Жаночая ўлада Ліпеня 26.02.10, № 15-16
Старажытныя філосафы выдзялялі тры галоўныя
каштоўнасці. Першая — хлеб, які дае моц і здароўе. Другая — мудрасць кніг, якая
забяспечвае сувязь часу і пакаленняў. А трэці цуд — гэта жанчына…
Паспяховая “бізнес-лэдзі”, якая ўпэўнена ўзыходзіць
па кар’ернай лесвіцы. Абаяльная, з першага слова выклікаючая прыхільнасць да
сябе. Цудоўны псіхолаг і таленавіты кіраўнік. І гэта — усё яна, старшыня
Ліпенскага сельвыканкама Надзея Цяхнюк.
Так, пасада кіраўніка сельсавета неспакойная і
клапатлівая: трэба шукаць, прасіць, угаворваць, патрабаваць, выконваць,
узгадняць… Без надзейных памочнікаў і дарадчыкаў тут не абысціся. І ў яе яны
ёсць. У першую чаргу — яе сельсавецкая каманда: сакратар Надзея Цымбарэвіч,
спецыялісты Таццяна Шкурына і Ала Бродская. Вось яна — уся жаночая ўлада
Ліпеня.
Надзея Мікалаеўна цалкам давярае падначаленым, але
стараецца ўсюды пабываць сама і пераканацца, што ўсё робіцца так, як трэба.
У складзе Ліпенскага сельсавета 14 населеных пунктаў,
у якіх налічваецца звыш 1.600 жыхароў, і да кожнага, як кажуць, трэба дайсці.
Тым больш, што 471 чалавек старэй працаздольнага ўзросту, 15 удзельнікаў і
інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 2 — воіны-інтэрнацыяналісты. Ёсць жыхары
блакаднага Ленінграда, сем’і загінуўшых воінаў і партызан, вязні канцлагераў,
адзінокія грамадзяне. Усім ім — асаблівы клопат і ўвага.
За мінулы год сельскім выканаўчым камітэтам
праведзена 18 пасяджэнняў і 7 сесій, на якіх разгледжана болей за сотню
пытанняў. Тут і вынікі работы са зваротамі грамадзян, і роля органаў мясцовага
самакіравання, і пытанні дзейнасці сацыяльнай сферы і грамадскіх фарміраванняў
у рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства, і стан інфармацыйнай работы на
падведамнай тэрыторыі. І шмат іншага, без чаго ў паўсядзённым жыцці вяскоўцаў
не абысціся.
Штоквартальна на пасяджэннях сельвыканкама
разглядаліся вынікі работы прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак,
разме-шчаных на сельсавецкіх землях. Па паўгоддзях за-слухоўваліся справаздачы
дэпутатаў сельскага Савета і выкананне мерапрыемстваў па рэалізацыі крытычных
заўваг і прапаноў. Пад пастаянным кантролем мясцовай улады — установы адукацыі
і культуры, гандлю і аховы здароўя.
У рамках выканання комплексу мер па рэалізацыі Дэкрэта
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне
дзяцей у неблаганадзейных сем’ях” сельвыканкамам вядзецца пастаянная работа па
выяўленні падлеткаў, якія патрапілі ў сацыяльна-небяспечнае становішча. У банку
дадзеных Савета сямёра непаўналетніх хлопчыкаў і дзяўчынак, якім па-трэбна
дадатковая абарона дзяржавы. Пры сельвыканкаме створана і даволі актыўна — пад
кіраўніцтвам дэпутата Віктара Старавойтава — працуе добраахвотная дружына ў
складзе 12 чалавек.
На тэрыторыі Савета дзейнічаюць 7 дамоў сацыяльных
паслуг у аддаленых вёсках.
Добраўпарадкаванне вясковых вуліц — пытанне, якому
таксама надаецца шмат увагі. На 2009 год быў зацверджаны спецыяльны план работ
у дачыненні кожнага населенага пункта “коштам” 85 млн. рублёў. Сродкі цалкам
асвоены. Вясною высаджана 85 дрэў, разбіты клумбы, пасаджаны кветкі.
У год 65-годдзя вызвалення Беларусі асаблівая ўвага
надавалася добраўпарадкаванню тэрыторый мемарыяльных комплексаў і помнікаў
загінуўшым. Быў праведзены капітальны рамонт мемарыяла ў вёсцы Базок,
адрамантаваны помнікі ахвярам фашызму і загінуўшым воінам і партызанам у в.
Ліпень, на брацкай магіле ў в. Брыцалавічы, абнавілі мемарыяльную пліту на
будынку мясцовай школы.
Ліквідавана 47 несанкцыяніраваных сметнікаў,
адрамантвана 550 і ўзведзена 720 метраў агароджы, зроблена 1,8 кіламетра
грунтовых дарог, у вёсках спілавана 79 аварыйных дрэў, даведзены да ладу 22
грамадскія калодзежы, ліквідавана 17 закінутых домаўладанняў. У справе
добраўпарадкавання важную ролю адыгрываюць штогадовыя агляды-конкурсы на лепшы
дом, двор, кветнік. Сярод гаспадароў-пераможцаў — Вікторыя і Міхаіл Шлыкавы,
Іван Коктыш, Клаўдзія Патапейка, Алена Бяседа, Наталля Сіняўская, Іван Нішт,
Галіна Чалава, Валянціна Пракаповіч, Антаніна Умецкая, Ларыса Хомчанка і другія.
За мінулы год у сельвыканкам паступіла 58 пісьмовых і
вусных зваротаў грамадзян. Тычыліся яны самых розных жыццёвых пытанняў, і кожны
быў разгледжаны з прыняццем канкрэтнага рашэння.
І апошняе. Усе арганізацыйныя пытанні жаночая каманда
Ліпенскага сельвыканкама вырашае ў цесным узаемадзеянні з кіраўнікамі
прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак, разме-шчаных на тэрыторыі сельсавета,
а таксама з аддзеламі раённага выканаўчага камітэта.
Тамара ВАЛАДЗЬКО.