Зубрыны “Трохвугольнік” №12

З усёй тэрыторыі Асіповіччыны
мясцовая папуляцыя зуброў аддае перавагу адносна невялікаму ўчастку, які ляжыць
на поўначы раёна паміж вёскамі Жорнаўка-Лочын-Сёмкава Слабада. Асаблівага
сакрэту ў такой прыхільнасці няма: мясцовыя лясы маюць добрую кармавую базу, а
шчыльнасць насельніцтва тут невысокая. Лясныя волаты хоць і не баяцца чалавека,
але ж асаблівай радасці ад суседства з ім не адчуваюць, заўсёды імкнуцца
трымаць бяспечную для сябе дыстанцыю. Праўда, узімку яна часам скарачаецца да
нейкіх соцень метраў: зубрам у лесе цяжка пракарміцца, і яны, збіўшыся ў статкі
па 30-50 галоў, блукаюць па палях. І перыядычна спыняюцца на прывалы ў месцах,
дзе для іх робяцца прыкормачныя пляцоўкі, альбо там, дзе вырошчваліся зубрыныя “далікатэсы”
— цукровыя буракі, кукуруза…

У пэўным сэнсе зубрынае жыццё
ў абраным імі трохвугольніку можна лічыць бестурботным. Аб гэтым найбольш
яскрава сведчыць хуткасць павелічэння пагалоўя жывёлы, чый статак штогод
узрастае ў сярэднім на 10-14% — максімальна магчымы паказчык для буйных
капытных.

Але чым большай становіцца
колькасць незвычайных парнакапытных, тым адчувальней вастрыня праблем, якія
непазбежна ўзнікаюць пры іх вольным утрыманні. Гэтых праблем, па вялікім
рахунку, тры, і з акрэсленага імі нябачнага “трохвугольніка” асіповіцкім зубрам
не збегчы нават пры вялікім жаданні.

Днямі прадстаўнікі
райэкаінспекцыі, лясгаса і “раёнкі” аб’ехалі мясціны зімоўкі зуброў і
абмеркавалі надзённыя пытанні іх суіснавання з чалавекам. Атрымалася ў пэўным
сэнсе падвоенае падарожжа: па незвычайных мясцінах роднага краю і, адначасова,
па лабірынце абмежаванняў, якія рэгламентуюць права зуброў на жыццё.

Генетычная мяжа

…Машына нетаропка
пра-дралася праз ладны кавалак бездарожжа і спынілася на грунтоўцы, што
перасякала невялікі лясок. Адсюль выцягнуты доўгай дугой зубрыны статак быў
відаць як на далоні. Бліжэйшы бык стаяў усяго ў якіх трох дзясятках метраў, але
нават і ён не звяртаў увагі на нечаканых гасцей: інжынера па паляўнічай
гаспадарцы ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” Міхаіла Шкутко, эколагаў Віталя
Нікалайчыка і Мікалая Губашына і аўтара гэтых радкоў. Праўда, паназіраць за
паводзінамі зуброў удалося зусім мала: раптам раздаўся пранізлівы сігнал  пад’язджаючага па дарозе легкавога
аўтамабіля. Ці то вадзіцель спалохаўся сустрэчы з дзікімі істотамі, ці то
проста вырашыў “прыкалоцца”, але зубрыны спакой быў парушаны і ўвесь статак
пабег у бок бялеючага ў далечыні бярэзніка.

На хаду зубры збіліся ў
кампактную групу, у авангардзе якой трымаліся дарослыя, а ззаду, крыху
адстаўшы, — маладняк. У такім парадку і беглі, пакуль не схаваліся ў нябачнай
здалёк лагчыне…

На першы погляд — нічога
незвычайнага, але калі ўдумацца, сэнс убачанага дае шмат інфармацыі для
развагі.

Па стане на пачатак зімы
колькасць гэтай жывёлы ў раёне перавышала 150 галоў, прычым мясцовыя зубры
з’яўляюцца нашчадкамі 15 продкаў, перавезеных сюды ў 1997 годзе. Натуральна,
усе яны — блізкія родзічы, а гэта дрэнна для якасці генафонду папуляцыі.

