6 ліпеня споўніўся роўна год, як Ігар Міхайлавіч ЛогвIн стаў начальнікам Асіповіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сам ён прызнаецца, што гэты перыяд даўся яму досыць цяжка. Звычайна колькасць пажараў і загінуўшых людзей з кожным годам памяншаецца, але сёлета было цалкам наадварот. Толькі за першае паўгоддзе ў раёне адбыліся 42 пажары, тады як летась за такі ж час — 32. І калі на чэрвень 2010 года ў агні ніхто не загінуў, то на чэрвень 2011 года — ажно 9 чалавек.
— Прыкладна раз на 5-6 гадоў магчымы падобны “пажарны” ўсплёск, — тлумачыць ён. — Прычым, зараз ён характэрны для ўсёй вобласці. І Асіповіччына са сваімі лічбамі ўсё-такі знаходзіцца ў канцы спіса “гарачых” рэгіёнаў Ма-гілёўшчыны.
— Хто сёлета гарэў больш: горад ці раён? І па якіх прычынах?
— Большасць пажараў прыпала на раён: з 42 выпадкаў — 31. Прычым гарэлі ў асноўным (40 пажараў) прыватныя аб’екты і жылы сектар. У рэйтынгу прычын лідзіруе неасцярожнае абыходжанне з агнём — 23 выпадкі, затым ідуць праблемы з пячным ацяпленнем — 9, устаноўленыя падпалы і праблемы з электраабсталяваннем — 2, парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прыладаў — 1. Да слова, сёлета з 9 загінуўшых 8 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Цудоўна, канешне, што продаж пладова-ягадных напояў абмежавалі ў часе, але ўсё роўна людзі п’юць багата. Зусім нядаўна па вуліцы Якуба Коласа быў выпадак задымлення. Калі мы патрапілі ў хату, не адразу знайшлі гаспадыню, якая спала, накрыўшыся коўдрай з галавой. Якраз побач з ёю тлела канапа. Прычына пажару — непатушаная цыгарэта. Так людзі “пракурваюць” дамы…
На шчасце, у гэтым годзе не было сітуацый, каб пажар пачынаўся з-за дзіцячых гульняў з запалкамі. Гэта звязана, у тым ліку, і з прыходам новага інспектара групы прапаганды і навучання Уладзіміра Язянкова, які ўзмацніў прафілактычную працу з навучэнцамі і педагогамі ў адукацыйных установах.
— Ці пашырылася прафілактыка ў жылым сектары?
—З гэтага года такой прафілактыкай займаецца ўжо не ўвесь састаў райаддзела, як гэта было раней, а толькі асобы са статусам дзяржаўнага пажарнага наглядчыка — інспектары. Яны ўжо не толькі інфармуюць і папярэджваюць, але могуць і аштрафаваць. З аднаго боку, такое новаўвядзенне — палёгка для пажарных і вадзіцеляў. З другога боку, дадатковая нагрузка на нашых інспектараў. На сённяшні дзень у штаце іх усяго шэсць на чале з начальнікамінспекцыі. Акрамя іх, статус дзяржаўнага пажарнага наглядчыка мае ўвесь афіцэрскі састаў. Параўнайце самі, калі раней 12 тысяч аб’ектаў “абслугоўвалі” 80 чалавек, то зараз усяго 15. Нагрузка проста каласальная!
— Якім абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы можаце пахваліцца? І чаго яшчэ не хапае?
— Пры дапамозе абласнога пажарна-тэхнічнага Цэнтра ўласнымі сіламі зрабілі на адзін з аўтамабіляў надбудову, прасцей кажучы, замянілі кузаў. Укамплектавана вадалазная служба і пазаштатная хімічна-радыяцыйная ахова. У планах — замяніць уязныя вароты і ўсе вокны. Катастрафічна не хапае бензаінструментаў. Напрыклад, гідраўлічныя нажніцы ў нас адны, хаця павінны быць на кожным пажарным аварыйна-выратавальным пасту. Багата аварый здараецца на шашы Мінск-Гомель, таму мы нярэдка выязджаем туды са сваім інструментам. Таксама ёсць недахопы і ў штаце: зараз не хапае двух вадзіцеляў. І, натуральна, інспектараў.
— Напярэдадні Дня пажарнай службы што пажадаеце сваім калегам?
— Здароўя, шчасця і, канешне, мужнасці. Калі мы хворыя і нешчаслівыя, гэта адбіваецца як на сям’і, так і на рабоце. А паколькі час зараз клопатны, а нас у любы момант могуць “выцягнуць” са сваіх спраў па трывозе, трэба не забываць: ўсё, што ні робіцца, усё да лепшага!