Як яно ёсць Ці трэба шукаць чорнага ката ў цёмным пакоі, калі яго там няма? 2.02.10, № 8


Вёска Лука прыцягнула ўвагу многіх з нагоды паказанага нядаўна тэлевізійнага роліка на канале АНТ аб цяжкім жыццёвым становішчы, у якое, па меркаванні аўтараў, патрапіў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Данілавіч Караткевіч. Але ці ўсё ўвайшло ва ўзгаданы сюжэт, які выклікаў рэзананс у грамадскасці, ці не засталіся пэўныя “падводныя камяні” па-за кадрам?

У гэтай вёсцы інвалід Вялікай Айчыннай вайны жыве ўсе свае амаль 88 гадоў. Тут ён з’явіўся на свет, тут прайшлі цяжкія гады маленства і незабыўная маладосць, тут напаткала яго і старасць. Да выхаду на пенсію працаваў у паляводчай брыгадзе калгаса імя Ульянава. Разам з жонкай Ганнай Нікіфараўнай нарадзілі і выгадавалі чацвярых дзяцей — пароўну сыноў і дачок. У сваю чаргу і тыя парадавалі бабулю з дзядулем не адным унукам, ёсць ужо ў Сцяпана Данілавіча і праўнукі. Словам, за пражытыя гады не сорамна, ён цалкам, як кажуць, выканаў свой чалавечы абавязак — і сыноў вырасціў, і даволі тыхтоўную хату пабудаваў, і сад пасадзіў…

З 1995 па 2005 год вясковец быў прапісаны ў сталіцы — у старэйшай дачкі Валянціны. Якраз тады яго зяць атрымаў 3-пакаёвую кватэру, і ў склад сям’і пры выдзяленні жылля быў уключаны і Сцяпан Данілавіч. Вось толькі ці мог падумаць ён у той час, што ў старасці застанецца ў адзіноцтве са сваімі праблемамі-турботамі, што дзеці будуць ПАТРАБАВАЦЬ, каб іх бацьку даглядалі чужыя людзі!

Так, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны — паважаны ветэран, які абаронены дзяржавай і карыстаецца пэўнымі льготамі. Толькі вось не задавальняе падобнае старэйшую дачку са сталіцы, яна патрабуе ад мясцовай улады большага…

Гаворыць спецыяліст па сацрабоце сацыяльнага пункта Цэнтра аграгарадка Каўгары-Дараганава Наталля Жытнік:

— Калі першы раз наведалася да Сцяпана Данілавіча, то высветлілася, што дзядуля пражывае адзін, а дзеці прыязджаюць да яго па выхадных. Пры дапамозе ўпраўлення па працы і сацабароне райвыканкама і мясцовага калгаса ветэрану пераклалі печ, перакрылі дах, замянілі электраправодку, устанавілі пажарны апавяшчальнік. Ад прапанаванага надомнага абслугоўвання ён адмовіўся. Прыязджала да яго штомесяц, асаблівых скаргаў на цяжкасці ў жыцці ніколі не чула, дзеці таксама не турбавалі.

20 снежня 2009 года да мяне звярнулася нявестка Сцяпана Данілавіча з просьбай аб прыняцці свёкра на надомнае абслугоўванне. Сустрэліся, у чарговы раз прапанавала гэта старому чалавеку. Ён пагадзіўся, але паставіў умову: даглядаць яго павінны бясплатна. Задарма, маўляў, павінны забяспечыць яшчэ і палівам…

Некалькі разоў сацыяльныя работнікі і прадстаўнікі сельскага Савета прапаноўвалі ветэрану перабрацца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў вёсцы Краснае ці іншыя інтэрнатныя ўстановы вобласці, але ўсе прапановы былі адхілены. Урэшце даў згоду на месца ў палаце ветэранаў для вайны і працы цэнтральнай райбальніцы. Толькі ўжо літаральна праз дзень старэйшы сын чамусьці забраў адтуль бацьку, завёз старога ў халодную хату і… пакінуў аднаго сам-насам з хваробай і маразамі, якія сёлета “ціснуць” як ніколі. Магчыма, гэтаму факту і ёсць нейкая аб’ектыўная прычына, але вядома яна толькі ім — дарослым дзецям Караткевіча…

На ўзроўні падсвядомасці кожны як можа рыхтуецца да восені жыцця. Адны выхоўваюць у дзецях пачуццё павагі да бацькоў, другія робяць акцэнт на назапашванне матэрыяльных каштоўнасцей. Толькі вось жыццё наша, лёс чалавечы часам без аніякага запыту ўносіць істотныя карэктывы і за нейкую хвіліну руйнуе ўсе планы. Тады мары аб светлай, як залатая восень, старасці становяцца прывіднымі, і на дапамогу пажылым людзям прыходзіць дзяржава, работнікі сацыяльных службаў.