Праўда, нашы зубры, у
адрозненне ад тых жа белавежскіх, не маюць добра бачных прыкмет выраджэння, і
іх стан здароўя афіцыйна ацэньваецца як “здавальняючы”. Аднак значная колькасць
самак мае “сапсаваны” біялагічны гадзіннік, з-за чаго зубраняты нараджаюцца ў
самы неспрыяльны перыяд — снежні альбо студзені. Мяккай зімой нічога дрэннага
ад такога збою біярытму звычайна не бывае, а вось калі ляжыць тоўсты слой
снегу, а зверху ўтвараецца шарпак, маленькія зубры моцна раняць вострымі
ледзяшамі свае капыты. Ад такіх траўм жывёла слабее, а нярэдка і гіне.

Дык вось, калі зубрыны статак
некуды бяжыць, цяляты павінны трымацца на яго пачатку — далей ад пагрозы, а не
ззаду. Магчыма, тая адстаўшая група маладых жывёл ужо мела пашкоджаныя ногі…

Ахоўваць — і адначасова паляваць?

Зубр — адзіная, бадай, у
нашай краіне жывёла, якая не мае адназначнага заканадаўчага статусу. З аднаго
боку, ён занесены ў Чырвоную кнігу і надзейна ахоўваецца, з другога — на зубра
даўно і ва ўсё ўзрастаючых маштабах вядзецца паляванне. Прычым, здабываюць
зуброў не дзеля банальнага мяса. Яны з’яўляюцца аб’ектам так званага трафейнага
палявання, вынікам якога павінна стаць устаноўленае на пачэснае месца чучала
здабытага звера, альбо насценны медальён — галава жывёлы, замацаваная на
драўлянай пласціне адмысловай формы.

Каб неяк гарманізаваць яўную
юрыдычную супярэчнасць, усё зубрынае пагалоўе дзеліцца на дзве часткі — асноўны
фонд, куды ўваходзяць маладняк, здаровыя дарослыя жывёлы без ухіленняў у
паводзінах, і рэзервавы — асобіны, існаванне якіх для папуляцыі не мае карысці:
старыя самцы-адзіночкі, хворыя, самкі, якія не даюць патомства ўвогуле альбо
прыносяць яго несвоечасова.

Правядзенне ўзгаданага
падзелу жорстка рэгламентуецца тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных
рэсурсаў, аднак, як і кожная “непразрыстая” бюракратычная працэдура, вывад
канкрэтнага зубра ў рэзервовы фонд часам можа стаць нагодай для моцнага
абурэння грамадскасці. Прыклад таму — нядаўняе выстаўленне на аўкцыён ліцэнзіі
на адстрэл элітнага зубра ў Белавежскай пушчы. Стартавая цана лота — 40.000
еўра…

З зубрамі, за якімі наглядае
наш лясгас, падобных рэзанансных гісторый не здаралася. Ды і кошт ліцэнзіі на
здабычу ляснога волата тут адчувальна меншы — “усяго” 6-12 тысяч еўра. Праўда,
каб атрымаць належным чынам аформлены трафей, давядзецца ўкласці яшчэ 2-5 тысяч
долараў…

Натуральна, паляўнічых, якім
цікава аддаць за сваю забаву такую значную суму грошай, няшмат: у Расіі,
напрыклад, сур’ёзных трафейшчыкаў усяго каля 200, і толькі паўсотні з іх
калекцыяніруюць буйную дзічыну. Тым не менш 2-5 ліцэнзій на здабычу асіповіцкіх
зуброў, якія штогод выдаюцца з дазволу райэкалогіі, не прападаюць дарэмна:
немцы, палякі, скандынавы, прыбалты едуць за эксклюзіўнай здабычай ахвотна.

