У прэс-цэнтры райвыканкама 9.02.10, № 10
Вынікі студзеня сведчаць, што пэўныя зрухі ў рабоце асіповіцкай прамысловасці ў наяўнасці. Але рэзервы дзеля павелічэння аб’ёмаў па-ранейшаму ёсць, і іх усім абавязкова трэба шукаць-выкарыстоўваць. 2010 год — Год якасці, ён завяршае пяцігодку, а таму выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна — гэта закон для кожнага калектыву.
А колькі можна казаць наконт выканання тэрмінаў па вырабу патрэбнай дакументацыі на ўзвядзенне жылля? На год запланавана ўвесці значна больш «квадратаў”, чым летась, дык хіба можа спрыяць такая «аператыўнасць” належнай рабоце будаўнікоў з прыходам цяпла?
Ці ёсць належная сістэма ў ачыстцы вуліц-дарог ад снегу? На адных тэхніку можна ўбачыць амаль штодня, на другіх людзі і цяпер яшчэ з цяжкасцямі пераадольваюць снежныя гурбіны. Кантралююць, каардынуюць падобнае нашы старшыні сельскіх і пасялковых Саветаў?
Як «трэба” эканоміць электраэнергію пераканаліся, калі вывучылі стан спраў у СВК «Калгас «Каўгарскі”. I падобнае назіраецца не ў адным з сельгаспрадпрыемстваў!
Ці ўсё ў парадку ў дзейнасці Лапіцкай бальніцы, шэрагу іншых урачэбных устаноў? Якая эфектыўнасць работы нашага дзённага стацыянара? Райвыканкам робіць усё магчымае, каб у райбальніцы што хутчэй з’явіўся новы корпус. Але гэта — заўтра, сёння ж трэба па максімуму з карысцю скарыстоўваць той патэнцыял мясцовай медыцыны, які маем.
Звароты людзей — тэма асобная, кожны з чыноўнікаў добра ведае, што чалавек на любое пытанне ў вызначаны тэрмін павінен атрымаць канкрэтны адказ. Выкананне пасадавымі асобамі даручэнняў — аналагічна. Але ведаць — адно, выконваць на справе — другое. Не даходзіць да каго па-добраму — ёсць іншыя «выхаваўчыя” метады…
Пытанняў, на якія ў панядзелак на апаратнай нарадзе зрабіў акцэнт старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, было шмат, і далёка не на кожнае з іх узнятыя са справаздачамі адказныя пасадавыя асобы Асіповіччыны далі здавальняючы адказ. Што ж, праз тыдзень размова аб выкананні даручанага будзе мець працяг.
