы было ёміста ахарактарызавана кіраўніком вобласці словам “абыякавасць”. “Як зразумець людзей, якія, ведаючы патрабаванні тэхналогіі, робяць усё з дакладнасцю наадварот? Адкуль узяцца ўраджаю, калі тэхналогія не выконваецца?». І тут адказнасць ляжыць на ўсіх: ад спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак да раённых упраўленняў і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
“Я гатовы дапамагаць кожнаму, заступацца за кожнага, хто хоча працаваць, але з тым, хто здзекуецца з тэхналогіі, — размова кароткая», — сказаў Анатоль Ісачанка. Такое ж стаўленне губернатара і да ўсіх адказных за сяўбу азімых: «Наша задача – арганізаваць працу. Спецыфіка Магілёўшчыны такая, што гэта не Гродна, не Брэст і не Мінск, дзе яны ўбралі, спакойна падрыхтавалі тэхніку і далей пайшлі працаваць. У нас гэтага не было і не будзе, нам трэба ісці крыху на апераджэнне». Задача пастаўлена з канкрэтнымі тэрмінамі: 1 кастрычніка сяўба азімых павінна быць завершана. А з тымі, хто не хоча працаваць, — нам не па дарозе.
Наступны блок сустрэчы тычыўся нарыхтоўкі аб’ёмістых травяністых кармоў і ўборкі кукурузы. І тут быў дадзены шэраг каштоўных установак, зыходзячы з умоў надвор’я. «Чаго чакаеце? — пацікавіўся губернатар. — Прыступіце да ўборкі кукурузы ў першую чаргу на корм, каб вы былі забяспечаны на 100%. Стварыце, дзе неабходна, міжгаспадарчыя атрады».
Мяняць мысленне і падыходы ў працы — гэта яшчэ адзін каштоўны наказ прысутным кіраўнікам ад старшыні аблвыканкама, які быў падмацаваны выступленнем старшыні Клічаўскага райвыканкама Віктара Рэбкаўца. Ён падзяліўся выпрацаванай пад раён структурай пасяўных плошчаў і эканамічна выверанымі ідэямі нарыхтоўкі кармоў, эфектыўнасць якіх паўплывала і на павелічэнне вытворчасці, і на якасць малака.
Старшынёй аблвыканкама Анатолем Ісачанкам кіраўнікам раёнаў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў пастаўлены канкрэтныя задачы:
якасная сяўба азімых у тых аб’ёмах і тэрмінах, якія запланаваны; нарыхтоўка аб’ёмістых травяністых кармоў;
строгі кантроль за арганізацыяй працы;
адпрацоўка ў кожным раёне ўласных падыходаў да структуры пасяўных плошчаў.
Старшыня Асіповіцкага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі:
— Згодны з кіраўніком вобласці, што аснова поспеху ў вырошчванні сельскагаспадарчых культур, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца адной з умоў паспяховай работы жывёлагадаўлі — захаванне тэхналогіі. Калі сіласную яму неабходна закласці за некалькі дзён, значыць, так і трэба рабіць для атрымання найлепшага выніку: усё ўжо вывучана, даследавана і праверана на практыцы. А вось свайго роду творчасць і логіку можна прымяніць у складанні агульнай стратэгіі, знаходзячы найлепшы варыянт у размеркаванні пасяўных плошчаў, балансе культур з улікам асаблівасцей раёна і наяўных рэсурсаў.
Ну і, безумоўна, ніхто не адмяняў пры выкананні тэхналагічных працэсаў дысцыпліну, адказнасць і зацікаўленасць у выніках уласнай працы — гэта, згадзіцеся, важныя ўмовы эфектыўнага выканання пастаўленых задач.
Намеснік старшыні ТАА “БНБК-АГРА” па Асіповіцкім раёне Віктар Стурліс:
— Направіць усе сілы на сяўбу азімых і ўборку кукурузы — такі галоўны пасыл, атрыманы на семінары. Зразумела, не забываючы пра якаснае ўзворванне, падрыхтоўку палёў, унясенне ўдабрэнняў і захаванне ўсіх тэхналагічных рэгламентаў. Мала проста своечасова пасеяць, калі не будуць выкананы астатнія ўмовы.
Заданне па азімых культурах для асіповіцкіх гаспадарак, якія нядаўна перайшлі ў давяральнае кіраванне ТАА “БНБК-АГРА”, наступнае: 2000 га павінен заняць азімы ячмень, 4000 — пшаніца, 1500 — трыцікале. Ужо ўсе гаспадаркі прыступілі да сяўбы. Тэхніка ёсць, насення хапае, удабрэнне ў наяўнасці. Так што ў гэтым плане ніякіх праблем узнікнуць не павінна.
Зацікавіла на семінары выступленне калег з суседняга — Клічаўскага — раёнаў. Думаю, на наступны сезон і нам варта падумаць пра такую культуру, як люцэрна. Калі ёсць станоўчы вопыт яе выкарыстання, чаму б яго не пераняць?