Слова Ніне Лапанік, намесніку начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва:

— У раёне на надомным абслугоўванні знаходзіцца 415 чалавек: 8 — на бясплатнай аснове, 356 — на ўмовах частковай аплаты, 51 — поўнай; інвалідаў Вялікай Айчыннай з іх — 6 чалавек, удзельнікаў вайны — 26, інвалідаў I і II груп — 125, трое — цалкам страціўшыя здольнасць да самаабслугоўвання. Кошт залежыць ад шэрага абставін: прыналежнасці да той ці іншай групы рухомай актыўнасці (здольнасці да самаабслугоўвання), месца жыхарства (горад, вёска), памераў пенсіі, наяўнасці дзяцей і месца іх жыхарства. Выніковыя сумы не такія ўжо і вялікія. Напрыклад, для трэцяй групы рухомай актыўнасці пры 100-працэнтнай аплаце ў вёсцы абслугоўванне сацработнікам — а дапамагаюць пажылым людзям 63 чалавекі — абыходзіцца ў 21.528, горадзе — у 17.208 рублёў. Для інвалідаў вайны ў дадатак прадугледжана 50-працэнтная скідка. Дадам яшчэ, што для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай і адзінокіх людзей пажылога ўзросту ў раёне пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо 10 гадоў працуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання — Дом ветэранаў, дзейнічае бальніца сацыяльнага догляду і г.д.

Як успрынялі той рэпартаж актывісты ветэранскага руху, члены прэзідыума райсавета ветэранаў?

Анатоль Арцёменка: “Адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці раённай ветэранскай арганізацыі — клопат аб людзях. Летась сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама правялі абследаванне сацыяльна-бытавых умоў жыцця інвалідаў, удзельнікаў вайны. Па яго выніках аказана дапамога ў рамонце 5 жылых памяшканняў, у 3 домаўладаннях заменена электраправодка, адрамантаваны 5 печаў. Пастаянна праяўляецца клопат і аб аздараўленні састарэлых — за год 126 нашых падапечных паправілі здароўе ў санаторыях.

Тое, што сталася з Караткевічам, факт, бясспрэчна, выключны. Сцяпан Данілавіч да нас за дапамогай не звяртаўся ніколі. Ён, як і ўсе астатнія члены ветэранскай арганізацыі Дараганаўскага сельсавета, заўсёды ўшаноўваўся з нагоды святочных дат, запрашаўся на ўрачыстасці, якія праводзіліся ў Савеце і г.д. Жыццё наогул кожнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны ў раёне знаходзіцца пад самым пільным кантролем і ўвагай. Пажылых — таксама, стараемся дайсці да кожнага. І калі некаму з іх патрэбна дапамога, то, як кажуць, б’ем ва ўсе званы…”

Яўген Гасціла: “Сцяпана Данілавіча неабходна тэрмінова аформіць у Красненскі Дом ветэранаў бяз усялякай згоды на тое яго родных. Калі яны не жадаюць забіраць бацьку ў свае добраўпарадкаваныя кватэры, а пакідаюць 88-гадовага чалавека аднаго ў такія маразы, як гэтай зімой, і ў такой аддаленай вёсцы, як Лука, — гэта проста амаральна!”

Анатоль Ляўковіч: “Было сорамна бачыць і чуць, што па просьбе дзяцей ветэрана тэлебачанне стварыла скажоны вобраз асіповіцкай службы сацыяльнай аховы. Гэта проста брыдка-брудная пляма, і яна найперш павінна легчы іменна на сумленне яго родных сыноў і дачок!”

Ёсць і калектыўны ліст ад жыхароў Дараганаўскага сельсавета, у ліку падпісаўшых які — інваліды вайны Мікалай Сцяпанавіч Жыльцоў і Міхаіл Сяргеевіч Міхадзюк з Птушыч: “Ролік, паказаны па тэлебачанні, пакрыўдзіў жыхароў нашага Савета: два тыдні ўжо людзі бурна абмяркоўваюць узгаданую перадачу. І літаральна ўсе абураны спажывецкімі адносінамі дзяцей да роднага чалавека. Чаму маўчыць раённая газета? Няўжо мы павінны закрываць вочы на такі агідны факт, які ўзбударажыў насельніцтва не толькі сельсавета, а і рэспублікі?”

Размова на тэму адносін дзяцей удзельнікаў вайны да бацькоўскіх ільгот наспела даўно, толькі ўсё нешта не атрымлівалася. Ды і не хацелася, калі шчыра, напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі трывожыць душы тых людзей, якія не дачакаліся сваіх бацькоў з жудасных шляхоў Айчыннай, тых сірот, чыё дзяцінства забрала вайна, якія выраслі без цёплых бацькоўскіх рук. Яны і сёння не патрабуюць у дзяржавы нічога і моўчкі нясуць непамерны ўласны боль ужо амаль 65 доўгіх гадоў. Вы можаце ім штосьці параіць, неяк суцешыць?

Будзем верыць, што сітуацыя, якая склалася з пажылым і дастойным павагі чалавекам, — выключэнне. Што ні кажыце, але родныя людзі павінны жыць па старых добрых традыцыях, дзеці проста абавязаны даглядаць сваіх састарэлых бацькоў і заўсёды быць удзячны ім ужо толькі за тое, што менавіта яны далі ім жыццё. Зразумела, дзяржава не пакіне ў самоце адзінокага састарэлага чалавека. Аднак, пагадзіцеся, ніякія казённыя зручнасці не змогуць замяніць падтрымку і любоў родных — дзяцей і ўнукаў.

***
…Хата Сцяпана Данілавіча стаіць у самым канцы вуліцы апошняй. Якраз — каля лесу, у акружэнні магутных векавых соснаў ды стромкіх бяроз, у галінах якіх трывожна шуміць марозны вецер.

Што чуе ветэран у гэтым шуме? Водгукі далёкай маладосці? Самотную мелодыю свайго сённяшняга жыцця?..

Хрысціна КЛІМАВА.


Последние новости

Общество

Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі

6 июля 2025
Читать новость
Общество

Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”

5 июля 2025
Читать новость
Общество

Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.

5 июля 2025
Читать новость
Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца

4 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем