Па інфармацыі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, за апошнія гады ў Беларусі назіраецца скарачэнне арэалу існавання мядзведжай цыбулі. Нягледзячы на дастаткова працяглы час знаходжання пад аховай — гэты від унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі ў 1981 годзе — яна актыўна нарыхтоўваецца насельніцтвам.
Найбольшы ўрон нанесены папуляцыям, якія знахо-дзяцца ў Брэсцкай і Мінскай абласцях. На Асіповіччыне, дзе ўзгаданая расліна сустракаецца дастаткова часта, скарачэнне колькасці яе асобін пакуль не адчуваецца, аднак паступовы рэгрэс прадукцыйнасці плантацый усё ж існуе: нарыхтоўкі вядуцца вельмі траўматычным спосабам, які яшчэ і пера-шкаджае раслінам размнажацца.
Трэба прызнаць, што існуючая сістэма барацьбы з незаконным зборам мядзведжай цыбулі не можа стрымаць усіх жадаючых зарабіць на гандлі вясеннім далікатэсам. Апошніх не палохае нават перспектыва выплаты штрафу ў памеры да 200 базавых велічынь за збор расліны-чырванакніжніцы і да 10 — за яе продаж. Зменшыць пагрозу знікнення рэдкага віду магла б адмова неабыякавых да стану роднай прыроды землякоў ад набыцця мядзведжай цыбулі ў зборшчыкаў-нелегалаў.
Вясна — перыяд яшчэ адной традыцыйнай “забавы”: выпальвання сухой травы. Усе выдатна разумеюць, што палы наносяць прыродзе вялікія страты, аднак незаконнасць такой “забавы” стрымлівае не ўсіх.
Сёлетняй — вільготнай і працяглай — вясной ад правядзення сельгаспалаў шкоды будзе больш, чым звычайна: чым пазней яны праводзяцца, тым большая колькасць асобін жывёл і маладых раслін будзе знішчана агнём…