Што ж тычыцца нашых землякоў,
то, бадай, за 10 гадоў правядзення зубрыных “сафары” на Асіповіччыне ніводзін
беларус не адважыўся законна набыць такую дарагую “цацку”. Ды і браканьеры
зуброў мэтанакіравана не чапаюць — надта рызыкоўна. А вось звычайным паляўнічым
наяўнасць у лесе ахоўваемых капытных стварае шмат нязручнасцей. Не раз ужо
бывала, калі пры правядзеннні загонных паляванняў на лінію стралкоў разам з
ласямі ды аленямі выбягалі і зубры. Звычайна ў чалавека хапае часу, каб
правільна ідэнтыфікаваць жывёлу, аднак вядома, што ў 2009 годзе пара зуброў —
самец і самка — усё ж былі памылкова забіты.

Відавочна, чым большым
становіцца зубрыны статак, тым верагодней паўтарэнне падобных — непрыемных для
ўсіх — казусаў. Асабліва калі ўлічыць, што ў многіх маладых паляўнічых ёсць
звычка страляць хутчэй, чым думаць.

Я цябе выратаваў, я цябе і…

Навукоўцы лічаць, што зараз
зубру, як біялагічнаму віду, выміранне не пагражае. У свеце яго сукупны статак
перавышае 3.500 асобін, з якіх прыблізна 786 жыве ў Беларусі. Няцяжка
падлічыць, што на долю нашага раёна прыпадае адпаведна каля 5% сусветнага і 20%
айчыннага пагалоўя. Для Асіповіцкага лясгаса быць лідарам сусветнага
зубраводства ганарова, але ж, адначасова, ад гэтага абавязку прадпрыемства з
радасцю б пазбавілася. Па самай банальнай прычыне: развядзенне зуброў сёння
ўяўляе сабой надта дарагую і незразумелую ў плане перспектыў справу.

Калі ў раён завозіліся гэтыя
жывёлы, біёлагі вызначылі, што найбольшая іх колькасць, якую наша зямля
здольная вытрымліваць без парушэння экалагічнага балансу, інтарэсаў прыроды,
лясной і сельскай гаспадаркі — 50 галоў. Сёння ж іх утрая больш за біялагічную
норму, а праз два гады — пры нязменнай хуткасці размнажэння — “перагрузка”
ўгоддзяў будзе ўжо чатырохкратнай!

Адзіны спосаб, якім можна
зменшыць “зубрыны ціск” — рассяленне лішкаў у іншыя мясціны. Аднак тут ёсць
праблема: прыдатныя для такой “эміграцыі” тэрыторыі ёсць толькі ў…
Чарнобыльскай зоне. Але ж ці можна перасяляць большую частку зубрынага пагалоўя
ў рэгіён, дзе яго чакае непрадказальны ўплыў радыяцыі?

Адказу на гэтае пытанне
пакуль няма, і Нацыянальная Акадэмія навук дазволу на такое перасяленне не дае.
Вось і даводзіцца лясгасу штогод выдаткоўваць на ўтрыманне сваіх зуброў каля
100 мільёнаў рублёў, выплачваць сельгаспрадпрыемствам кампенсацыю за нанесеную
пражэрлівымі траваеднымі шкоду ды… сачыць за дынамікай змянення колькасці
іншых капытных у лясных угоддзях. Зубр для іх з’яўляецца моцным ежавым
канкурэнтам, а кармавая база нашых лясоў хоць і вялікая, але ж не бязмежная…

Дзмітрый САЎРЫЦКІ.

 

Последние новости

Общество

Где в Осиповичском районе можно купаться не нарушая закон?

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Бойцы студотрядов Осиповичского района приступили к работе

7 июня 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

Реалии нацистской оккупационной политики в Беларуси на примере Осиповичского и соседних с ним районов.

7 июня 2025
Читать новость
Здравоохранение

В Осиповичскую центральную районную больницу уже поступило 238 новых компьютеров, приобретенных за счет республиканского бюджета

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Могилевская область — победитель республиканского смотра-конкурса, проводимого в рамках выставки «БЕЛАГРО-2025»

6 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко утвердил новации в контрольной деятельности

6 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем