Нягледзячы на намаганні дзяржавы і грамадства, узаемаадносіны чалавека і прыроды сёння яшчэ нельга назваць гарманічнымі. Прычына — развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, без якіх немагчыма існаванне сучаснага, арыентаванага на рост спажывання рэсурсаў, грамадства, абавязкова аказвае адмоўны ўплыў на паветра, ваду, глебу, раслінны і жывёльны свет. Зразумела, айчынныя эколагі выдатна разумеюць непазбежнасць такога ўплыву і існуючыя абмежаванні пры яго рэгуляванні. Аб тым, якія найбольш значныя пагрозы стварае эканамічная дзейнасць прыродзе раёна, аб магчымых шляхах мінімізацыі яе шкодных наступстваў і існуючых у гэтай справе цяжкасцях — размова з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталем Нікалайчыкам:
— Асіповіччына займае трэцяе месца па ўзроўні развіцця прамысловай вытворчасці ў Магілёўскай вобласці, і прырода раёна сапраўды знаходзіцца пад дастаткова адчувальным антрапагенным ціскам..
Найбольш значны адмоўны ўплыў мясцовая індустрыя аказвае на паветра, прычым, 80% ад агульнай колькасці атмасферных выкідаў утвараецца на 5 прадпрыемствах: СЗАТ “Шклозавод Ялізава”, УКП ЖКГ, Асіповіцкая міні-ЦЭЦ, ААТ “АЗАА”, УМГ ААТ “Белтрансгаз”. Штогод узгаданай “бруднай пяцёркай” утвараецца прыблізна 7.000 тон газападобных адкідаў. Аднак летась з’явіліся пэўныя перспектывы змяншэння гэтага віду адыходаў: упраўленне магістральных газаправодаў увяло ў эксплуатацыю сістэму кагенерацыі, з дапамогай якой можна ўлаўліваць да 1.000 тон выкідаў прыроднага газу.
Нарошчванне магутнасці ААТ “Асіповіцкі малочны камбінат” і, у прыватнасці, мантаж новай лініі па вытворчасці сыроў непазбежна вядзе да павелічэння аб’емаў другаснага прадукту — сыроваткі, які не без падстаў лічыцца небяспечным вадкім адыходам. Выкід нават адносна невялікай колькасці сыроваткі ў каналізацыю можа надоўга вывесці са строю гарадскія ачышчальныя збудаванні. Адзінае выйсце з сітуацыі — будаўніцтва ўстаноўкі па сушцы ўзгаданага “адыходу” малакаперапрацоўкі.
— Ад тэмпаў развіцця прамысловасці ў рэгіёне непасрэдна залежыць узровень жыцця насельніцтва. Але ж пры росце дабрабыту аўтаматычна павялічваецца колькасць цвёрдых бытавых адыходаў. Ці паддаецца кантролю гэтая “ланцуговая смеццевая рэакцыя”?
— Сапраўды, ЦБА сёння ўтвараюцца асіпаўчанамі ў такіх аб’ёмах, што створаны гадоў 10 назад гарадскі палігон ужо практычна запоўнены. Летась быў распрацаваны праект рэканструкцыі галоўнага сметніка раёна, але яго рэалізацыя ідзе не так хутка, як хацелася б. Стрымлівае справу недахоп сродкаў: пашырэнне плошчы палігона па папярэдніх разліках будзе каштаваць 300 млн. руб., а на 2011 год з раённага фонду аховы навакольнага асяроддзя ўдалося выдзеліць толькі палову патрэбнай сумы.
Увогуле ж праблема абарачэння цвёрдых адыходаў з’яўляецца, бадай, найбольш яскравым прыкладам таго, наколькі важна знаходзіць аптымальныя, з пункту гледжання лагістыкі, шляхі аховы навакольнага асяроддзя. У свой час у нашым раёне была створана самая шчыльная на Магілёўшчыне сетка з міні-палігонаў і пляцовак часовага ўтрымання ЦБА. Аднак сістэма эксплуатацыі 123 аб’ектаў захавання цвёрдых бытавых адыходаў аказалася празмерна грувасткай і надта дарагой, таму ў мінулым годзе прый-шлося пачынаць работы па яе аптымізацыі, часткова арганізаваўшы іх збор непасрэдна з сядзіб.
— Чым больш складаныя задачы паўстаюць перад эколагамі, тым патрэбней ім дасканалыя метады маніторынгу. Якія з іх ужо прыняты на ўзбраенне экалагічнай інспекцыяй?
— Самая значная інавацыя апошняга часу — збор інфармацыі, неабходнай для кантролю за станам нетраў з дапамогай абсталявання, размешчанага на касмічным спадарожніку. Праўда, пакуль узгаданая тэхналогія яшчэ далёкая ад дасканаласці, аднак яна ўжо даказала сваю эфектыўнасць у такой складанай справе, як выяўленне несанкцыяніраваных сметнікаў.